МА́ХА ((Mácha) Карал Гінак) (16.11.1810, Прага — 6.11.1836),
чэшскі паэт-рамантык. Скончыў Пражскі ун-т (1836). Вяршыня яго творчасці — паэма «Май» (1836), у аснове якой супрацьпастаўленне гармоніі прыроды і трагедыйнасці чалавечых адносін. У гіст. рамане «Крканошскае паломніцтва», тэтралогіі «Кат» (абодва 1832), аповесці «Цыганы» (1835), драмах «Баляслаў» (1831—33), «Кароль Фрыдрых» (1832—33), «Братазабойца» (1833), «Браты» (1833—34) праблемы лёсу чалавека і сэнсу яго існавання, дысгармоніі і быцця, разладу «зямнога і нябеснага», пакут чалавека, улады абставін і інш. Для яго твораў характэрна вольнае спалучэнне эпічных, лірычных і драм. пластоў, кампазіцыйная суадноснасць з муз. творам. Аўтар аўтабіягр. цыкла «Карціны з майго жыцця» (1834). Асобныя ўрыўкі з паэмы «Май» на бел. мову пераклаў Х.Жычка.
Літ.:
Бел. пер. — у кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;
Рус. пер. — Избранное. М., 1960.
А.У.Вострыкава.
т. 10, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)