Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),

казахскі паэт. Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед. ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.Жычка, А.Звонак, М.Маляўка, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, А.Шымук і інш.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979.

т. 10, с. 217

МАЎЛЕ́ННЕ,

канкрэтнае гаварэнне, якое адбываецца ў часе і ўвасоблена ў гукавой ці пісьмовай форме; адзін з гал. відаў камунікатыўнай дзейнасці чалавека. Пад М. разумеюць працэс гаварэння (маўленчую дзейнасць) і яго вынік (маўленчыя творы, якія фіксуюцца памяццю ці пісьмом). Маўленчая дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з пэўнымі правіламі (фанет., марфал., сінтакс. і лексічнымі), уласцівымі пэўнай мове на пэўным этапе яе гіст. развіцця. Сукупнасць гэтых правіл (норм моўных) утварае сістэму мовы. Мова як код, як сістэма аб’ектыўна існуючых, сац. замацаваных знакаў, якія суадносяць паняційны змест і тыповае гучанне, і М. ўтвараюць дыялектычнае адзінства. Маўленчая дзейнасць грунтуецца на моўных нормах, увасобленых у моўным матэрыяле, а моўная сістэма ствараецца, развіваецца і ўдасканальваецца толькі ў маўленчай дзейнасці. М. — увасабленне, рэалізацыя мовы, праз яго мова выконвае свае камунікатыўныя функцыі. Характарыстыка М. даецца праз проціпастаўленне яго мове. У адрозненне ад мовы М. рухомае, мэтанакіраванае, сітуатыўна і індывідуальна абумоўленае, канкрэтнае і матэрыяльнае, актуальнае, бясконцае, актыўнае і дынамічнае, лінейнае, адвольнае, варыятыўнае і інш. Паколькі мова выкарыстоўваецца і як сродак зносін і ў інш. сферах дзейнасці чалавека (напр., пазнавальнай, г.зн. мысленні, і інш.), вылучаюць уласна М. або «знешняе» (камунікатыўна-накіраванае) і ўнутр. (накіравана на яго суб’ект, самога сябе для пастаноўкі і рашэння пэўных пазнавальных задач). «Знешняе» М. падзяляецца на маналагічнае (гл. Маналог) і дыялагічнае (гл. Дыялог). Працэс М. характарызуецца пэўным тэмпам, працягласцю, тэмбравымі асаблівасцямі, ступенню гучнасці, выразнасці і г.д. М. можа быць ахарактарызавана праз указанне на псіхал. стан таго, хто гаворыць, яго камунікатыўную задачу, адносіны да субяседніка, шчырасць, па прыкметах сваёй фармальнай і сэнсавай структуры. Да М. прыдатны эстэт. (стылістычныя) і этычныя (нарматыўныя) ацэнкі. У розных сац. сферах з’явы М. тыпізуюцца, утвараюць адносна самаст. сістэмы — функцыянальныя стылі (гл. Стылі мовы). Вывучаюць М. мовазнаўства, псіхалогія, фізіялогія, сацыялогія, філасофія, літаратуразнаўства і інш.

Літ.:

Леонтьев А.А. Язык, речь, речевая деятельность. М., 1969;

Соссюр Ф.де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 16. Лингвистическая прагматика. М., 1985;

Новое в зарубежной лингвистике. Вып. 17. Теория речевых актов. М., 1986.

Л.Д.Выгонная.

т. 10, с. 217

МА́ЎЛЬБЕРЧ, Маўльперч (Maulbertsch, Maulpertsch) Франц Антон (хрышчаны 8.6.1724, Лангенарген, Германія — 8.8.1796), аўстрыйскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік аўстр. барока. Вучыўся ў Венскай АМ (1741—49), з 1770 яе прафесар. Зазнаў уплывы венецыянскага жывапісу і Рэмбранта. Працаваў у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, Славакіі, Чэхіі. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, падкрэсленым дынамізмам кампазіцыі, насычанасцю каларыту і святлоценявой мадэліроўкі; работы позняга перыяду маюць рысы класіцызму. Майстар манум. жывапісу: фрэскі ў касцёле п’ярыстаў (1752—53) і ун-це (1756—59) у Вене, цэрквах у Інсбруку (1775—76, Аўстрыя) і ў Шумегу (1757—58), саборы ў Папе (1780—81) і епіскапскай рэзідэнцыі ў Сомбатхеі (1783, Венгрыя), капэле палаца прымаса ў Браціславе (1781) і інш. Аўтар алтарных карцін «Св. Павел» (1759), «Узняцце крыжа» (1760), «Св. Тройца» (каля 1785—86) і інш.; гравюр («Прычашчэнне апосталаў», 1765, і інш.).

Я.Ф.Шунейка.

Ф.А.Маўльберч. Святы Павел. 1759.

