КЛІ́РАС (грэч. klēros),
у праваслаўнай царкве ўзвышэнне перад іканастасам для пеўчых, псаломшчыкаў, чытальнікаў у час богаслужэння.
т. 8, с. 345
КЛІ́РЫНГ (англ. clearing),
сістэма безнаяўных разлікаў за тавары, паслугі, каштоўныя паперы, заснаваная на заліку ўзаемных патрабаванняў і абавязацельстваў. Адрозніваюць К. банкаўскі і валютны. Банкаўскі К. — сістэма міжбанкаўскіх безнаяўных разлікаў, заснаваных на ўзаемным заліку роўных плацяжоў; ажыццяўляецца праз спец. разліковыя палаты (клірынгавыя дамы). Валютны К. заснаваны на міжурадавым пагадненні і прадугледжвае цэнтралізаваны залік узаемных патрабаванняў і абавязацельстваў па экспарце і імпарце тавараў, аперацыях негандлёвага характару і інш. плацяжах, што ўзнікаюць у выніку развіцця эканам. сувязей паміж асобнымі краінамі. Можа быць аднабаковым і шматбаковым. Выкарыстоўваецца звычайна краінамі, якія не маюць свабоднай абарачальнасці нац. валюты.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 345
КЛІ́РЭНС (англ. clearance),
1) тое, што дарожны прасвет.
2) Прасвет паміж воднай паверхняй і днішчам судна на падводных крылах.
т. 8, с. 345
КЛІСТРО́Н [ад грэч. klyzō б’ю + (элек)трон],
электронная прылада для ўзмацнення і генерацыі ваганняў ЗВЧ. Бывае адбівальны (мае 1 аб’ёмны рэзанатар) і пралётны (2 ці больш), звышмініяцюрныя К. наз. мінітронамі.
Прынцып работы К. заснаваны на пераўтварэнні патоку электронаў у пераменны па шчыльнасці паток з дапамогай мадуляцыі скарасцей электронаў эл. полем аб’ёмнага рэзанатара. У адбівальных К. электронны паток праходзіць праз зазор рэзанатара, дзе мадулюецца эл. полем ЗВЧ, далей адкідваецца назад полем адбівальніка і пры другасным праходжанні праз зазор у адваротным напрамку аддае частку кінетычнай энергіі эл. полю ЗВЧ. У пралётных К. электроны паслядоўна пралятаюць праз зазор уваходнага рэзанатара, дзе адбываецца мадуляцыя па скарасцях, і выхаднога, дзе пры тармажэнні частка іх энергіі пераўтвараецца ў энергію ваганняў ЗВЧ.
т. 8, с. 345
КЛІСФЕ́Н (Kleisthenēs),
дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі ў 6 ст. да н.э. Паходзіў з арыстакратычнага роду Алкмеанідаў, выгнаных з Афін Пісістратыдамі Пасля выгнання з Афін тырана Гіпія ў 510 да н.э. К. вярнуўся ў Афіны і ўзначаліў афінскі дэмас, апазіцыйны арыстакратам на чале з Ісагорам. У 509—507 правёў шэраг дэмакр. рэформ, паводле якіх Атыка падзелена на 10 тэр. філаў (замест 4 родавых), савет 400 (буле) заменены выбарным саветам з 500 дэлегатаў, створана калегія з 10 стратэгаў, якая ўзяла на сябе ваен. функцыі, уведзена новая форма тайнага галасавання — т.зв. астракізм. Рэформы К. замацавалі перамогу афінскага дэмасу над радавой арыстакратыяй.
т. 8, с. 346
КЛІ́ТЦЫНГ ((Klitzing) Клаўс Олаф фон) (н. 28.6.1943, г. Сьрода, Польшча),
нямецкі фізік. Чл. Еўрапейскай Акадэміі (1989). Замежны чл. Рас. АН (1994), Нац. АН ЗША (1990). Скончыў тэхн. ун-т у г. Браўншвейг (1969). З 1969 ва ун-тах Вюрцбурга і Мюнхена, з 1985 дырэктар Ін-та фізікі цвёрдага цела імя М.Планка (г. Штутгарт). Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў і нізкапамерных электронных сістэм. Адкрыў квантавы Хола эфект (1980), што зрабіла магчымым стварэнне новага эталона адзінкі эл. супраціўлення — ома. Нобелеўская прэмія 1985.
Тв.:
Рус. пер. — Квантованный эффект Холла // Успехи физ. наук. 1986. Т. 150, вып. 1.
М.М.Касцюковіч.
т. 8, с. 346
КЛІТЭМНЕ́СТРА, Клітэместра,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара Спарты Ціндарэя, жонка Агамемнана. За грахі яе бацькі К. асуджана Афрадытай тройчы быць замужам. Яе першы муж лідзійскі цар Тантал і іх малы сын былі забіты Агамемнанам, у вымушаным шлюбе з якім К. нарадзіла трох дачок і сына Арэста. У адсутнасць мужа, які кіраваў аблогай Троі, К. пакахала яго саперніка Эгісфа. Апошні забіў Агамемнана пры яго вяртанні з-пад Троі. Паводле літ. паслягамераўскай традыцыі, К., прыкрываючы ўласную здраду помстай за прынесеную мужам у ахвяру Артэмідзе дачку Іфігенію, сама забіла Агамемнана і прывезеную ім Касандру. Пасля царавала з Эгісфам у Мікенах. Забіта сынам Арэстам, які помсціў за бацьку. Вобраз К. адлюстраваны ў трагедыях Эсхіла і Эўрыпіда.
т. 8, с. 346
КЛІ́ЎЛЕНД (Cleveland),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Агайо, порт на паўд. беразе воз. Эры. Засн. ў 1796. 492,9 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 2,8 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны гандлёва-фін. і культ. цэнтр краіны. Адзін з буйнейшых у ЗША цэнтраў чорнай і каляровай металургіі, металаапрацоўкі, машынабудавання. Найб. развіта аўтамаб. і ваен. прам-сць. Вытв-сць штампаваных дэталей, буд. канструкцый, станкоў і інструментаў, кампанентаў для ракет і самалётаў, прамысл. і быт. электрапрылад, дарожна-буд. машын, абсталявання для горнай, харч., паліграф. прам-сці, кантрольна-вымяральных прылад, рознага прамысл. абсталявання. Прадпрыемствы хім., паліграф., харч. прам-сці. Метрапалітэн. 8 ун-таў і каледжаў. Музеі. Тэатры, у т. л. адзін з старэйшых у краіне. У К. працуе некалькі арг-цый бел. эміграцыі.
Літ.:
Кушнер В., Сяргеева Г. Беларусы ў Кліўлендзе // Бел. гіст. часоп. 1993. № 2.
т. 8, с. 346
КЛІФ (ад англ. cliff стромкі абрыў, скала, уцёс),
берагавы ўступ, стромы абразійны абрыў, што ўтварыўся ў выніку разбурэння высокага карэннага берага пад уздзеяннем прыбою. Паступова адступае ў бок сушы і павялічвае шырыню абразійнай берагавой тэрасы, што ляжыць каля яго падножжа.
т. 8, с. 346