Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПРЫ́СТЛІ ((Priestley) Джозеф) (13.3.1733, Філдхед, каля г. Лідсе, Вялікабрытанія — 6.2.1804),

англійскі хімік, філосаф-матэрыяліст, прыхільнік дэізму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1767). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1780). Скончыў Акадэмію ў Дэвентры (1755; тэолаг па адукацыі). У 1794 эмігрыраваў у ЗША. Навук. працы па пнеўматычнай хіміі (навука аб газах). Атрымаў газападобныя злучэнні — хлорысты вадарод, аміяк, закіс (геміаксід) азоту (1772—74). Адкрыў незалежна ад К.​Шэеле кісларод (1774). Вынікі даследаванняў па хіміі апублікаваў у працы «Доследы і назіранні над рознымі відамі паветра» (1774—77). У філас. творы «Даследаванні аб матэрыі і духу» (1777) сцвярджаў, што прырода матэрыяльная, дух — уласцівасць матэрыі.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 13, с. 83

ПРЫ́СТЛІ ((Priestley) Джон Бойнтан) (13.9.1894, г. Брадфард, Вялікабрытанія — 14.8.1984),

англійскі пісьменнік. Скончыў Кембрыджскі ун-т. Дэбютаваў як эсэіст і крытык (кнігі «Постаці сучаснай літаратуры», 1924; «Англійскія камічныя характары», 1925, і інш.). Вядомасць прынёс раман «Добрыя сябры» (1929) аб прыгодах вандроўнай трупы. Аўтар сац.-псіхал. («Вуліца Анёла», 1930; «Яны бадзяюцца па горадзе», 1936) і антыфаш. («Зацямненне ў Грэтлі», 1942) раманаў. У раманах «Трое ў новых касцюмах» (1945), «Чараўнікі» (1954), «Сэр Майкл і сэр Джордж» (1964), дылогіі «Стваральнікі вобразаў» (1968) і «Лонданскі тупік» (1969) пасляваен. рэчаіснасць. У п’есах «Ракітавы гай» (1933), «Час і сям’я Конвей» (1937), «Містэр Кетл і місіс Мун» (1955), «Шкляная клетка» (1958) і інш. маральна-філас. праблемы. Драмы пабудаваны на парадоксе, насычаны гумарам і сатырай. Як празаік зазнаў уплыў Ч.​Дзікенса, як драматург — А.​Чэхава. Аўтар аўтабіягр. кн. «За высокай сцяной» (1982), апавяданняў, кінасцэнарыяў, тэле- і радыёп’ес, літ.-крытычных прац, у т. л. «Англійскі гумар» (1976). На бел. сцэне паводле п’ес П. пастаўлены спектаклі «Небяспечны паварот» (1940, Дзярж. рус. драм. т-р), «Ён прыйшоў» (1946, Бел. т-р імя Я.​Купалы).

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1987;

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1990;

Гендель и гангстеры: Рассказы. М., 1983;

Заметки на полях: Худож. публицистика. М., 1988;

Затемнение в Грэтли: Повести, рассказы, пьесы. М., 1988.

Літ.:

Бабенко В.Г. Драматургия современной Англии. М., 1981;

Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 83

ПРЫСТРО́М (Мар’ян Станіслававіч) (н. 15.3.1944, в. Янкоўцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне кардыялогіі і геранталогіі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1966). З 1977 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1999 заг. кафедры). Навук. працы па метабалічных і гемадынамічных парушэннях у хворых ішэмічнай хваробай сэрца, клініцы і асаблівасцях лячэння хворых ішэмічнай хваробай сэрца і гіпертанічнай хваробай у герыятрычнай практыцы, прафілактыцы старэння.

Тв.:

Неотложные состояния: Диагностика, тактика, лечение: Справ. для врачей. Мн., 1995 (у сааўт.);

Практическая кардиология. Т. 1—2. Мн., 1997 (у сааўт.).

т. 13, с. 83

ПРЫСУ́ШЫНА,

вёска ў Задуброўскім с/с Віцебскага р-на. Цэнтр калгаса. За 44 км на ПнУ ад Віцебска. 310 ж., 105 двароў (2000). Базавая школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 13, с. 83

ПРЫСЯ́ГА,

афіцыйнае і ўрачыстае абяцанне (клятва), якую даюць асобныя катэгорыі грамадзян у адпаведнасці з іх статутным становішчам у дзяржаве і грамадстве. П. прыносяць кіраўнікі дзяржаў (напр., Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з арт. 83, 84 Канстытуцыі дае клятву народу краіны), некаторыя катэгорыі дзярж. служачых (напр., прысяжныя засядацелі, прысяжныя павераныя), ваеннаслужачыя (гл. Прысяга ваенная), супрацоўнікі МУС, КДБ і інш. Урачы даюць клятву Гіпакрата. Гл. таксама Прысяга беларускага партызана.

