Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭЙНА́ЛЬ ((Raynal) Гіём Тама Франсуа) (11.4.1713, г. Сен-Жэнье, дэпартамент Аверон, Францыя —6.3.1796),

французскі гісторык і сацыёлаг, прадстаўнік Асветніцтва. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калежы, але ад дзейнасці святара адмовіўся. У 1747 жыў у Парыжы, займаўся літ. працай, супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро. У сваім гал. творы «Філасофская і палітычная гісторыя ўстаноў і гандлю еўрапейцаў у абедзвюх Індыях» (т. 1—6, 1770) востра крытыкаваў феад.-абсалютысцкія парадкі, каталіцкую царкву, каланіялізм. Яго кніга канфіскавана, а Р. зняволены ў турму. У 1781 пакінуў Францыю, знайшоў прытулак пры дварах прус. караля Фрыдрыха II і рас. імператрыцы Кацярыны II. У 1787 вярнуўся на радзіму. У перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99 выступаў супраць паглыблення рэв. барацьбы, асуджаў якабінцаў. Яго ідэі паўплывалі на філасофію Сен-Сімона, на канцэпцыю франц. гісторыкаў эпохі Рэстаўрацыі, на погляды А.М.Радзішчава. Аўтар «Гісторыі англійскага парламента» (1748).

т. 13, с. 564

РЭ́ЙНАЛЬДС, Рэйналдс (Reynolds) Джошуа (16.7.1723, г. Плімптан, Вялікабрытанія — 23.2.1792), англійскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. У 1740—43 вучыўся ў Лондане ў Т.​Хадсана. Вывучаў творы Рэмбранта, П.​П.​Рубенса, венецыянскі жывапіс 16 ст. Працаваў у Дэваншыры і Лондане, у 1749—52 вандраваў па Еўропе. Арганізатар і 1-ы прэзідэнт (1768—90) лонданскай АМ. З 1748 гал. мастак караля. Пераасэнсоўваў традыцыі параднага партрэта барока, спалучаў велічнасць агульнай задумы з нязмушанасцю трактоўкі характараў, імкнуўся звязаць уяўленні пра ідэальную асобу з сац.-гіст. характарыстыкамі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, свабодай мазка, цёплым сакавітым каларытам, псіхал. выразнасцю. Партрэты: аўтапартрэт (1753—54), «Д.​Гарык паміж музамі трагедыі і камедыі» (каля 1760—61), пісьменнікаў Л.​Стэрна (1760) і С.​Джонсана (1772), Джэн, графіні Харынгтан (1777—79), актрысы С.​Сіданс (1783—84), адмірала Дж.​О.​Хітфілда (1787—88). генерала Банастра Тарлтана; карціны «Немаўля Геракл душыць змей» (1786—88), «Нявінны ўзрост» (1788), «Устрыманасць Сцыпіёна» (1788—89) і інш. У тэарэт. работах выказваў нарматыўна-класіцыстычныя погляды на прыроду мастацтва.

Я.​Ф.​Шунейка.

Дж.Рэйнальдс. Партрэт генерала Банастра Тарлтана.

т. 13, с. 564

РЭ́ЙНАЛЬДС, Рэйналдс (Reynolds) Осбарн (23.8.1842, г. Белфаст, Вялікабрытанія —21.2.1912), англійскі фізік і інжынер. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1877). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1867). У 1868—1905 праф. Манчэстэрскага ун-та. Навук. працы па тэорыі дынамічнай падобнасці патокаў вязкіх вадкасцей, тэорыі турбулентнасці і тэорыі змазкі. Эксперыментальна ўстанавіў (1876—83) крытэрый пераходу ламінарнага руху вадкасці ў цыліндрычных трубах у турбулентны рух (гл. Рэйнальдса лік). Прапанаваў дыферэнцыяльныя ўраўн. для асярэдненага руху вадкасці, якія ўлічваюць дадатковыя (турбулентныя) напружанні. Развіў гідрадынамічную тэорыю змазкі (1886). Сканструяваў шэраг турбін і цэнтрабежных помпаў. Каралеўскі медаль (1884).

т. 13, с. 565

РЭ́ЙНАЛЬДСА ЛІК, Рэйнальдса крытэрый,

безразмерная фіз. велічыня, якая характарызуе цячэнне вязкай вадкасці і роўная адносінам сіл інерцыі да сіл вязкасці. Вызначаецца формулай Re = ρνl/μ, дзе ρ — шчыльнасць вадкасці, ν — характэрная скорасць (напр., скорасць патоку вадкасці), 1 — характэрны памер (напр., дыяметр трубы), μ — каэф. вязкасці вадкасці. Названы імем О.​Рэйнальдса. Гл. таксама Падобнасці тэорыя.