т. 10, с. 217

МАЎЛЯ́НАВА (Ханіфа Мухіддзінаўна) (н. 1924, г. Худжант, Таджыкістан),

таджыкская спявачка (лірыка-драм. сапрана), педагог. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1959). З 1937 у Т-ры юнага гледача, муз.-драм. т-ры (Ленінабад), у 1943—83 салістка Таджыкскага т-ра оперы і балета (Душанбе). З 1969 заг. кафедры, з 1978 праф. Тадж. ін-та мастацтваў. Валодае моцным выразным гнуткім голасам прыгожага тэмбру. Сярод партый: Махін («Тахір і Зухра» А.Ленскага), Гульру («Пулат і Гульру» Ш.Сайфіддзінава), Малахат («Вяртанне» Я.Сабзанава), Нісо («Бахціёр і Нісо» С.Баласаняна), Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), «Тоска» («Тоска» Дж.Пучыні), Аіда, Дэздэмона («Аіда», «Атэла» Дж.Вердзі). Выканальніца макомаў.

т. 10, с. 218

МА́ЎНА-КЕ́А (Mauna Кеа),

патухлы вулкан шчытавога (гавайскага) тыпу на в-ве Гаваі ў Ціхім ак. Выш. 4202 м (найб. на Гавайскіх а-вах). Складзены з алівіна-базальтавых і андэзітавых лаў. Кратэр не захаваўся, плоская вяршыня амаль пастаянна ўкрыта снегам. На схілах трапічныя лясы, хмызнякі.

т. 10, с. 218

МА́ЎНА-ЛО́А (Mauna Loa),

дзеючы вулкан шчытавога (гавайскага) тыпу на в-ве Гаваі, у Ціхім ак. Выш. 4170 м (самы высокі і вял. па аб’ёме на Зямлі з улікам вышыні падводнага цокаля, які ляжыць на глыбіні каля 4500 м). Складзены з алівіна-базальтавых лаў. Частыя вывяржэнні (адзін з самых актыўных на Зямлі). На схілах трапічныя лясы, хмызнякі. Трапічнае земляробства. Уваходзіць у склад Гавайскага вулканічнага нац. парку (ахова трапічнай флоры), уключанага ЮНЕСКА у спіс Сусв. спадчыны. Вулканалагічная станцыя.

т. 10, с. 218

МАЎНТБЕ́ТЭНА ПЛАН,

план прадастаўлення незалежнасці Брыт. Індыі, які прапанаваў яе віцэ-кароль Л.Маўнтбетэн. Абнародаваны брыт. урадам 3.6.1947. Прадугледжваў падзел Брыт. Індыі на 2 дамініёны — Інд. Саюз (пераважна з індуісцкім насельніцтвам) і Пакістан (пераважна з мусульм. насельніцтвам). Правінцыі Пенджаб і Бенгалія падзяляліся паміж імі паводле вынікаў галасавання ў мясц. асамблеі. Правіцелі княстваў мелі права далучыцца да аднаго з дамініёнаў або захаваць ранейшыя адносіны з Вялікабрытаніяй. 15.8.1947 працэдура падзелу была скончана, а М.п. зацверджаны каралём Вялікабрытаніі як Закон пра незалежнасць Індыі.

т. 10, с. 218

МАЎНТ-А́ЙЗА — ХІ́ЛТАН (Mount Isa, Hilton),

медна-поліметалічны гарнарудны раён у Аўстраліі (штат Квінсленд); адзін з буйнейшых у свеце. Паклады Маўнт-Айза распрацоўваюцца з 1931. Агульныя запасы медна-калчаданных руд 141,5 млн. т (медзі Cu 3—3,8%), серабра-свінцова-цынкавых руд 92,6 млн. т (цынку Zn 6,3—9,6%, свінцу Pb 5,5—7,7%, серабра Ag 62—180 г/т). Цэнтр — г. Маўнт-Айза.

т. 10, с. 218

МАЎНТ-ЛАВІ́НІЯ, Дэхівала-Маўнт-Лавінія,

горад на ПдЗ Шры-Ланкі. Паўд. прадмесце г. Каломба. Каля 200 тыс. ж. (1995). Гандлёва-рамесны і турыстычны цэнтр. Марскі курорт.

т. 10, с. 218

МАЎНТ МАК-КІ́НЛІ (Mount McKinley),

Дэналі, нацыянальны парк у ЗША, на Алясцы, у раёне гары Мак-Кінлі. Засн. ў 1917. Пл. каля 785 тыс. га. Тундравыя згуртаванні, тайга з каштоўнымі пародамі дрэў (дугласія, тсуга і інш.). Звычайныя амер. лось, паўн. алень, баран Дала, воўк, мядзведзь (грызлі). Каля 130 відаў птушак. Біясферны рэзерват.

т. 10, с. 218