Р.​Ч.​Лянькевіч.

т. 13, с. 83

ПРЫСЯ́ГА БЕЛАРУ́СКАГА ПАРТЫЗА́НА,

урачыстая клятва партызан змагацца супраць акупантаў да поўнага іх выгнання з бел. зямлі. У грамадз. вайну 1918—20 у бел. партызан была прысяга «Дзесяць запаведзей чырвоных партызанаў Беларусі». У Вял. Айч. вайну прысягу прымалі з пачатку партыз. руху, тэксты выпрацоўвалі непасрэдна ў атрадах. У пач. жн. 1941 ЦК КП(б)Б і партыз. школа (каля Гомеля) распрацавалі і надрукавалі ў газ. «Звязда» і лістоўках адзіны тэкст прысягі, якія з самалётаў былі скінуты над Беларуссю. 12.5.1942 на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Вярх. Савета БССР і Бюро ЦК КП(б)Б зацверджаны тэкст (гл. іл.) і парадак яе прыняцця. З дапамогай авіяцыі Калінінскага і Зах. франтоў, самалётаў, што былі ў распараджэнні ЦК КП(б)Б, лістоўкі з яе тэкстам (100 тыс. экз.) былі распаўсюджаны ў раёнах дыслакацыі партызан. П.б.п. прымалі перад строем атрада пад сцягам.

Прысяга беларускага партызана.

т. 13, с. 83

ПРЫСЯ́ГА ВАЕ́ННАЯ,

урачыстае абяцанне (клятва), якое дае кожны вайсковец (грамадзянін) у час уступлення ў рады ўзбр. сіл; прыняцце П.в. важны прававы акт. Змест П.в. і рытуалы яе прыняцця адлюстроўваюць гіст. і нац. традыцыі народа, дзяржавы і арміі. П.в. воіна Узбр. Сіл Беларусі адпавядае патрабаванням Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам і ваен. статутам, вызначае абавязкі па абароне Айчыны. Яе тэкст зацверджаны ў 1992, палажэнне аб парадку прыняцця — у 1997. Кожны вайсковец, які прымае П.в., замацоўвае гэты акт уласнаручным подпісам (з аб’яўленнем мабілізацыі прысягаюць усе ваеннаабавязаныя, якія не прымалі прысягу ў мірны час). П.в. прымаюць пры Дзярж. сцягу Рэспублікі Беларусь і Баявым сцягу часці на тэр. вайск. часцей, ці ў месцах баявой і працоўнай славы. Дзень прыняцця П.в. абвяшчаецца для ўсяго асабовага складу часці святочным.

т. 13, с. 84

ПРЫСЯДЗІ́БНЫ ЎЧА́СТАК,

зямельны ўчастак для вядзення асабістай падсобнай гаспадаркі, буд-ва і абслугоўвання жылога дома. На Беларусі прадастаўляецца грамадзянам сельскімі Саветамі дэпутатаў па месцы іх пражывання. Калгасы, саўгасы з зямель, якія знаходзяцца ў іх карыстанні, могуць выдзяляць грамадзянам зямельныя ўчасткі для агародніцтва, сенакашэння. Парадак землекарыстання на П.у. рэгулюецца заканадаўствам. Афіц. статыстыка сведчыць, што асабістая падсобная гаспадарка, якая грунтуецца ў асноўным на П.ў., з’яўляецца істотнай крыніцай вытв-сці прадуктаў харчавання для насельніцтва. Напр., у 1997—98 у агульным аб’ёме спажывання доля П.у. складала у сярэднім: па бульбе — 85%, гародніне — 72—75, садавіне і ягадах — 55, мясе і мясапрадуктах — 25, малочных прадуктах — больш за 30, яйках — 35, хлебных прадуктах — 1,2%.

т. 13, с. 84

ПРЫСЯ́ЖНЫЯ ЗАСЯДА́ЦЕЛІ,

гл. ў арт. Суд прысяжных.

т. 13, с. 84

ПРЫСЯ́ЖНЫ ПАВЕ́РАНЫ,

афіцыйнае найменне адвакатаў у Расійскай імперыі. Уведзены суд. рэформай 1867. П.п. магла быць асоба з вышэйшай юрыд. адукацыяй і практычным стажам работы ў якасці памочніка П.п. або суд. работы. П.п. складалі самакіруючыя карпарацыі, нагляд за дзейнасцю якіх ажыццяўлялі саветы П.п. і суд. палаты, а з 1874 акр. суды (там, дзе саветы П.п. не былі створаны). Гл. таксама Прыватны павераны.

т. 13, с. 84