МА́ЎЛЬБЕРЧ, Маўльперч (Maulbertsch, Maulpertsch) Франц Антон (хрышчаны 8.6.1724, Лангенарген, Германія — 8.8.1796), аўстрыйскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік аўстр. барока. Вучыўся ў Венскай АМ (1741—49), з 1770 яе прафесар. Зазнаў уплывы венецыянскага жывапісу і Рэмбранта. Працаваў у Аўстрыі, Венгрыі, Германіі, Румыніі, Славакіі, Чэхіі. Творы вызначаюцца экспрэсіўнасцю, падкрэсленым дынамізмам кампазіцыі, насычанасцю каларыту і святлоценявой мадэліроўкі; работы позняга перыяду маюць рысы класіцызму. Майстар манум. жывапісу: фрэскі ў касцёле п’ярыстаў (1752—53) і ун-це (1756—59) у Вене, цэрквах у Інсбруку (1775—76, Аўстрыя) і ў Шумегу (1757—58), саборы ў Папе (1780—81) і епіскапскай рэзідэнцыі ў Сомбатхеі (1783, Венгрыя), капэле палаца прымаса ў Браціславе (1781) і інш. Аўтар алтарных карцін «Св. Павел» (1759), «Узняцце крыжа» (1760), «Св. Тройца» (каля 1785—86) і інш.; гравюр («Прычашчэнне апосталаў», 1765, і інш.).