«ГО́МЕЛЬСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
1) газета ліберальна-асветнага кірунку. Выдавалася штодзённа з 28.12.1908 (10.1.1909) да 23.4(6.5). 1909 у Гомелі на рус. мове. Друкавала матэрыялы пра гар. навуч. ўстановы, дзіцячыя прытулкі, садзейнічала дабрачыннай дзейнасці, публікавала нататкі пра тэатр. і муз. жыццё Гомеля, вершы, нарысы, карэспандэнцыі мясц. аўтараў, пераклады.
2) Грамадска-паліт. і літ. газета афіцыёзнага кірунку. Выдавалася з 26.2(11.3) да 25.5(7.6). 1914 у Гомелі на рус. мове. Друкавала гасп. справаздачы, агітавала за афіц. спіс кандыдатаў у гар. думу.
У.М.Конан.
т. 5, с. 349
«ГО́МЕЛЬСКОЕ СЛО́ВО»,
грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася з крас. 1911 да мая 1912 у Гомелі на рус. мове 3 разы на тыдзень. Прымыкала да мясц. аддзела Саюза рус. народа. Выступала супраць с.-д. руху і левых кадэтаў, мясц. газ. «Полесье» і інш. дэмакр. выданняў. Змяшчала афіц. ўрадавыя матэрыялы, тэатр. і літ. агляды, бібліяграфію і публіцыстыку, прапагандавала палітыку П.А.Сталыпіна, яго зямельную рэформу ў Беларусі і Літве.
У.М.Конан.
т. 5, с. 349
«ГОМЕЛЬШПАЛЕ́РЫ»,
гл. Гомельскае акцыянернае таварыства «Гомельшпалеры».
т. 5, с. 350
ГО́МЕЛЯ АБАРО́НА 1941.
Вялася войскамі 21-й арміі (ген.-лейт. М.Р.Яфрэмаў, ген.-м. В.М.Гардоў) Цэнтр. фронту і байцамі Гомельскага палка народнага апалчэння 12—19 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка Смаленскай бітвы 1941. У пач. жн. пад Гомелем было 25 ням. дывізій. 8—10 жн. праціўнік уклініўся ў абарону 21-й арміі і прарваў яе на ўчастку Крычаў—Прапойск—Рэчыца. 12 жн. 2-я ням. армія пачала штурм горада, авіяцыя бесперапынна бамбіла яго. Сав. войскі не толькі абараняліся, але і контратакавалі. Ням. войскі ўзмацнілі атакі на горад з ПнУ, фарсіравалі Сож, захапілі Ветку і 19 жн. ўварваліся ў Гомель. На левым беразе Сажа сав. войскі яшчэ трое сутак стрымлівалі рух праціўніка, прычыніўшы яму значныя страты. У гонар абаронцаў у в. Пакалюбічы пастаўлены помнік.
т. 5, с. 350
ГО́МЕЛЯ АБЛО́ГА 1651.
Праводзілася ўкр. Казакамі 3—9.6.1651 у час народна-вызваленчай вайны 1648—54. Палкоўнік М.Нябаба накіраваў да Гомеля каля 8 тыс. казакоў (сярод іх было шмат бел. сялян). 3 чэрв. казакі падышлі да Гомеля, пяхота (3 тыс. чал.) выкапала шанцы, конніца разгрупавалася па вёсках. На дапамогу абаронцам і для дастаўкі харчавання Я.Радзівіл паслаў некалькі соцень чалавек. У ноч на 5 чэрв. пачаўся штурм горада, але абаронцы адкінулі казакоў ад агароджы. Няўдала для казакоў скончыліся і ўсе наступныя 15 штурмаў, праведзеных атрадамі Літвіненкі і Паповіча. 9 чэрв. казакі атрымалі загад Нябабы вяртацца і спешна адышлі ад Гомеля.
В.І.Мялешка.
т. 5, с. 350
ГО́МЕС (Gómez) Хуан Вісентэ
(24.7.1857, г. Сан-Антоніо, штат Тачыра, Венесуэла — 17.12.1935),
ваенны і дзярж. дзеяч Венесуэлы. У 1899 удзельнічаў у путчы С.Кастра, быў губернатарам федэральнай акр. Каракаса. У 1901—08 віцэ-прэзідэнт і галоўнакамандуючы. У выніку здзейсненага ім пры падтрымцы войск ЗША перавароту прэзідэнт краіны (1909—35), устанавіў ваен. дыктатуру (неаднаразова зменена канстытуцыя, забаронены паліт. партыі, прафсаюзы і інш.). У час яго праўлення значна павялічыўся ўплыў у Венесуэле замежнага (пераважна амерыканскага) капіталу, што садзейнічала развіццю здабычы нафты (эканам. ўздым).