т. 13, с. 565

РЭ́ЙНАЛЬДСА ЛІК МАГНІ́ТНЫ,

безразмерны параметр у магнітнай гідрадынаміцы, які вызначае характар узаемадзеяння праводных вадкасцей (вадкіх металаў, электралітаў) і газаў (плазмы) з магн. полем. Вызначаецца формулай Rem = 4 πσlν/с2, дзе l — характэрны памер, ν — скорасць цячэння, σ — электраправоднасць, c — скорасць святла ў вакууме. Названы імем О.​Рэйнальдса.

т. 13, с. 565

РЭ́ЙНДЖЭР (Ranger),

уранавае радовішча на Пн Аўстраліі ў бас. р. Іст — Алігейтар (Паўн. тэрыторыя). Адкрыта ў 1969—70. Распрацоўваецца з 1981. Запасы 90 тыс. т аксіду урану (U3O8) пры 0,32% аксіду урану ў рудзе. Гідратэрмальнае. Выяўлена 5 рудных цел у ніжнепратэразойскім складкавым фундаменце. Здабыча адкрытым спосабам.

т. 13, с. 565

«РЭ́ЙНДЖЭР»

(Ranger),

серыя амер. аўтам. касм. апаратаў для даследавання Месяца; праграма іх распрацоўкі і запускаў. Мяккая пасадка на Месяц не прадугледжвалася. Макс. маса 367 кг. Некаторыя «Р.» выводзіліся на каляземныя арбіты. У 1961—65 запушчана 9 «Р.» «Р.-7» упершыню правёў здымкі Месяца з блізкай адлегласці. «Р.-7», «Р.-8», «Р.-9» перадалі на Зямлю больш за 17 тыс. здымкаў паверхні Месяца.

У.​С.​Ларыёнаў.

Касмічны апарат «Рэйнджэр».

т. 13, с. 565

РЭ́ЙНДЖЭРЫ, рэйнджэрс (ад англ. rangers асобы, якія рабілі вялікія пешыя пераходы, — егеры, леснікі і інш.),

асобая катэгорыя ваеннаслужачых армій ЗША і некат. інш. дзяржаў, падрыхтаваныя для дыверсійна-развед. дзейнасці на тэр. праціўніка. Як спец. фарміраванні склаліся ў перыяд каланізацыі еўрапейцамі Паўн. Амерыкі (першыя падраздзяленні створаны ў брыт. каланіяльнай арміі ў 2-й пал. 1750-х г. для дзеянняў супраць індзейскіх плямён). У арміі ЗША падраздзяленні Р. сфарміраваны ў чэрв. 1942. Аналагічныя часці і падраздзяленні меліся ў інш. краінах, войскі якіх у час 2-й сусв. вайны вялі баявыя дзеянні ў складзе англа-амер. кааліцыйных сіл супраць Германіі, Італіі і Японіі. У пасляваен. час Р. некат. краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.), якія уваходзяць у склад войск спец. прызначэння, удзельнічалі ў шэрагу лакальных войнаў і ваен. канфліктаў. Р. таксама называюць членаў паліцэйскіх фарміраванняў у ЗША (штат Тэхас), створаных для падтрымання законнасці і правапарадку на рэдканаселеных тэрыторыях на мяжы з Мексікай.

т. 13, с. 565

РЭ́ЙНДЗІР-ЛЕЙК,

другая назва Аленевага возера ў Канадзе.

т. 13, с. 565

РЭ́ЙНДОРФ ((Reindorff) Гюнтэр-Фрыдрых) (26.1.1889, С.-Пецярбург — 14.3.1974),

расійскі і эстонскі графік. Нар. маст. СССР (1969). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Вучыўся ў Пецярбургу ў вучылішчы Штыгліца (1905—13). З 1915 працаваў у Маскве і Петраградзе. З 1920 у Эстоніі, выкладаў у Талінскім маст.-прамысл. вучылішчы (1920—41) і Маст. ін-це Эстоніі (1950—58, з 1951 праф). У панарамных творах, для якіх характэрна каліграфічна-дасканалая прарысоўка дэталей, імкнуўся стварыць абагульнены вобраз эст. прыроды: «Будоўля судна на востраве Цютарсаар» (1926), «Яловы пень» (1938), «Вечар на востраве Вормсі» (1943), «Даліна ракі Сан» (1946), «Вечар над возерам» (1955—56), «Набліжаецца навальніца» (1959), «Фінляндыя Сібеліуса» (1962). Аўтар ілюстрацый да кніг І.​Семпера, А.​Пушкіна. Дзярж. прэмія Эстоніі 1949.

Літ.:

Бернштейн Б. Г.​Рейндорф: Графика: Альбом. М., 1981.

т. 13, с. 565