Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛІ́ЧНЫ СКЛОН,

гл. ў арт. Клічная форма.

т. 8, с. 347

КЛІ́ШЧАНКА (Анатоль Пятровіч) (н. 1.9.1946, г. Калінінград, Расія),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1995), праф. (1996). Скончыў БДУ (1969), дзе і працуе. Навук. працы ў галіне нелінейнай оптыкі і лазернай фізікі. Распрацаваў спектральна-палярызацыйныя метады вызначэння тыпаў і механізмаў нелінейных працэсаў у малекулярных сістэмах.

Тв.:

Физический практикум. Мн., 1986 (у сааўт.);

Обобщенный метод описания формирования поляризованного излучения в лазерах на растворах красителей (разам з Л.​І.​Буравым, А.​П.​Лістападам) // Журн. прикладной спектроскопии. 1997. Т. 64, № 5.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 8, с. 347

КЛІШЭ́ (франц. cliché),

1) друкарская форма высокага друку, прызначаная для паліграф. ўзнаўлення ілюстрацый, а часам і тэксту.

Бываюць штрыхавыя (атрымліваюць са штрыхавога арыгінала з элементамі аднолькавай насычанасці — з чарцяжоў, рысункаў пяром і інш.), растравыя (атрымліваюць з паўтонавых выяў з элементамі рознай насычанасці — з фатаграфій, акварэльных малюнкаў і да т.п.) і камбінаваныя. Вырабляюць К. фотамеханічным (гл. Аўтатыпія), электрамеханічным (гравіраваннем металу) спосабамі і фотаполімерызацыяй (уздзеяннем святла на палімерныя матэрыялы, з якіх утвараюцца друкарскія элементы). К. звычайна робяць з дробнакрышталічнага цынку (гл. Цынкаграфія), магнію, часам з медзі і алюмінію. З аднаго К. атрымліваюць да 1 млн. адбіткаў.

2) Хадзячы (стэрэатыпны) выраз, які механічна ўзнаўляецца (ужываецца) у тыповых моўных кантэкстах і сітуацыях; шаблонная (збітая) фраза. Гл. таксама Штамп.

т. 8, с. 347

КЛІШЭ́ВІЧ (Уладзімір Сідаравіч) (12.3.1914, в. Краснадворцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 14.11.1978),

бел. паэт. Скончыў педкурсы ў Слуцку, вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1933—36). У 1936 беспадстаўна арыштаваны, у 1937 сасланы на Калыму. У 1939 вернуты ў мінскую турму на даследаванне. У Вял. Айч. вайну жыў у Слуцку, служыў нам. старшыні гаруправы, рэдагаваў «Газэту Случчыны». З 1944 у Германіі, з 1948 жыў у г. Лос-Анджэлес (ЗША). Рэдагаваў ратапрынтны час. «Беларус у Амерыцы», выкладаў у каледжы. Друкаваўся з 1931. У вайну змяшчаў вершы ў выданнях «Беларуская газэта» (Мінск), «Новы шлях» (Рыга), «Беларускі работнік» і «Раніца» (Берлін). Яго творы ў калектыўных зб-ках «Песняры Случчыны» (1943, Слуцк), «Ля чужых берагоў» (1955, Мюнхен). У паэме «Васіль Каліна» (1965, Лондан) паказаў жыццё вёскі ў перыяд калектывізацыі, масавыя рэпрэсіі супраць сялян і інтэлігенцыі. Паэма «Шлях у светлае» прысвечана гісторыі БССР і СССР.

Тв.:

Далячынь: Вершы. Саўт-Рывер, 1964;

Сняцца дні мне залатыя. Мн., 1973;

[Вершы] // Туга па Радзіме. Мн., 1992.

А.​В.​Мальдзіс, Б.​І.​Сачанка.

т. 8, с. 347

КЛОД ((Claude) Альбер) (23.8.1899, г. Нёшато, Бельгія — 22.5.1983),

бельгійскі вучоны ў галіне біялогіі клеткі і анкалогіі. Скончыў Льежскі і Берлінскі ун-ты (1929). З 1929 у мед. цэнтры Ракфелераўскага ін-та (Нью-Йорк). З 1949 — праф., у 1950—72 дырэктар Брусельскага ін-та Ж.​Бардэ, з 1970 заг. лабараторыі Брусельскага ун-та. Чл. бельг. Каралеўскай мед. акадэміі (1947). Навук. працы па анкалогіі, вывучэнні клетачных структур, функцыянаванні клеткі. Выкарыстаў метад дыферэнцаванага цэнтрыфугавання субклетачных структур, выдзеліў мікрасомы, выявіў у мітахондрыях наяўнасць акісляльных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1974 (з К.Р.Дэ Дзювам і Дж.Э.Паладэ).

