Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ПРАЛО́М»,

палітычны і літаратурны часопіс Віленскага акр. к-та КСМЗБ. Выдаваўся нелегальна ў студз.лют. 1932 у Вільні на бел. мове. Часопіс рэдагавалі і рыхтавалі да выдання М.​Танк і Я.​Гарох. Асвятляў паліт. і сац.-эканам. становішча ў Зах. Беларусі, заклікаў працоўных да рэв. і нац.-вызв. барацьбы, змагання ў абарону Т-ва бел. школы, за школу на роднай мове, адкрыццё бібліятэк-чытальняў, нар. дамоў, курсаў для непісьменных. Апублікаваў публіцыстычныя артыкулы А.​Цвіка, Л.​Родзевіча (пад псеўд. Змагар), вершы і апавяданне М.​Танка (пад псеўд. А.​Граніт), верш Я.​Гароха і інш. Выйшлі 2 нумары. З сак. 1932 выдаваўся легальны «Часопіс для ўсіх».

П.​І.​Зялінскі.

т. 12, с. 552

ПРАЛО́МНІК (Androsace),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі. На Беларусі П. ніткападобны (A. filiformis) і паўночны (A. septentrionalis). Трапляюцца каля лясных дарог, на чыг. насыпах, сухіх адхонах.

Адна- або шматгадовыя травы, часам паўкусты, утвараюць шчыльныя дзярніны ці падушкі, часта ксерафіты. Лісце яйцападобнае або лінейнае, у разетцы. Кветкі дробныя, у парасонападобных суквеццях, рэдка адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

Праломнік: 1 — бародаўчаты; 2 — ніткападобны.

т. 12, с. 552

ПРА́ЛЬНАЯ МАШНА,

машына для мех. мыцця, паласкання і адціскання бялізны. Бываюць без адціскання (малагабарытныя пераносныя), з ручным валковым адцісканнем, паўаўтам. двухба́кавыя з дыскавым актыватарам раствору і цэнтрыфугай для адціскання або аднаба́кавыя барабаннага тыпу, аўтаматычныя з праграмным кіраваннем (звычайна аднаба́кавыя барабаннага тыпу).

Перамешванне бялізны і актывацыя раствору, неабходная для яго інтэнсіўнай цыркуляцыі, ажыццяўляецца звычайна вярчальным лопасцевым дыскам (актыватарам) ці барабанам. Актыватар манціруецца ў дно ці ў сценку бака, прыводзіцца ў рух электрарухавіком, што ўключаецца таймерам. У машынах барабаннага тыпу бялізна мыецца ў перфарыраваным барабане, які рэверсіўна круціцца ў пральным баку, запоўненым мыйным растворам. Загрузка бытавых П м. да 5 кг, камунальных — да 200 кг сухой бялізны.

т. 12, с. 552

ПРА́ЛЬНІКІ,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Івянец — Ракаў. Цэнтр сельсавета. За 38 км на ПдУ ад г. Валожын, 47 км ад Мінска, 32 км ад чыг. ст. Беларусь. 240 ж., 93 двары (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — капліца-пахавальня (2-я пал. 19 ст.).

т. 12, с. 552

ПРАЛЮ́ВІЙ (ад лац. proluo выношу цячэннем),

комплекс рыхлых адкладаў часовых водных патокаў. Тэрмін прапанаваў рус. геолаг А.​П.​Паўлаў у 1914. Утвараецца каля падножжа гор, а таксама ў конусах вынасу далін і яроў. Складаецца з вял. абломкаў і валуноў горных парод, галькі, жвіру і інш., якія зменьваюцца да перыферыі дробназярністымі пяскамі, супескамі, лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. Злучаныя конусы вынасу ўтвараюць пралювіяльныя шлейфы. На Беларусі П. трапляецца ў межах узгорыста-градавага (Беларуская града) і ярыстага рэльефу.

т. 12, с. 552

ПРАМАВУГО́ЛЬНІК,

чатырохвугольнік, у якім усе вуглы прамыя; асобны від паралелаграма.

т. 12, с. 552

ПРАМАВУГО́ЛЬНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

гл. ў арт. Дэкартава сістэма каардынат.

т. 12, с. 553

ПРАМАВУГО́ЛЬНЫ ТРОХВУГО́ЛЬНІК,

від трохвугольніка, у якога адзін вугал прамы. Стораны, што ўтвараюць гэты вугал, наз. катэтамі, а старана, што знаходзіцца супраць прамога вугла, — гіпатэнузай. Для П т. выконваецца Піфагора тэарэма.

Прамавугольны трохвугольнік: OB і AB — катэты; OA — гіпатэнуза; ∠OBA = 90°.

т. 12, с. 553

ПРАМАКРЫ́ЛЫЯ, прастакрылыя (Orthoptera, або Saltatoria),

атрад насякомых. Вядомы з верхняга карбону (каля 270 млн. г. назад). 2 падатр.: даўгавусыя (Ensifera, або Dolichocera) з падсям. конікавых, цвыркуновых, цвыркунападобных, эдысхідавых і караткавусыя (Caelifera, або Brachycera) з падсям. саранчовых, бестымпанальных, пухірчатых, трыперставых, тэтрыгідавых. Каля 20 тыс. відаў. Пашыраны амаль усюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць у траве, на кустах і дрэвах, некат. ў глебе і на яе паверхні. На Беларусі каля 70 відаў з надсям. конікавых, саранчовых, тэтрыгідавых і цвыркуновых. Некат. П. — шкоднікі с.-г. культур.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 10 см. Цела прадаўгаватае, сціснутае з бакоў, зеленаватае, жаўтаватае, шараватае. Ротавыя органы грызучыя. Заднія ногі скакальныя. Пярэднія крылы скурыстыя, заднія перапончатыя, у шэрагу відаў кароткія або рэдукаваныя. Брушка 10-членікавае з нячленістымі прыдаткамі — цэркамі, у самак з яйцакладам. У некат. відаў ёсць органы слыху і гукавы апарат. Большасць расліннаедныя, ёсць драпежнікі і ўсёедныя. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Для П. характэрна фазавая зменлівасць — полімарфізм. 1 пакаленне за год.

Літ.:

Шаров А.Г. Филогения ортоптероидных насекомых. М., 1968;

Станек В.Я. Иллюстрированная энциклопедия насекомых: Пер. с чеш. Прага, 1977;

Подгорная Л.И. Прямокрылые насекомые семейства Tetrigidae (Orthoptera) фауны СССР. Л.,1983.

Т.​П.​Смірнова.

Прамакрылыя: 1 — кабылка траскучая (а — самец, б — самка); 2 — акрыда; 3 — цвыркун палявы; 4 — кабылка стракатая; 5 — кабылка бяскрылая; 6 — трыперст; 7 — цвыркун дамавы.

т. 12, с. 553

ПРАМАТО́ЧНЫ ГІДРААГРЭГА́Т,

гарызантальны восевы гідраагрэгат, у якім ротар гідрагенератара ўстаноўлены на вобадзе рабочага кола восевай прапелернай гідраўлічнай турбіны. Выкарыстоўваецца на прыліўных гідраэлектрычных станцыях.

т. 12, с. 553