ТЭРЫЯЛО́ГІЯ (ад грэч. thērion звер + ...логія),

мамаліялогія, мамалогія, раздзел заалогіі, які вывучае млекакормячых.

Вывучае сістэматыку млекакормячых, іх паходжанне і сувязі з інш. групамі жывёл, біялогію, геагр. пашырэнне, шляхі міграцый, гасп. значэнне дзікіх звяроў. Адна з асн. задач Т. — распрацоўка біял. асноў рацыянальнага выкарыстання дзікіх млекакормячых. Выкарыстоўвае метады: назіральны, апісальны, параўнальна-анат., колькаснага ўліку і інш. Тэрмін «Т.» прапанаваны рас. заолагам С.​І.​Агнёвым у 1928.

На Беларусі пытанні Т. вывучаюцца ў Інстытуце заалогіі Нац. АН, Бярэзінскім біясферным запаведніку, нац. парках рэспублікі і інш. Сярод бел. вучоных, якія займаліся пэўнымі пытаннямі ў галіне Т., І.М.Сяржанін, П.​Р.​Козла, А.​М.​Курскоў, В.​М.​Міхалап, Э.​Р.​Самусенка, В.​Ф.​Цераховіч і інш.

Літ.:

Соколов В.Е. Систематика млекопитающих [Т. 1—3]. М., 1973—79;

Териология в СССР. М., 1984;

Жизнь животных. Т. 7. 2 изд. М., 1989.

т. 16, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)