т. 8, с. 348

КЛО́МЛЯ,

традыцыйная бел. рыбалоўная прылада. Мае выгляд трохграннай прызмы, абцягнутай сеткай (апрача адной грані). Рабілі яе на драўляным каркасе ці з прутоў. Рыбу лавілі ўдваіх уброд: тапілі К. ў вадзе, заганялі рыбу ў яе, падцягваючы К. да берага і боўтаючы нагамі. К. была пашырана на Палессі, Гродзеншчыне.

І.​М.​Браім.

Рыбакі з кломляй. Былая вёска Лучынка Слуцкага павета Мінскай губ. Пач. 20 ст.

т. 8, с. 348

КЛОН (ад грэч. klōn галіна, парастак, нашчадак),

сукупнасць клетак або асобін, што паходзяць ад агульнага продка ў выніку бясполага размнажэння. Аснова ўтварэння К. — мітоз (у бактэрый — простае дзяленне): генетычная інфармацыя падзяляецца пароўну паміж мацярынскімі і даччынымі клеткамі. У мікрабіялогіі К. — патомкі адной клеткі. У селекцыі раслін К. — патомкі адной расліны, расплоджаныя атожылкамі, чаранкамі, цыбулінамі, карэнішчамі і інш. яе часткамі. Новы метад атрымання К. раслін (напр., новы сорт бульбы) — вырошчванне іх з адной клеткі з дапамогай клетачнай культуры. Выкарыстоўваецца ў біялогіі, медыцыне, харч., хім. і мікрабіял. прам-сці.

т. 8, с. 348

КЛО́НДАЙК (Klondike),

залатаносны раён на ПнЗ Канады, у бас. р. Клондайк, правага прытока р. Юкан. Агульная пл. 1800 км². Адкрыты ў 1896. На пач. 20 ст. выклікаў «залатую ліхаманку». Россыпныя радовішчы, да сярэдзіны 1960-х г. амаль выпрацаваны. За час эксплуатацыі здабыта каля 300 т золата. Гал. населены пункт — г. Доўсан.

т. 8, с. 348

КЛО́ПАЎ (Анісім Андрэевіч) (14.5.1914, в. Наваселле Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 4.2.1995),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт. і 3-м Бел. франтах. Камандзір сапёрнага аддзялення мал. сяржант К. вызначыўся ў студз.крас. 1945 у баях ва Усх. Прусіі.

т. 8, с. 348

КЛО́ПШТАК ((Klopstok) Фрыдрых Готліб) (2.7.1724, г. Кведлінбург, Германія — 14.3.1803),

нямецкі паэт і драматург; адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Вучыўся ў Іенскім і Лейпцыгскім ун-тах (1745—48). Пісаў оды, гімны, у якіх упершыню ў еўрап. л-ры выкарыстаў ант. страфічныя памеры (алкеева, асклепіядава, сапфічная строфы) і верлібр. Лірыцы К. ўласціва адмаўленне жорсткай грамат. рэгламентацыі і рацыянальнасці, яе гал. тэмы — усхваленне сяброўства і кахання, хараства прыроды і гармоніі сусвету, творчай моцы Бога і чалавека, пратэст супраць тыраніі і духоўнага рабства народа. Гал. твор — напісаная гекзаметрам на біблейскі сюжэт эпічная паэма «Месіяда» («Месія», 1748—73), якая адзначана глыбокім лірызмам і тонкай пачуццёвасцю, што было новым у развіцці эпасу. Аўтар драм на біблейскія сюжэты. Упершыню звярнуўся да герм. міфалогіі ў лірыцы і гіст. паданняў у драматургіі (драмы-«бардыты» «Бітва Германа», 1769; «Герман і князі», 1784; «Смерць Германа», 1787). Паўплываў на л-ру «Буры і націску».

Літ.:

Гейман Б.Я. Клопшток // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.

Г.​В.​Сініла.

т. 8, с. 348