Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭ́РЫ (Terry) Элен Аліс (27.2.1847, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 21.7.1928),

англійская актрыса. Дэбютавала ў 1856. З 1867 у т-ры «Ліцэум» пад кіраўніцтвам Г.Ірвінга (яе пастаянны партнёр да 1898), у 1902—03 кіраўнік т-ра «Імперыял». Створаныя ёй вобразы вылучаліся эмацыянальнасцю і задушэўнасцю: Афелія, Порцыя, Віёла, Беатрычэ («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Дванаццатая ноч», «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Маргарыта («Фауст» І.​Гётэ), Алівія («Алівія» У.​Уілса паводле О.​Голдсміта). Паставіла (з сынам Э.Г.Крэгам) «Ваеўнікі ў Хельгеландзе» Г.​Ібсена (выканала ролю Іордыс) і «Многа шуму з нічога» (1903). Сярод інш. роляў: лэдзі Сесілія («Вяртанне капітана Брэсбаўнда» Б.​Шоу, роля напісана спецыяльна для яе), Эліс Грэй («Эліс-сядзі-каляагню» Дж.​Бары) і інш. Здымалася ў кіно. Апублікавала аўтабіяграфію «Гісторыя майго жыцця» (1908), у 1931 выдадзены цыкл яе лекцый пра Шэкспіра і перапіска з Шоу. Акцёрамі былі і яе сёстры — Кейт Т. (1844—1924), Флорэнс Т. (1854—96), Марыён Т. (1856—1930), брат Фрэд Т. (1863—1933).

т. 16, с. 143

ТЭРЫГЕ́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ (ад лац. terra зямля + ...генез),

абломкавыя асадкі і абломкавыя горныя пароды, якія складаюцца са знесеных з сушы (у выніку яе дэнудацыі) абломкаў розных парод і мінеральных зерняў. Утвараюцца ў вадаёмах (марскіх і прэснаводных) і ў наземных умовах. З Т.а. звязаны россыпы каштоўных рэдкіх і рассеяных металаў, алмазаў, бурштыну, радовішчы буд. матэрыялаў і інш. Гл. таксама Марскія адклады.

т. 16, с. 143

ТЭРЫКО́Н (франц. terri conique ад terri пародны адвал + conique канічны),

адвал шахтавых горных парод ці адходаў абагачэння, якія адсыпаюцца ў форме конуса.

т. 16, с. 143

ТЭРЫЛЕ́Н,

гандлёвая назва поліэфірнага валакна, што вырабляюць у Вялікабрытаніі.

т. 16, с. 143

ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНАСЦЬ у жывёл,

форма выкарыстання асобінамі, сем’ямі, папуляцыямі жывёл тэрыторыі, якая вызначае прасторавыя ўзаемаадносіны паміж імі. Садзейнічае больш раўнамернаму размяшчэнню арганізмаў і з’яўляецца механізмам, які лімітуе іх колькасць. Найб. характэрна для жывёл са складанымі рэпрадуктыўнымі паводзінамі: вышэйшых ракападобных, павукоў, насякомых, малюскаў, рыб, земнаводных, рэптылій, часцей для птушак, млекакормячых.

У аснове Т. — канкурэнцыя з-за прасторы з усімі яе рэсурсамі (прыстанішчы, корм, асобіны процілеглага полу). Праяўляецца Т. у індывід. ці групавой, пастаяннай ці сезоннай ахове тэрыторыі (участкі гнездавыя, індывід., сямейныя, каланіяльныя, паляўнічыя, спароўвання) пры дапамозе дыстантных ці кантактных сігналаў. Да дыстантных належаць апавяшчэнне канкурэнтаў гукамі (стракатанне цвыркуна, спевы птушак, выццё ваўкоў), пахам (мечанне тэрыторыі мачой у кашэчых і памётам у капытных). Набор пагражальных сігналаў (афарбоўка, позы, паводзіны) выкарыстоўваецца пры сутыкненні асобін на агульнай мяжы (кантактныя сігналы). Асобіны, не здольныя ўтрымаць тэрыторыю, выключаюцца з размнажэння; пры празмерна высокай шчыльнасці папуляцыі сутыкненні завяршаюцца гібеллю слабейшых.

т. 16, с. 143

ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ, тэрытарыяльнае мора,

марскія (азёрныя) воды, якія прылягаюць да сухапутнай тэрыторыі пэўнай дзяржавы і знаходзяцца пад яе суверэнітэтам. Шыр. ад 3 да 12 марскіх міль. Судны ўсіх дзяржаў могуць карыстацца правам мірнага праходу праз Т.в., выконваючы пры гэтым палажэнні міжнар. пагадненняў, законы і правілы прыбярэжных дзяржаў; у адносінах да ваен. караблёў многія дзяржавы прытрымліваюцца дазвольнага або паведамляльнага парадку. Рэжым Т.в. рэгулюецца Жэнеўскай Канвенцыяй аб тэр. моры і прылеглай зоне 1958.

т. 16, с. 143

ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫЯ ВО́ЙСКІ,

1) вайсковыя фарміраванні, якія ствараліся на аснове тэрытарыяльна-міліцыйнай сістэмы. У СССР, у т. л. ў БССР, існавалі ў 1923—38 (гл. Міліцыйная армія).

