Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРЫХО́ДСКІЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ, парафіяльныя вучылішчы,

ніжэйшыя пачатковыя навуч. ўстановы ў межах царк. правасл. прыходаў або каталіцкіх парафій. На Беларусі сталі вынікам развіцця школ граматы пры манастырах (гл. Манастырскія школы) і кляштарах. Да 1770-х г. большасць школ на Беларусі адносілася да П.в., акрамя калегіумаў. Адукацыйная камісія ўпершыню ўвяла афіц. падзел паміж рознымі тыпамі навуч. устаноў, што існавалі ў Рэчы Паспалітай. У адпаведнасці са статутамі 1774 і 1783 планавалася адкрываць П.в. на сродкі царквы і прыватныя ахвяраванні. Настаўнікаў для П.в. рыхтавала асобная пед. семінарыя, адкрытая ў Вільні ў 1775. Аднак недахоп сродкаў прыводзіў да скарачэння колькасці П.в. (у 1777 іх было 330, 1781—276, 1782—251). Паводле статутаў 1803 і 1804 у Віленскай навучальнай акрузе П.в. лічыліся ніжэйшай ступенню сістэмы адукацыі, куды прымалі дзяцей усіх саслоўяў. Паводле статута 1807 П.в. падзяляліся на 2-класныя гарадскія і 1-класныя вясковыя. Агульная колькасць П.в. у Віленскай навуч. акрузе была ў 1804—245, 1807—298, 1811—395, 1813—211, 1819—326, 1827—265. Школьны статут 1828 абвясціў П.в. школамі для «самых нізкіх станаў», выпускнікам якіх было забаронена паступаць у павятовыя вучылішчы і гімназіі. Колькасць прадметаў абмяжоўвалася катэхізісам, чытаннем, пісьмом, лічэннем, царк. спевамі. З 1864 П.в., адкрытыя царквой, пераўтвораны ў царкоўнапрыходскія школы. З астатніх П.в. захаваліся толькі тыя, што падпарадкоўваліся Мін-ву нар. асветы. У канцы 19 — пач. 20 ст. засталося 11 двухкласных (4 гады навучання) і каля 60 аднакласных (2 гады навучання) П.в. Пасля 1917 П.в. скасаваны ў выніку рэарганізацыі сістэмы адукацыі.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968.

А.​Ф.​Самусік.

т. 13, с. 85

ПРЫХО́ЖЫ (Анатоль Аляксеевіч) (н. 15.1.1953, Мінск),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1999). Чл. Нью-Йоркскай АН (1997). Скончыў БПІ (1975). З 1977 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі. З 1999 у БПА (заг. кафедры). Навук. працы па стварэнні новых тыпаў алгарытмаў аптымізацыі лічбавых сістэм у частковай логіцы. Распрацаваў праграмныя сродкі высокаўзроўневага сінтэзу вылічальных сістэм, мадэлі сеткавых асінхронных паралельных алгарытмаў і метады іх сінтэзу з рознай ступенню распаралеленасці.

Тв.:

Транслятор логических знаний и задач // Автоматика и вычислительная техника. 1988. № 3;

Методы преобразования логических алгоритмов в САПР СБИС // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 1992. № 2.

т. 13, с. 86

ПРЫХО́ЦЬКА (Антаніна Фёдараўна) (26.4.1906, г. Пяцігорск, Расія — 29.9.1995),

украінскі фізік; заснавальнік укр. навук. школы фізікаў. Акад. АН Украіны (1964). Засл. дз. нав. Украіны (1966), Герой Сац. Працы (1976). Скончыла Ленінградскі політэхн. ін-т (1930). З 1930 у АН Украіны: у Фізіка-тэхн. ін-це (г. Харкаў), з 1941 у Ін-це фіз. хіміі, з 1944 у Ін-це фізікі (у 1965—70 дырэктар). Навук. працы па нізкатэмпературнай спектраскапіі цвёрдага цела, оптыцы малекулярных крышталёў. Устанавіла асн. заканамернасці паглынання і выпрамянення святла арган. крышталямі, выканала першыя нізкатэмпературныя вымярэнні нармальнай і анамальнай дысперсіі святла ў іх. Эксперыментальна выявіла і даследавала эксітоны ў малекулярных крышталях. Ленінская прэмія 1966. Дзярж. прэмія Украіны 1977.

