ПРЫ́СТЛІ ((Priestley) Джозеф) (13.3.1733, Філдхед, каля г. Лідсе, Вялікабрытанія — 6.2.1804),

англійскі хімік, філосаф-матэрыяліст, прыхільнік дэізму. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1767). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1780). Скончыў Акадэмію ў Дэвентры (1755; тэолаг па адукацыі). У 1794 эмігрыраваў у ЗША. Навук. працы па пнеўматычнай хіміі (навука аб газах). Атрымаў газападобныя злучэнні — хлорысты вадарод, аміяк, закіс (геміаксід) азоту (1772—74). Адкрыў незалежна ад К.​Шэеле кісларод (1774). Вынікі даследаванняў па хіміі апублікаваў у працы «Доследы і назіранні над рознымі відамі паветра» (1774—77). У філас. творы «Даследаванні аб матэрыі і духу» (1777) сцвярджаў, што прырода матэрыяльная, дух — уласцівасць матэрыі.

Літ.:

Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)