МАЎРЫТА́НСКІ СТЫЛЬ, маўрытанскае мастацтва,
1) умоўная назва сярэдневяковага мастацтва краін Паўн. Афрыкі і Паўд. Іспаніі 11—15 ст. Узнік ад зліцця маст. традыцый Араб. халіфата, бербераў і вестготаў. Дамінаваў у архітэктуры: мячэці з унутр. дваром і адкрытай у яго шматнефавай малітоўнай шматстоўпнай залай, квадратныя ў плане мінарэты-вежы, палацы. У пабудовах выкарыстоўваліся шматлопасцевыя, стральчата-падковападобныя і фестончатыя аркі, сталактытавыя купалы, столі артэсанада, фрызы, карнізы, у аздабленні — насценная разьба па стука і дрэве, абліцоўка калон кафляй, керамічная і шкляная мазаіка, вітражы, каляровы мармур. Стыль развіваўся ад яснай тэктанічнасці форм са стрыманым дэкорам (Вялікая мячэць у Алжыры) да іх зрокавага растварэння ў дэкар. аздабленні (палац-крэпасць Альгамбра ў Гранадзе, сярэдзіна 13 — канец 14 ст.). Дэкор пабудоў і прадметаў прыкладнога мастацтва вызначаўся павышана-дэкар. арнаментам з расл., геам. і эпіграфічнымі матывамі (размаляваная люстрам фаянсавая «Ваза Фартуні» з Альгамбры).
2) Адзін з гіст. стыляў 2-й пал. 19 ст., заснаваны на выкарыстанні матываў дэкору маўрытанскай архітэктуры 11—15 ст. (будынкі сінагог у Берліне, Будапешце, Ужгарадзе, асабняк Марозавых у Маскве, 1894, арх. В.Мазырын, і інш.).
т. 10, с. 221
МА́ЎРЫЧАЎ (Анатоль Сяргеевіч) (н. 2.1.1949, в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне анкалогіі. Д-р мед. н. (1993), праф. (1996). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1972). З 1984 у Бел. НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1990 нам. дырэктара). Навук. працы па ўдасканаленні дыягностыкі і распрацоўцы метадаў лячэння анкауралагічных хворых з выкарыстаннем агульнай гіпертэрміі, фотадынамічнай тэрапіі, агульнай магнітатэрапіі, лазератэрапіі.
Тв.:
Справочник по рентгеноэндоваскулярным вмешательствам в онкологии. Мн., 1995 (у сааўт.);
Почечно-клеточный рак. Мн., 1996.
т. 10, с. 221
МАЎРЫ́ШЧАЎ (Віктар Сямёнавіч) (5.2. 1925, в. Сафонава Мікалаеўскай вобл., Украіна — 10.10.1989),
бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1954), праф. (1976). Засл. эканаміст Беларусі (1972). Скончыў Маскоўскі эканам. ін-т (1951). З 1954 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Навук. працы па праблемах эфектыўнасці прамысл. вытв-сці. Адзін з аўтараў падручніка «Эканоміка прамысловасці СССР» (1975).
Тв.:
Предмет экономики социалистической промышленности. Мн., 1961;
Экономическая эффективность промышленного производства. Мн., 1973 (разам з В.І.Выбарнавым);
Проблемы эффективности промышленного производства. Мн., 1978.
т. 10, с. 221
МА́ЎРЭР ((Maurer) Георг Людвіг фон) (2.11.1790, Эрпальцгайм, каля г. Дзюркгайм, Германія — 9.5.1872),
нямецкі дзярж. дзеяч, гісторык, стваральнік абшчыннай тэорыі. З 1826 праф. права ў Мюнхенскім ун-це. Займаў вышэйшыя пасады ў суд. ведамстве Баварыі. У 1832—34 адзін з рэгентаў пры грэч. каралю Атоне I Баварскім, рэарганізаваў там судовую сістэму, зрабіў грэч. царкву незалежнай ад візант. патрыярха. Ў 1847 фактычна старшыня баварскага ўрада (міністр замежных спраў і юстыцыі). Быў прыхільнікам канстытуцыйнай манархіі, якая, на яго думку, павінна засноўвацца на абшчынных прынцыпах. Даследаваў гісторыю маркі ў Германіі; лічыў яе рэшткамі першапач. агр. камунізму, характэрнага для стараж. германцаў. Аўтар 12-томнай серыі прац, прысвечаных развіццю сац.-эканам. ладу Германіі ў сярэднявеччы, у т. л. «Гісторыі стану марак у Германіі» (1856), «Гісторыі панскіх двароў, сялянскіх двароў і стану сядзіб у Германіі» (т. 1—4, 1862—63), «Гісторыі стану вёскі ў Германіі» (т. 1—2, 1865—66).
Літ.:
Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988.
