РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ, радыеэкалогія,
навука, якая даследуе намнажэнне радыеактыўных рэчываў у арганізмах і іх міграцыю ў біясферы, узаемаадносіны радыеактыўнасці навакольнага асяроддзя з раслінамі і жывёламі, іх згуртаваннямі; раздзел радыебіялогіі і экалогіі. Цесна звязана з біялогіяй, медыцынай, гігіенай і інш. навукамі. Вырашае пытанні аб ролі радыеактыўнасці ў эвалюцыі біясферы, практычным пытанні прагназіравання паслядзеяння антрапагеннага радыеактыўнага забруджвання навакольнага асяроддзя ў сувязі з шырокім выкарыстаннем ядз. энергіі.
Як самастойная навука зарадзілася ў канцы 1940-х г. у сувязі з выпрабаваннем ядз. зброі. Гал. ўвага ўдзялялася вывучэнню і міграцыі ў прыродзе цяжкіх радыеактыўных элементаў, найперш урану.
На Беларусі ўзнікла ў 1950—60-я г. з пачаткам даследаванняў па колькасці і размеркаванні радыенуклідаў у глебе, а таксама па вывучэнні міграцыі хім. элементаў у экасістэмах з выкарыстаннем радыеактыўных ізатопаў у якасці меткі. Даследаванні праводзяцца ў адпаведных ін-тах Нац. АН Беларусі, НДІ і праектна-вышукальных станцыях Акадэміі агр. навук Беларусі, БДУ, Міжнар. экалагічным ун-це імя А.Дз.Сахарава, Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, Рэсп. цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу і інш. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) гал. задачы Р.э.: вызначэнне межаў і ўзроўню забруджвання тэрыторый, вывучэнне ізатопнага складу радыеактыўных ападкаў, распрацоўка мерапрыемстваў па бяспечным пражыванні насельніцтва на забруджаных тэрыторыях.
А.У.Чысцік.
т. 13, с. 243
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,
сукупнасць вымярэнняў па вызначэнні доз выпрамянення. Праводзяцца з выкарыстаннем дазіметрычных прылад. Гл. Дазіметрыя.
т. 13, с. 244
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫЯ ДЭФЕ́КТЫ,
дэфекты структуры, якія ўтвараюцца пры апрамяненні цвёрдых цел іанізавальным выпрамяненнем (радыяцыяй). Адрозніваюць абарачальныя Рд. — назіраюцца ў працэсе апрамянення і знікаюць пасля спынення ўздзеяння радыяцыі, і астаткавыя — назапашваюцца ў працэсе апрамянення і захоўваюцца пасля яго. Паводле саставу бываюць уласныя і дамешкавыя (у іх склад уваходзяць атамы легіравальнай дамешкі), паводле памераў — кропкавыя і працяглыя (вобласці назапашвання ўласных і/ці дамешкавых дэфектаў).
Энергія, якая перадаецца пры апрамяненні цвёрдаму целу (мішэні), можа прывесці да разрыву міжатамных сувязей з утварэннем першасных Р.д. — пары міжвузельны атам — вакансія (гл. Вакансія ў фізіцы). Жорсткае эл.-магн. выпрамяненне (ультрафіялетавае выпрамяненне, рэнтгенаўскае выпрамяненне, гама-выпрамяненне) непасрэдна ўзбуджае электронную сістэму цвёрдага цела, а потым уключаюцца механізмы зрушэння атамаў са становішчаў устойлівай раўнавагі. Утварэнне Р.д. пры перадачы энергіі выпрамянення электронам рэчыва мае месца ў асноўным у дыэлектрыках і паўправадніках. Калі энергія зрушанага ў міжвузелле атама мішэні значна перавышае парогавую энергію ўтварэння Р.д., то такі атам можа пры руху ўтвараць пары міжвузельны атам — вакансія. Магчыма таксама ўтварэнне Р.д. у выніку перадачы часткі энергіі ядзерных рэакцый атаму мішэні. Колькасць і структуру Р.д. можна змяніць награваннем мішэні (тэрмічны адпал дэфектаў). Утварэнне Р.д. у спалучэнні з інш. знешнімі ўздзеяннямі (мех. нагрузкі, эл. і магн. палі, асвятленне) дае магчымасць мэтанакіравана мадыфікаваць уласцівасці матэрыялаў.
