РЭ́ЙНДЖЭРЫ, рэйнджэрс (ад англ. rangers асобы, якія рабілі вялікія пешыя пераходы, — егеры, леснікі і інш.),
асобая катэгорыя ваеннаслужачых армій ЗША і некат. інш. дзяржаў, падрыхтаваныя для дыверсійна-развед. дзейнасці на тэр. праціўніка. Як спец. фарміраванні склаліся ў перыяд каланізацыі еўрапейцамі Паўн. Амерыкі (першыя падраздзяленні створаны ў брыт. каланіяльнай арміі ў 2-й пал. 1750-х г. для дзеянняў супраць індзейскіх плямён). У арміі ЗША падраздзяленні Р. сфарміраваны ў чэрв. 1942. Аналагічныя часці і падраздзяленні меліся ў інш. краінах, войскі якіх у час 2-й сусв. вайны вялі баявыя дзеянні ў складзе англа-амер. кааліцыйных сіл супраць Германіі, Італіі і Японіі. У пасляваен. час Р. некат. краін (ЗША, Вялікабрытаніі і інш.), якія уваходзяць у склад войск спец. прызначэння, удзельнічалі ў шэрагу лакальных войнаў і ваен. канфліктаў. Р. таксама называюць членаў паліцэйскіх фарміраванняў у ЗША (штат Тэхас), створаных для падтрымання законнасці і правапарадку на рэдканаселеных тэрыторыях на мяжы з Мексікай.
т. 13, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)