т. 5, с. 350
ГО́МЕС-І-БА́ЭС (Gómez y Báez) Максіма
(18.11.1836, г. Бані, Дамініканская Рэспубліка — 17.6.1905),
адзін з кіраўнікоў нац.-вызв. руху кубінскага народа. У 1861—65 удзельнічаў у вайне за незалежнасць Дамініканскай Рэспублікі ад Іспаніі. У час нац.-вызв. вайны 1868—78 на Кубе стаў генералам арміі паўстанцаў, на чале якіх разбіў ісп. войскі каля Пала-Сека (1873), Наранха (1874), Гуасімаса (1874) і інш. Пазней у эміграцыі. З крас. 1895 зноў на Кубе, галоўнакаманд. арміяй паўстанцаў. Пасля ісп.-амер. вайны 1898 і акупацыі Кубы войскамі ЗША (студз. 1899) быў вымушаны распусціць сваю армію.
т. 5, с. 350
ГО́МЕС ДЭ ЛА СЕ́РНА (Gómez de la Serna) Рамон
(5.7.1888, Мадрыд — 12.1.1963),
іспанскі пісьменнік і публіцыст. Адзін з буйных прадстаўнікоў ісп. авангардызму (прапагандыст дадаізму), ідэі якога абагульніў у кн. «Ізмы» (1931). Вядомасць прынеслі кнігі эсэ і нарысаў «Растра» (1915), «Цырк» (1917), а таксама «грэгерыі» — парадаксальныя афарызмы. Яго эксперым. драматургія (п’есы «Беатрыс», 1909, «Паўлюдзі», 1929, «Лесвіцы», 1935) істотна паўплывала на фарміраванне тэатра абсурду. Аўтар больш як 20 раманаў і аповесцей. Найб. значныя: зб. навел «Незвычайны доктар» (1914), у якім прадугаданы шматлікія адкрыцці ў галіне псіхалогіі, і раман «Кіналандыя» (1923) — фантаст.-сатыр. адлюстраванне тагачаснай кінаіндустрыі. Пісаў аўтабіягр. і мемуарную прозу. Творы Гомеса дэ ла Серна вызначаюцца гумарам, стылістычнай свабодай і яркімі моўнымі навацыямі. З 1936 жыў у Аргенціне.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1983.
К.М.Міхееў.
т. 5, с. 350
ГО́МЕС КА́СТРА (Gómez Castro) Лаўрэана Элеўтэрыо
(20.2.1889, г. Багата, Калумбія — 13.7.1965),
палітычны і дзярж. дзеяч Калумбіі. З 1911 дэп. Нац. кангрэса. Міністр грамадскіх работ (1925—26), пасол у Аргенціне (1923—31) і Германіі (1931—32). Сенатар (1931—44). З 1932 лідэр Кансерватыўнай партыі. З 1948 міністр замежных спраў. У 1950—53 прэзідэнт Калумбіі, устанавіў у краіне рэжым асабістай дыктатуры. У выніку перавароту Г.Рохаса Пінілы (1953) адхілены ад улады і эмігрыраваў у Іспанію. У 1958—62 старшыня сената Калумбіі.
т. 5, с. 350
«ГО́МОН»,
нелегальны часопіс бел. народнікаў. Выдаваўся ў 1884 у Пецярбургу гектаграфічным спосабам на рус. мове бел. арг-цыяй «Гоман». Выйшлі 2 нумары: 1-ы ў пач. года, другі 15 лістапада. Меў падзагаловак «Беларускі сацыяльна-рэвалюцыйны агляд». Змяшчаў матэрыялы пра рэв. падзеі ў Расіі і Беларусі, эканам. і паліт. становішча бел. народа, сцвярджаў самабытнасць бел. мовы, крытыкаваў палітыку царызму, выступаў за федэратыўную самастойнасць бел. народа, за развіццё яго культуры.
С.В.Говін.
т. 5, с. 350