А.​І.​Болсун.

т. 13, с. 86

ПРЫЦІ́РКА ў машынабудаванні,

аперацыя мех. апрацоўкі з мэтай падгонкі дэталей, якія працуюць у пары (напр., клапан — сядло клапана). Зводзіцца да шматразовых перамяшчэнняў інструмента (прыціра) і дэталі (дэталей) з абразіўным матэрыялам. Выпраўляе форму дэталі ў межах допуску, памяншае шурпатасць паверхні і паляпшае іх эксплуатацыйныя якасці.

т. 13, с. 86

ПРЫЦЭ́Л,

прылада і прыстасаванне для наводкі зброі ў цэль. Выкарыстоўваюцца таксама для назірання за полем бою і выбару цэлі. Бываюць: артыл. (мінамётныя, зенітныя), авіяц., стралковыя, танк., ракетных комплексаў (прыцэльныя сістэмы) і інш.; мех., оптыка-электронныя (аптычныя, інфрачырвоныя, лазерныя, тэлевізійныя), радыёлакацыйныя; аўтам., паўаўтам. і неаўтаматычныя.

Артыл. П. (мех. і аптычныя) забяспечваюць прыцэльванне гарматы ў гарыз. і верт. плоскасцях непасрэдным візіраваннем па цэлі, па мясц. аб’екце ці адлікам ад гарызонту гарматы; авіяц. П. — прыцэльванне пры бомба- і тарпедакіданні, выкарыстанне стралкова-гарматнай і ракетнай зброі па наземных, марскіх і паветраных цэлях; танкавыя (П.-дальнамеры, перыскапічныя і тэлескапічныя аптычныя П., вылічальныя прыстасаванні) — устанаўліваюць вугал прыцэльвання і робяць наводку танк. гарматы; прыцэльныя сістэмы ракетных комплексаў забяспечваюць прасторавую арыентацыю корпуса ракеты або вымяральных элементаў сістэмы кіравання перад пускам. Начныя (інфрачырвоныя) П. выкарыстоўваюцца для стральбы ноччу са стралк. зброі, процітанк. і танк. гармат; бываюць тэлескапічнай ці перыскапічнай канструкцыі; актыўныя (са спец. крыніцамі інфрачырвонага выпрамянення) і пасіўныя (успрымаюць інфрачырвонае выпрамяненне цэляў). Разнавіднасць актыўных начных П. — лазерныя П. (выкарыстоўваецца інфрачырвонае выпрамяненне лазера). Радыёлакацыйныя П. маюць візірнае прыстасаванне на базе радыёлакацыйнай станцыі; выкарыстоўваюцца ў любое надвор’е і любы час сутак (самалётныя ўваходзяць у прыцэльна-навігацыйную сістэму самалёта).

Прыцэлы: а — механічны кулямётны (1 — прыцэльная планка, 2 — хамуцік, 3 — цэлік); б — аптычны панарамны (1 — кольца з дакладнай шкалой вугламера, 2 — корпус адбівальнай прызмы і панарамы, 3 — шкала вугламера); в — аўтаматычны зенітнай пушкі (1 і 6 — каліматары, 2 — лічыльна-рашальная частка, 3 — механізм уводу вуглоў пікіравання цэлі, 4 — курсавая галоўка, 5 — механізм уводу скорасці цэлі і далёкасці да яе).

т. 13, с. 86

ПРЫЦЯГНЕ́ННЕ,

гравітацыя, універсальнае ўзаемадзеянне паміж любымі відамі матэрыяльных аб’ектаў, абумоўленае іх масамі і ўсімі відамі энергіі, што існуюць у фіз. сістэме; імкнецца зменшыць адлегласць паміж целамі. Найб. слабае з вядомых тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў (гл.Гравітацыйнае ўзаемадзеянне), але з прычыны неабмежаванага радыуса дзеяння адыгрывае асн. ролю ў макраскапічных маштабах: вызначае сілу цяжару (вагу цела), паскарэнне свабоднага падзення, рух і будову нябесных цел, структуру і эвалюцыю зорак, галактык і ўсяго Сусвету.

