КЛІ́РЫНГ (англ. clearing),
сістэма безнаяўных разлікаў за тавары, паслугі, каштоўныя паперы, заснаваная на заліку ўзаемных патрабаванняў і абавязацельстваў. Адрозніваюць К. банкаўскі і валютны. Банкаўскі К. — сістэма міжбанкаўскіх безнаяўных разлікаў, заснаваных на ўзаемным заліку роўных плацяжоў; ажыццяўляецца праз спец. разліковыя палаты (клірынгавыя дамы). Валютны К. заснаваны на міжурадавым пагадненні і прадугледжвае цэнтралізаваны залік узаемных патрабаванняў і абавязацельстваў па экспарце і імпарце тавараў, аперацыях негандлёвага характару і інш. плацяжах, што ўзнікаюць у выніку развіцця эканам. сувязей паміж асобнымі краінамі. Можа быць аднабаковым і шматбаковым. Выкарыстоўваецца звычайна краінамі, якія не маюць свабоднай абарачальнасці нац. валюты.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 345
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)