Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РАДЗІГЕ́РАВА,

вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 35 км на У ад г. Лунінец, 272 км ад Брэста, 12 км ад чыг. ст. Сінкевічы. 666 ж., 225 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Вёска названа ў гонар д-ра с.-г. навук У.Р.Рыдзігера, які ў 1907—15 жыў і працаваў там.

т. 13, с. 218

РАДЗІЕ́ЎСКІ (Аляксей Іванавіч) (13.8.1911, г. Умань Чаркаскай вобл., Украіна — 30.8.1979),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген. арміі (1972), Герой Сав. Саюза (1978). Канд. ваен. н. (1947), праф. (1961). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1938) і Генштаба (1941). У Вял. Айч. вайну на Зах., Паўд.-Зах., 2-м Укр. і 1-м Бел. франтах. 2-я танк. армія на чале з Р. удзельнічала ў вызваленні Украіны, контрнаступленні войск Зах. фронту, у Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944, Вісла-Одэрскай і Берлінскай аперацыях. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі, выкладчык Ваен. акадэміі імя Фрунзе. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1958—62.

т. 13, с. 219

РАДЗІЕ́ЎСКІ (Міхаіл Васілевіч) (н. 25.6.1936, в. Гербелевічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1990), праф. (2000). Скончыў Львоўскі політэхн. ін-т (1957). З 1981 у Н.-д. эканам. ін-це Мін-ва эканомікі Рэспублікі Беларусь. З 1995 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па планаванні і бізнес-планаванні на прадпрыемствах, аператыўным кіраванні вытв-сцю, развіцці маркетынгу і інавацыйных тэхналогій і вывядзенні з крызіснага стану бел. прадпрыемстваў.

Тв.:

Планирование на промышленном предприятии в условиях АСУ. Мн., 1974;

Организация ритмичной работы промышленных Предприятий. Мн., 1979;

Оперативное управление промышленным производством. Мн., 1985;

Развитие арендного подряда на машиностроительных предприятиях. Мн., 1990 (разам з С.​М.​Танковіч);

Бизнес-план: Техникоэкон. планирование и обоснование финансовой стратегии предприятия: Методика и практич. рек. Мн., 2000.

т. 13, с. 219

РАДЗІ́ЛЬНЫ ДОМ,

комплексная лячэбна-прафілактычная ўстанова для аказання мед. дапамогі цяжарным жанчынам, парадзіхам, нованароджаным, гінекалагічным хворым. Бывае агульнага і спецыялізаванага (паводле віду паталогіі — сардэчна-сасудзістых, эндакрынных захворваннях, невыношванні цяжарнасці і інш.) тыпаў. Аказвае дапамогу паводле тэр. прынцыпу (першая і неадкладная мед. дапамога незалежна ад месца жыхарства). Мае стацыянар (аддзяленні: родавае, пасляродавае, паталогіі цяжарных, абсервацыі, гінекалогіі, нованароджаных) і жаночую кансультацыю (амбулаторная лячэбна-прафілакт. дапамога цяжарным жанчынам і гінекалагічным хворым).

У.​І.​Дуда.

т. 13, с. 219

РАДЗІ́М,

легендарны родапачынальнік радзімічаў. Паводле летапісных паданняў, былі на «ляхах» два браты — Радзім і Вятка, якія прыйшлі са сваімі родамі і аселі: першы на Сажы, другі на Ацэ, ад іх і пайшлі радзімічы і вяцічы. На думку некат. даследчыкаў, слова «Р.» — скарочаная форма ад уласнага імя Радзімір, або Радзімер. Даследчык А.​І.​Папоў лічыў, што назва «радзімічы» належала першапачаткова дынастычнаму роду, а потым пашырылася на племянныя групы і землі, якія яны займалі.

т. 13, с. 219

РАДЗІМІ́НСКІЯ,

шляхецкі род у ВКЛ, гл. Францкевічы-Радзімінскія.