2) У шэрагу дзяржаў — частка ўзбр. сіл, прызначаных для папаўнення рэгулярных войск. Выкарыстоўваюцца для аховы і абароны аб’ектаў у глыбіні краіны (аэрадромаў, баз, пунктаў кіравання і інш.), барацьбы з дэсантамі, дыверсійнымі групамі і інш. Тэр.-занальны прынцып, на аснове якога адбываецца камплектаванне і выкарыстанне Т.в., прадугледжвае падзел тэр. краіны на зоны (адм. раёны) абароны. Т.в. Фінляндыі, Нарвегіі і Даніі наз. войскамі мясц. абароны («Хэмверн»), у ЗША — нац. гвардыяй, у ФРГ — войскамі абароны радзімы («Гайматшугц»). Звычайна з’яўляюцца састаўной часткай сухап. войск. На Беларусі Т.в. фарміруюцца і разгортваюцца ў пагражальны перыяд, а таксама ў ходзе вучэнняў, напр., комплекснага аператыўна-тактычнага вучэння «Бярэзіна-2002». На іх ускладваюцца задачы: узмацненне асобных прыгранічных участкаў, дзе не плануецца вядзенне баявых дзеянняў рэгулярнымі войскамі; удзел у барацьбе з дэсантна-дыверсійнымі сіламі праціўніка і незаконнымі ўзбр. фарміраваннямі, падтрымка рэжыму ваен. становішча; эвакуацыя насельніцтва і матэрыяльных рэсурсаў з раёнаў магчымых баявых дзеянняў, выкананне мерапрыемстваў па ліквідацыі наступстваў прымянення зброі масавага знішчэння; ахова і абарона тылавых аб’ектаў (раёнаў), гарадоў і інш. населеных пунктаў; вядзенне ўзбр. барацьбы на часова захопленай праціўнікам тэр. і інш. Асн. фарміраванні: асобныя стралк. батальён, рота, узвод. Кіраўніцтва Т.в. ажыццяўляюць камандуючы сухап. войскамі, адпаведныя структуры аператыўных напрамкаў, нач. зон тэр. абароны і інш.

А.​М.​Любачка.

т. 16, с. 143

ТЭРЫТО́РЫЯ (лац. territorium ад terra зямля),

1) частка паверхні зямной сушы з прыроднымі, а таксама створанымі ў выніку чалавечай дзейнасці ўласцівасцямі і рэсурсамі. Характарызуецца працягласцю (плошчай), асаблівасцямі геагр. становішча, пэўным тыпам прыроднага ландшафту, гасп. асвоенасцю і інш. 2) Адм.-тэр. адзінка ў некат. краінах; вылучаецца нараўне з асн. адм. адзінкай па прыкметах (адзнаках) меншай абжытасці і асвоенасці і інш., з абмежаванымі правамі мясц. кіравання. Т. вылучаецца ў Аўстраліі, Венесуэле, Індыі, Канадзе (нараўне са штатамі і інш. адм. адзінкамі).

т. 16, с. 143

ТЭРЫТО́РЫЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,

частка зямнога шара, якая знаходзіцца пад суверэнітэтам пэўнай дзяржавы. У склад Т.дз. уваходзяць суша з яе нетрамі, воды і паветр. прастора, што ляжыць над сушай і водамі. Суша — уся сухапутная тэр. ў межах граніц дзяржавы. Водную тэрыторыю складаюць унутр. (нац.) і тэр. воды. Нетры, што знаходзяцца пад сухапутнай і воднай тэр., з’яўляюцца прыналежнасцю дадзенай дзяржавы да тэхнічна даступнай глыбіні. У паветраную прастору ўваходзяць трапасфера, стратасфера, а таксама значная частка вышэйляжачай прасторы. Бакавыя межы Т.дз. вызначаюцца дзярж. граніцамі. У межах сваёй тэр. дзяржава ажыццяўляе сваё вяршэнства, якое называецца тэрытарыяльным і з’яўляецца састаўной часткай дзярж. суверэнітэту. Права на Т.дз. звычайна замацоўваецца канстытуцыямі дзяржаў. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (арт. 9) абвяшчае тэр. краіны натуральнай умовай існавання і прасторавай мяжой самавызначэння народа, асновай яго дабрабыту і суверэнітэту. Тэр. Беларусі, якая складае пл. 207,6 тыс. км², адзіная і неадчужальная; яна падзяляецца на вобласці, раёны, гарады і інш. адм.-тэр. адзінкі.

Г.​А.​Маслыка.

т. 16, с. 143

ТЭРЫЯЛО́ГІЯ (ад грэч. thērion звер + ...логія),

мамаліялогія, мамалогія, раздзел заалогіі, які вывучае млекакормячых.

Вывучае сістэматыку млекакормячых, іх паходжанне і сувязі з інш. групамі жывёл, біялогію, геагр. пашырэнне, шляхі міграцый, гасп. значэнне дзікіх звяроў. Адна з асн. задач Т. — распрацоўка біял. асноў рацыянальнага выкарыстання дзікіх млекакормячых. Выкарыстоўвае метады: назіральны, апісальны, параўнальна-анат., колькаснага ўліку і інш. Тэрмін «Т.» прапанаваны рас. заолагам С.​І.​Агнёвым у 1928.

На Беларусі пытанні Т. вывучаюцца ў Інстытуце заалогіі Нац. АН, Бярэзінскім біясферным запаведніку, нац. парках рэспублікі і інш. Сярод бел. вучоных, якія займаліся пэўнымі пытаннямі ў галіне Т., І.М.Сяржанін, П.​Р.​Козла, А.​М.​Курскоў, В.​М.​Міхалап, Э.​Р.​Самусенка, В.​Ф.​Цераховіч і інш.

Літ.:

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих [Т. 1—3]. М., 1973—79;

Териология в СССР. М., 1984;

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989.

т. 16, с. 144