Літ.:
Гл. пры арт. Радыяцыйная фізіка.
М.А.Паклонскі.
т. 13, с. 244
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ БАЛА́НС атмасферы і падысподняй паверхні,
рознасць прыходу і расходу прамяністай энергіі, якая паглынаецца і выпраменьваецца атмасферай і падысподняй паверхняй; частка цеплавога балансу атмасферы і зямной паверхні. Для атмасферы прыходная частка Р.б. складаецца з паглынутай прамой і рассеянай радыяцыі, паглынутага даўгахвалевага выпрамянення зямной паверхні; расходная частка — уласнае атмасфернае выпрамяненне, накіраванае да зямной паверхні і ў касм. прастору. Для падысподняй паверхні прыходную частку складаюць паглынутая прамая і рассеяная радыяцыя, а таксама паглынутае процівыпрамяненне атмасферы: расходную — страта цяпла падысподняй паверхняй за кошт уласнага цеплавога выпрамянення. Р.б. бывае дадатны (днём, летам) і адмоўны (ноччу, зімой). Пры дадатным балансе падысподняя паверхня атрымлівае цяпло, якое ідзе на награванне глебы і паветра, на выпарэнне, пры адмоўным — аддае, што прыводзіць да радыяцыйнага ахалоджвання глебы і паветра. Р.б. залежыць ад вышыні Сонца, празрыстасці атмасферы, воблачнасці, т-ры і вільготнасці паветра, характару расл. і снегавога покрыва. Характарызуецца імгненнымі значэннямі (кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (МДж/м²). На Беларусі сутачныя сумы Р.б. падысподняй паверхні ад -5 да 20 МДж/м². Пераход сярэдніх сутачных сум Р.б. ад дадатных да адмоўных адбываецца ў ліст., ад адмоўных да дадатных — у лютым. Гадавыя сумы Р.б. зменьваюцца ад 1500 да 1800 МДж/м². Для атмасферы Р.б. амаль заўсёды адмоўны, над тэр. Беларусі ён складае каля -2800 МДж/м² за год, за ліп. і снеж. адпаведна каля -170 МДж/м² і -400 МДж/м².
т. 13, с. 243
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ЗАХО́П,
адна з ядзерных рэакцый, у якой рухомая часціца захопліваецца ядром-мішэнню, а энергія ўзбуджэння ўтворанага састаўнога ядра выпрамяняецца ў выглядзе гама-квантаў (радзей электронаў). Характэрны працэс узаемадзеяння нейтронаў з ядрамі. Вядзе да ўтварэння ядраў з масавым лікам, павялічаным на 1, што выкарыстоўваецца для атрымання радыенуклідаў. Напр., гама-крыніца кобальт-60 атрымліваецца пры апрамяненні нейтронамі прыроднага кобальту-59. Р.з. выкарыстоўваецца таксама для дэтэктыравання нейтронаў.
т. 13, с. 243
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МАНІТО́РЫНГ,
сістэма доўгачасовых пастаянных назіранняў, якая дае інфармацыю аб радыеактыўным забруджванні прыроднага асяроддзя для ацэнкі яго сучаснага стану і прагнозу змен у будучым. Асн. аб’екты Р.м. — атм. паветра, паверхневыя і падземныя воды, глебы (у т. л. с.-г. і лясныя ўгоддзі), лясная расліннасць. На Беларусі Р.м. уваходзіць у Нац. сістэму маніторынгу навакольнага асяроддзя; галаўная арганізацыя па Р.м. — Рэсп. цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя Дзярж. к-та па гідраметэаралогіі (засн. ў 1980). Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) на тэр. краіны ажыццяўляюцца назіранні за магутнасцю экспазіцыйнай дозы (гл. Дозы выпрамянення) гама-выпрамянення ў абл. і раённых цэнтрах (58 пунктаў назіранняў), узроўнем радыеактыўных выпадзенняў (30 пунктаў) і аэразолей у паветры (8 пунктаў). Праводзіцца Р.м. паверхневых вод на рэках Дняпро, Сож, Прыпяць, Іпуць і Беседзь (вызначаецца колькасць цэзію-137, стронцыю-90 і сумарная бэта-актыўнасць) і глебы на рэперных пляцоўках і 18 ландшафтна-геахім. палігонах. Паводле вынікаў назіранняў вызначаецца радыяцыйны стан мясцовасці, верт. і гарыз. міграцыя радыенуклідаў, робіцца доўгатэрміновы прагноз (на 30 і больш гадоў). Гл. таксама Радыяцыйная экалогія.
