МАЎЛЕ́НАЎ (Сырбай) (17.9.1922, с. Тургай Тургайскай вобл., Казахстан — 15.2.1993),
казахскі паэт. Нар. пісьменнік Казахстана (1990). Скончыў Казахскі пед. ін-т імя Абая (1973). Друкаваўся з 1937. У зб-ках вершаў і паэм «Голас стэпаў» (1949), «Агні гары Магнітнай» (1952), «Новая вясна» (1956), «Зорныя гады» (1963), «Красавіцкі дождж» (1967), «Чырвоная арча», «Старажытнасць і маладосць» (абодва 1969; за абодва Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1971), «Восень без дажджоў» (1980), «Полымя» (1985) і інш. паэтызацыя мірнага жыцця, працы, прыгажосці роднай зямлі, матывы дружбы народаў. Аўтар кніг вершаў і апавяданняў для дзяцей. Некалькі вершаў прысвяціў Беларусі. Пераклаў на каз. мову асобныя вершы Я.Коласа. На бел. мову творы М. пераклалі Х.Жычка, А.Звонак, М.Маляўка, Ю.Свірка, Я.Семяжон, М.Хведаровіч, А.Шымук і інш.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Табе, Беларусь. Мн., 1968;
Рус. пер. — Избранное. М., 1979.
т. 10, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)