т. 10, с. 221
МАЎРЭТА́НІЯ (лац. Mauretania),
старажытная вобласць на ПнЗ Афрыкі на тэр. сучасных Алжыра і Марока. Асн. яе насельніцтвам былі плямёны бербераў. У канцы 2-га тыс. да н.э. прыбярэжныя раёны М. каланізаваны фінікійцамі. З 3 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Карфагенскай дзяржаве. Пасля падзення Карфагена ў 146 да н.э. — пад уплывам Рыма. У 45 н.э. ўключана ў склад Рымскай імперыі, падзелена на 2 правінцыі: М. Тынгітанскую і М. Цэзарэйскую. У 429 заваявана вандаламі, у 534 вернута Візантыі. У 7—8 ст. падпарадкавана арабамі.
т. 10, с. 221
МАЎТА́МА́, Мартабан,
заліў на Пн Андаманскага м. Індыйскага ак., каля берагоў М’янмы. Даўж. каля 150 км, шыр. каля ўвахода прыблізна 220 км, глыб. да 20 м. Прылівы паўсутачныя (да 7,2 м). На беразе М. сталіца М’янмы — г. Янгон.
т. 10, с. 221
МА́ЎТГАЎЗЕН (Mauthausen),
нямецка-фашысцкі канцэнтрацыйны лагер каля г. Маўтгаўзен (Аўстрыя) у жн. 1938—45. Засн. як філіял канцлагера Дахау, з сак. 1939 самаст. лагер. Да мая 1945 тут зняволена каля 335 тыс. чал., забіта 120 тыс. чал. У лагеры дзейнічала падп. інтэрнац. арг-цыя супраціўлення, якая 5—7.5.1945 узняла антыфаш. паўстанне. Пасля 2-й сусв. вайны на месцы М. створаны мемарыяльны музей, у 1948 устаноўлены помнік закатаванаму тут у лют. 1945 Дз.М.Карбышаву.
т. 10, с. 221
МАЎЧА́НСКІ (Дзмітрый Сцяпанавіч) (26.10.1901, в. Рагатка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 23.6.1979),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падполля і партыз. руху на тэр. Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Камуніст. ін-т журналістыкі ў Мінску (1934), Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1946). З 1924 на сав., парт. і журналісцкай рабоце. У Вял. Айч. вайну з 1942 у ЦШПР, з 2.4.1943 сакратар Магілёўскага падп. абкома КП(б)Б, адзін з кіраўнікоў Магілёўскага партыз. злучэння. Пасля вайны на парт. і сав. рабоце. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—47.
т. 10, с. 222
МА́ФІЯ [італьян. maf(f)ia],
тайная злачынная арганізацыя, якая дзейнічае метадамі шантажу, гвалту, забойстваў і да т.п. Узнікла на в-ве Сіцылія (Італія) спачатку як арганізаваная самаабарона насельніцтва. У 20 ст. ў Італіі, а потым і ў інш. краінах (напр., «Коза ностра» ў ЗША) манапалізавала злачынны бізнес (найперш наркабізнес, ігральныя дамы, прастытуцыю і да т.п.), пранікла ў паліт. сферу. Адметнай рысай М. як крыміналагічнага феномена з’яўляецца сувязь з перажыткамі родаплемянных звычаяў, якія надаюць М. асаблівую ўстойлівасць і ўнутр. згуртаванасць. Часам тэрмінам «М.» пазначаюць усе формы арганізаванай злачыннасці.
т. 10, с. 222
МАХ ((Mach) Вільгельм) (1.1.1917, в. Камёнка Падкарпацкага ваяв., Польшча — 2.7.1965),
польскі пісьменнік. Скончыў Ягелонскі. ун-т у Кракаве (1947). Друкаваўся з 1947. Будні правінцыяльнага гарадка ў гады ням.-фаш. акупацыі, яе маральныя і псіхал. наступствы адлюстраваны ў аповесці «Іржа» (1950). Рэчаіснасць польск. вёскі 1940-х г. у цэнтры рамана «Явараў дом» (1954, Дзярж. прэмія Польшчы 1955). Свет дзіцячых перажыванняў узнавіў у рэфлексіўна-лірычным рамане «Жыццё вялікае і малое» (1959). Эксперым. раман «Горы над чорным морам» (1961) адметны аўтабіяграфізмам і дакументальнасцю, філас. заглыбленасцю. Раман «Агнешка, дачка Калумба» (1964, Дзярж. прэмія Польшчы 1964) пра жыццё пасляваен. вёскі, лёс польск. інтэлігенцыі. Аўтар апавяданняў, рэпартажаў, «Літаратурных нарысаў» (т. 1—2, 1971).
Тв.:
Рус пер. — Дом Явора. М., 1956;
Агнешка, дочь «Колумба» // Мах В. Агнешка, дочь «Колумба»;
Конвицкий Т. Современный сонник. М., 1973.
Літ.:
Poradecki J. Pisarstwo Wilhelma Macha. Łódź, 1984.
С.Дз.Малюковіч.
т. 10, с. 222