РЭ́ЙХСВЕР (Reichswehr ад Reich дзяржава, імперыя + Wehr зброя, абарона),
узброеныя сілы Германіі ў 1919—35. Пасля паражэння Германіі ў 1-ю сусв. вайну 1914—18 Веймарскі нац. сход 6.3.1919 прыняў закон аб стварэнні часовага Р. колькасцю 400 тыс. чал. Аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 і распрацаванага на яго аснове закону ад 23.3.1921 колькасць войск скарачалася да 115 тыс. чал. (100 тыс. у сухап. войсках і 15 тыс. чал. у ВМС), рэзка абмяжоўвалася і ўзбраенне. Рэзервам Р. з’яўляліся часці пагран. аховы (каля 100 тыс. чал.) і паліцэйскія фарміраванні (200 тыс. чал.). Але кіраўніцтва дзяржавы і ўзбр. сіл патаемна вяло падрыхтоўку кадраў для арміі (напр., лётчыкаў рыхтавалі ў грамадз. авіяцыі). Значная колькасць афіцэраў і інш. ваен. спецыялістаў рыхтавалася за мяжой, у т. л. ў СССР. 16.3.1935 Германія ў аднабаковым парадку анулявала ваен. артыкулы Версальскага дагавора і ўвяла ўсеагульную воінскую павіннасць. На базе Р. пачалося фарміраванне вермахта.
т. 13, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)