П. ажыццяўляецца пры дапамозе гравітацыйнага поля, якое аднолькава дзейнічае на розныя целы незалежна ад іх масы, хім. саставу і інш. Асн. характарыстыка матэрыяльнага аб’екта як крыніцы П. — яго гравітацыйная маса. Для слабых гравітацыйных палёў і нерэлятывісцкіх скарасцей руху цел выконваецца сусветнага прыцягнення закон. Класічная тэорыя П. дае магчымасць тлумачыць многія з’явы на Зямлі і ў космасе. рашаць важныя прыкладныя задачы. Аднак яна не тлумачыць прыроду П. і рух перыгелія планеты Меркурый, не ўзгадняецца са спец. адноснасці тэорыяй і непрыдатная ў выпадку моцных палёў П. і руху часціц у гэтых палях са скарасцямі, блізкімі да скорасці святла. Рэлятывісцкае абагульненне ньютанавай тэорыі П. — агульная тэорыя адноснасці створана А.Эйнштэйнам (1915—16). Агульнарэлятывісцкія ўраўненні поля П. (ураўненні Эйнштэйна) звязваюць геам. характарыстыкі прасторы-часу з фіз. характарыстыкамі гравітуючай матэрыі. Паводле эйнштэйнаўскай тэорыі П. гравітацыя ёсць праяўленне скрыўлення прасторы-часу (адхіленне яе геаметрыі ад эўклідавай), якое выклікаецца масай рэчыва і ўсімі ’відамі энергіі, што існуюць у гравітуючай сістэме. Таму П. залежыць не толькі ад размяшчэння цел у прасторы, але і ад характару іх руху, размеркавання ціску і нацяжэнняў у гэтых целах, наяўнасці эл.-магн. і інш. фіз. палёў. З агульнай тэорыі адноснасці вынікае, што рухомая (напр., вярчальная) матэрыяльная сістэма стварае дадатковае поле П., аналагічнае магн. полю рухомых эл. зарадаў, а змяненні (хвалі) гравітацыйнага поля распаўсюджваюцца ў вакууме са скорасцю святла. Таму шэраг важнейшых вывадаў тэорыі Эйнштэйна (існаванне гравітацыйнага выпрамянення, гравітацыйнага радыуса, чорных дзір і інш.) якасна адрозніваецца ад вывадаў ньютанаўскай тэорыі П. Асн. палажэнні і назіральныя прадказанні эйнштэйнаўскай тэорыі П. пацверджаны астр. назіраннямі і эксперыментамі ў зямных умовах; агульная тэорыя адноснасці з’яўляецца тэарэт. фундаментам сучасных нябеснай механікі, астраметрыі, астрафізікі і касмалогіі.

Літ.:

Богородский А.Ф. Всемирное тяготение. Киев, 1971;

Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Теория тяготения и эволюция звезд. М., 1971;

Вейнберг С. Гравитация и космология: Пер. с англ. М., 1975;

Мизнер Ч., Торн К., Уилер Дж. Гравитация: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1977;

У илл К.М. Теория и эксперимент в гравитационной физике: Пер. с англ. М., 1985.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 13, с. 86

ПРЫЧА́Л,

сукупнасць збудаванняў, канструкцый і прыстасаванняў для стаянкі і абслугоўвання марскіх суднаў.

