МА́ФІЯ [італьян. maf(f)ia],
тайная злачынная арганізацыя, якая дзейнічае метадамі шантажу, гвалту, забойстваў і да т.п. Узнікла на в-ве Сіцылія (Італія) спачатку як арганізаваная самаабарона насельніцтва. У 20 ст. ў Італіі, а потым і ў інш. краінах (напр., «Коза ностра» ў ЗША) манапалізавала злачынны бізнес (найперш наркабізнес, ігральныя дамы, прастытуцыю і да т.п.), пранікла ў паліт. сферу. Адметнай рысай М. як крыміналагічнага феномена з’яўляецца сувязь з перажыткамі родаплемянных звычаяў, якія надаюць М. асаблівую ўстойлівасць і ўнутр. згуртаванасць. Часам тэрмінам «М.» пазначаюць усе формы арганізаванай злачыннасці.
т. 10, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)