т. 13, с. 219

РАДЗІ́МІЧЫ,

усходнеславянская этнічная супольнасць. Жылі ў міжрэччы Дняпра і Дзясны, па цячэнні Сажа і яго прытоках. Паводле летапісу, назва паходзіць ад імя Радзім. Папярэднікамі Р. у Пасожжы былі носьбіты калочынскай культуры. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, рамёствамі, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам, прадзеннем і ткацтвам. Пахавальны абрад: трупаспаленне (8—10 ст.) і трупапалажэнне на гарызонце, у падкурганнай яме (з канца 10 да пач. 12 ст.). Сярод пахавальнага інвентару шмат упрыгожанняў, прадметаў побыту, радзей сустракаюцца прылады працы. Характэрныя племянныя адзнакі Р. — бронзавыя або сярэбраныя скроневыя кольцы (7-прамянёвыя і 7-лапчастыя), біэліпсоідныя, язычковыя, пятлістыя, гронкавыя падвескі, пласціністыя грыўні. У пахаваннях знойдзены манеты (дырхемы, срэбранікі, брактэаты), якія выкарыстоўваліся як падвескі ў маністах. У канцы 1-га тыс. Р. знаходзіліся на ступені фарміравання класавых адносін, узначальваліся князямі і старэйшынамі. У 885 кіеўскі кн. Алег вызваліў Р. ад залежнасці хазараў і абклаў іх сваёй данінай. У 907 у складзе яго войска Р. ўдзельнічалі ў паходзе на Візантыю. У пач. 970-х г. выйшлі з-пад улады кіеўскіх князёў, у 984 былі разбіты на р. Пяшчань (ці каля Слаўгарада ці каля Гомеля) ваяводам кн. Уладзіміра Святаславіча Воўчым Хвастом і іх землі замацаваліся ў складзе Кіеўскай Русі. З 11 ст. тэр. Р. у Чарнігаўскім княстве, з пач. 12 — яе паўн. частка пад уладай Смаленска. Да 12 ст. адносяцца пісьмовыя звесткі пра гарады на зямлі Р. — Крэчуг (1136, сучасны Крычаў), Прапошаск ці Прупой (1136; цяпер Слаўгарад), Гомій (1142, Гомель), Рагачоў (1142), Чычэрск (1159, Чачэрск). Апошняе ўпамінанне Р. у летапісе пад 1169. Найб. даследаваныя археал. помнікі — курганныя могільнікі Абідавічы, Ветачка, Вішанька, Гадзілавічы, Каласы, Мадора, Нісімкавічы, Ходасавічы, Шапчыцы, Юдзічы, Эсьмоны і інш.

Літ.:

Соловьева Г.Ф. Славянские союзы племен по археологическим материалам VIII—XIV вв. н.э. (вятичи, радимичи. северяне) // Сов. археология. 1956. № 25.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 13, с. 219

РАДЗІ́МЦАЎ (Аляксандр Ільіч) (8.3.1905, в. Шарлык Арэнбургскай вобл., Расія — 13.4.1977),

савецкі военачальнік. Ген.-палкоўнік (1961). Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1945). Скончыў Ваен. школу ВЦВК (1932), Ваенную акадэмію імя М.​В.​Фрунзе (1939), Вышэйшыя акад. курсы пры Акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1927. У 1936—37 удзельнік нац.-вызв. вайны ісп. народа 1936—39. З мая 1939 пам. камандзіра дывізіі, удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у вер. 1939. У Вял. Айч. вайну камандаваў брыгадай, дывізіяй, якая вызначылася ў Сталінградскай бітве 1942—43, з мая 1943 камандзір гвардз. корпуса. Ваяваў на Паўд.Зах., Данскім, Сталінградскім, Сцяпным, Варонежскім, 2-м і 1-м Украінскіх франтах. Пасля вайны камандаваў армейскімі злучэннямі, працаваў на розных адказных пасадах у Сав. Арміі.

Тв.:

На последнем рубеже: Зап.командира дивизии. Волгоград, 1964;

Гвардейцы стояли насмерть. 2 изд. М., 1973;

Под небом Испании. 2 изд. М., 1974.

А.І.Радзімцаў.

т. 13, с. 220

РАДЗІ́МЫ ЗНАК, невус, радзімка,

загана развіцця скуры; утварэнне, у састаў якога ўваходзяць невусныя клеткі, што ўтрымліваюць меланіны. Размешчаны часцей на скуры, таксама на слізістых абалонках, кан’юнктыве і ў сасудзістай сятчатцы вока. Зрэдку ў вобласці Р.з. назіраецца рост валасоў. Пры траўмах можа перарадзіцца ў меланому, пры гэтым павялічваецца, ушчыльняецца, мяняе колер.

т. 13, с. 220

РА́ДЗІН (сапр. Казанкоў) Мікалай Марыусавіч

(15.12.1872, С.-Пецярбург — 24.8.1935),

рускі акцёр. Засл. арт. Рэспублікі (1925). Унук М.І.Петыпа. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900). На сцэне з 1902. З 1903 акцёр Т-ра Корша ў Маскве, з 1908 працаваў у Адэсе, Кіеве, з 1914 у Маскоўскім драм. т-ры Сухадольскіх, з 1918 у т-ры б. Корша. З 1932 у Малым т-ры. Мастацтва П. вызначалася тонкім гумарам, жывасцю камед. дыялогу, пластычнай выразнасцю жэста; Дон Жуан («Дон Жуан» Мальера), лорд Горынг («Ідэальны муж» О.​Уайльда), Хігінс («Пігмаліён» Б.​Шоу), Дульчын («Апошняя ахвяра» А.​Астроўскага), Сірано («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Растана), Захар Бардзін («Ворагі» М.​Горкага) і інш. З 1915 здымаўся ў кіно.

Літ.:

Н.​М.​Радин. М., 1966.

т. 13, с. 220