КЛО́ПШТАК ((Klopstok) Фрыдрых Готліб) (2.7.1724, г. Кведлінбург, Германія — 14.3.1803),
нямецкі паэт і драматург; адзін з пачынальнікаў сентыменталізму. Вучыўся ў Іенскім і Лейпцыгскім ун-тах (1745—48). Пісаў оды, гімны, у якіх упершыню ў еўрап. л-ры выкарыстаў ант. страфічныя памеры (алкеева, асклепіядава, сапфічная строфы) і верлібр. Лірыцы К. ўласціва адмаўленне жорсткай грамат. рэгламентацыі і рацыянальнасці, яе гал. тэмы — усхваленне сяброўства і кахання, хараства прыроды і гармоніі сусвету, творчай моцы Бога і чалавека, пратэст супраць тыраніі і духоўнага рабства народа. Гал. твор — напісаная гекзаметрам на біблейскі сюжэт эпічная паэма «Месіяда» («Месія», 1748—73), якая адзначана глыбокім лірызмам і тонкай пачуццёвасцю, што было новым у развіцці эпасу. Аўтар драм на біблейскія сюжэты. Упершыню звярнуўся да герм. міфалогіі ў лірыцы і гіст. паданняў у драматургіі (драмы-«бардыты» «Бітва Германа», 1769; «Герман і князі», 1784; «Смерць Германа», 1787). Паўплываў на л-ру «Буры і націску».
Літ.:
Гейман Б.Я. Клопшток // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2.
Г.В.Сініла.
т. 8, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)