КЛІТЭМНЕ́СТРА, Клітэместра,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка цара Спарты Ціндарэя, жонка Агамемнана. За грахі яе бацькі К. асуджана Афрадытай тройчы быць замужам. Яе першы муж лідзійскі цар Тантал і іх малы сын былі забіты Агамемнанам, у вымушаным шлюбе з якім К. нарадзіла трох дачок і сына Арэста. У адсутнасць мужа, які кіраваў аблогай Троі, К. пакахала яго саперніка Эгісфа. Апошні забіў Агамемнана пры яго вяртанні з-пад Троі. Паводле літ. паслягамераўскай традыцыі, К., прыкрываючы ўласную здраду помстай за прынесеную мужам у ахвяру Артэмідзе дачку Іфігенію, сама забіла Агамемнана і прывезеную ім Касандру. Пасля царавала з Эгісфам у Мікенах. Забіта сынам Арэстам, які помсціў за бацьку. Вобраз К. адлюстраваны ў трагедыях Эсхіла і Эўрыпіда.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)