Адрозніваюць П.: пасажырскія, грузавыя, суднарамонтныя, ваенныя і інш.; стацыянарныя, плывучыя, рэйдавыя (у акваторыі порта для якарнай стаянкі суднаў). У склад П. ўваходзяць прычальныя збудаванні, перагрузачныя механізмы і прыстасаванні, пад’язныя чыг. пуці і аўтадарогі, склады, спец. памяшканні і інш. Прычальныя збудаванні (пірсы) абсталёўваюць тумбамі для замацавання суднавых швартоваў і адбойнымі прыстасаваннямі, што засцерагаюць П. і барты суднаў ад пашкоджанняў. Сукупнасць П. утварае прычальную лінію ці прычальны фронт порта. Гл. таксама Прыстань.

Прычалы марскога порта: 1 — хвалялом; 2 — молы; 3 — плывучы кран; 4 — маяк; 5 — прычал для пагрузкі колавай тэхнікі; 6 — кантэйнерны прычал; 7 — мокры док для пагрузкі і разгрузкі суднаў.

т. 13, с. 87

ПРЫ́ЧАРД ((Prichard) Катарына Сусанна) (4.12.1883, г. Левука, а-вы Фіджы — 2.10.1969),

аўстралійская пісьменніца. Скончыла Паўд.-Мельбурнскі жаночы каледж. Друкавалася з 1915. Аўтар рэаліст. сац. раманаў «Піянеры» (1915), «Чорны апал» (1921), «Рабочыя валы» (1926), «Кунарду» (1929), «Цырк Хэксбі» (1930), трылогіі «Дзевяностыя гады» (1946), «Залатыя мілі» (1948), «Крылатае насенне» (1950) і інш. Яе творам уласцівы лірызм, публіцыстычнасць, дакументальнасць, глыбокі псіхалагізм і драматызм сюжэтаў. Аўтар зб-каў апавяд. «Пацалунак у вусны» (1932), «Нгула» (1959), п’ес, вершаў, літ.-крытычных прац, мемуараў. На бел. мову апавяд. «Калядныя дрэвы» пераклаў С.​Дорскі, раман «Дачка ўрагану» — Ю.​Гаўрук.

Тв.:

Бел. пер. — Дачка ўрагану. Мн., 1977;

Рус. пер. — Рождественские деревья. М., 1958;

Кунарду, или Колодец в тени. М., 1959;

Рождество в Иенде. М., 1960;

Измена. М., 1962;

Погонщик волов. М., 1965;

Дитя урагана. М., 1966;

Девяностые годы. М., 1983;

Цирк Хексби. Негасимое пламя. М., 1985;

Крылатые семена. М., 1986.

Літ.:

К.​С.​Причард: Биобиблиогр. указ. М., 1975.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 87

ПРЫЧАРНАМО́РСКАЯ НІЗІ́НА.

На Пд Усх.-Еўрап. раўніны, на Украіне; прылягае да Чорнага і Азоўскага мораў, паміж дэльтай р. Дунай на З і. р. Кальміус на У. Плоская, крыху нахіленая на Пд раўніна. Выш. да 150 м. Складзена з вапнякоў, пяскоў і глін, якія перакрыты лёсамі і лёсападобнымі суглінкамі. Перасечана шырокімі далінамі рэк Дняпро, Паўд. Буг, Днестр і інш. Водападзелы плоскія. Берагавая паласа пераважна абрывістая, часта з апоўзнямі. Шмат ліманаў (Дняпроўскі, Днястроўскі і інш.) і пясчаных кос. Стэпы пераважна ўзараныя.

т. 13, с. 87

ПРЫЧА́СЦЕ, еўхарысція,

галоўны абрад, адно з 7 таінстваў у праваслаўнай і каталіцкай цэрквах. Займае цэнтр. месца ў літургіі. У час П. веруючыя з’ядаюць кавалачак асвячонага хлеба і выпіваюць лыжачку віна, якія сімвалізуюць «цела і кроў» Ісуса Хрыста, і тым самым далучаюцца да «боскай сутнасці». Лічыцца, што ў час апошняй трапезы Ісус Хрыстос частаваў сваіх вучняў віном і хлебам, ператвараючы іх у цела і кроў сваю, наказваў захоўваць гэты абрад у памяць аб ім. У пратэстанцкіх цэрквах П. разглядаецца як сімвалічны абрад, а не як таінства.

т. 13, с. 87