КЛІШЭ́ВІЧ (Уладзімір Сідаравіч) (12.3.1914, в. Краснадворцы Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 14.11.1978),

бел. паэт. Скончыў педкурсы ў Слуцку, вучыўся ў Мінскім пед. ін-це (1933—36). У 1936 беспадстаўна арыштаваны, у 1937 сасланы на Калыму. У 1939 вернуты ў мінскую турму на даследаванне. У Вял. Айч. вайну жыў у Слуцку, служыў нам. старшыні гаруправы, рэдагаваў «Газэту Случчыны». З 1944 у Германіі, з 1948 жыў у г. Лос-Анджэлес (ЗША). Рэдагаваў ратапрынтны час. «Беларус у Амерыцы», выкладаў у каледжы. Друкаваўся з 1931. У вайну змяшчаў вершы ў выданнях «Беларуская газэта» (Мінск), «Новы шлях» (Рыга), «Беларускі работнік» і «Раніца» (Берлін). Яго творы ў калектыўных зб-ках «Песняры Случчыны» (1943, Слуцк), «Ля чужых берагоў» (1955, Мюнхен). У паэме «Васіль Каліна» (1965, Лондан) паказаў жыццё вёскі ў перыяд калектывізацыі, масавыя рэпрэсіі супраць сялян і інтэлігенцыі. Паэма «Шлях у светлае» прысвечана гісторыі БССР і СССР.

Тв.:

Далячынь: Вершы. Саўт-Рывер, 1964;

Сняцца дні мне залатыя. Мн., 1973;

[Вершы] // Туга па Радзіме. Мн., 1992.

А.​В.​Мальдзіс, Б.​І.​Сачанка.

т. 8, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)