І.І.Матвеенка.
т. 13, с. 244
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ МУТАГЕНЕ́З,
узнікненне мутацый, якія выклікаюцца іанізавальным выпрамяненнем (ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш.). Мутагенез адбываецца пры парушэнні структуры генаў (разрывы малекулы ДНК, змена нуклеатыднага саставу), храмасом (паяўленне інверсій, дуплікацый, транслакацый), пры разрыве ніткі ахрамацінавага верацяна дзялення (геномныя мутацыі) і інш. Пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ў тканках узнікаюць таксама свабодныя радыкалы, якія пашкоджваюць ДНК, АТФ, ферменты і інш., парушаюць клетачныя структуры, у т. л. генет. апарат клетак, ферментатыўныя рэакцыі, фізіял. працэсы, што прыводзіць да саматычных мутацый. Павышэнне ўзроўню іанізавальнага выпрамянення ў навакольным асяроддзі выклікае пачашчэнне мутацый у раслін, жывёл і чалавека. Р.м. выкарыстоўваецца ў селекцыі мікраарганізмаў і раслін.
Р.Г.Заяц.
т. 13, с. 244
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ПО́ЯС,
вобласць каляземнай (каляпланетнай) прасторы з інтэнсіўнымі патокамі энергічных зараджаных часціц (пратонаў, электронаў, іонаў).
Адкрыты ў 1958—60 пры даследаванні касмічных прамянёў ШСЗ. Зараджаныя часціцы ў Р.п. пад дзеяннем магнітнага поля планеты рухаюцца па складаных траекторыях з Паўн. паўшар’я ў Паўд. і наадварот. У Зямлі адрозніваюць унутраны і знешні Р.п. Унутраны мае макс. шчыльнасць часціц (пераважна пратонаў) над экватарам на вышыні 3—4 тыс. км, знешні электронны Р.п. — на вышыні каля 22 тыс. км. Заўважана сувязь часовых варыяцый інтэнсіўнасці часціц знешняга Р.п. Зямлі з магн. бурамі. Магутныя Р.п. маюць Юпітэр і Сатурн. Вывучэнне Р.п. важнае для ацэнкі ступені небяспекі пры палётах касм. лятальных апаратаў. Гл. таксама Магнітасфера, Сонечны вецер.
І.С.Сацункевіч.
т. 13, с. 244
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ФОН,
сумеснае ўздзеянне прыродных і тэхнагенных радыяцыйных фактараў. Прыродны Р.ф. абумоўлены ў асн. (на 84%) іанізавальнымі выпрамяненнямі прыродных радыенуклідаў (пераважна калію-40 і радыенуклідаў уранавага і торыевага радыеактыўных радоў), якія ёсць у глебе, паветры, вадзе, раслінах, харч. прадуктах, буд. матэрыялах, целе жывёл і чалавека, а таксама касм. выпрамяненнем (гл. Касмічныя прамяні). Тэхнагенны Р.ф. абумоўлены пераважна здабычай і спальваннем каменнага вугалю, нафты, газу і інш. гаручых выкапняў, выкарыстаннем фосфарных угнаенняў, здабычай і перапрацоўкай неуранавых руд, у працэсе якіх адбываецца пераразмеркаванне і канцэнтраванне прыродных радыенуклідаў. На тэхнагенны Р.ф. уплываюць таксама выпрабаванні ядз. зброі, развіццё ядз. энергетыкі і інш.
У розных рэгіёнах Зямлі прыродны Р.ф. значна адрозніваецца. Гадавая эфектыўная эквівалентная доза апрамянення чалавека за кошт прыроднага Р.ф. складае ў сярэднім 2,4 мЗв (гл. Дозы выпрамянення). Гэта доза на 2/3 абумоўлена ўнутр. уздзеяннем газападобных альфа-актыўных прадуктаў распаду радону і тарону (назва радону-220, радыенуклід з перыядам паўраспаду 55,6 с), прычым уклад прадуктаў распаду радону амаль у 5 разоў большы.
т. 13, с. 244
РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ ЦІСК у акустыцы,
тое, што ціск гукавога выпрамянення.
т. 13, с. 244