філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога сцвярджаюць першаснасць матэрыі, прыроды, грамадства, аб’ектыўнай рэчаіснасці і другаснасць чалавечай свядомасці (духу). Свядомасць чалавека незалежна ад сваёй канкрэтнай формы прызнаецца ўласцівасцю высокаарганізаванай матэрыі. Прынцыповая супрацьлегласць пунктаў гледжання на рэчаіснасць, законы і рухаючыя сілы яе развіцця абумовілі барацьбу М. і ідэалізму па найб. істотных праблемах філасофіі (пабудова свету, пазнавальнасць рэчаў і з’яў, сутнасць чалавека, грамадства і інш.). Гал. ідэі філас. М.: прызнанне нестваральнасці свету, яго існавання і развіцця незалежна ад чыёй-н. волі; асэнсаванне прасторы і часу, руху ў якасці аб’ектыўных форм быцця матэрыі; адмаўленне самастойнасці свядомасці адносна матэрыі; тлумачэнне адзінства свету яго матэрыяльнасцю. У падыходзе да разумення грамадства і грамадскага жыцця для М. характэрна цікавасць да эканомікі і яе выключнай ролі ў функцыянаванні ўсіх грамадскіх сістэм (дзяржавы, права і інш.), навукі і асветы. Стаўленне прыхільнікаў М. да прыроды і грамадства абумоўлена ўпэўненасцю ў пазнавальнасці прадметаў і з’яў, што стварае магчымасць атрымання дакладных ведаў пра аб’ектыўную рэчаіснасць і іх выкарыстанне ў грамадскім жыцці. Паняцце М. зыходзіць з філас. разумення матэрыі і не датычыць якіх-н. канкрэтна-гіст. уяўленняў аб яе структуры. Таму нельга атаясамліваць з навук.матэрыяліст. ведамі выпадковыя прымітыўныя высновы, дзе, напр., агульны змест чалавечага мыслення дэтэрмінуецца непасрэдна фізіял. працэсамі ў арганізме, духоўнае жыццё і формы культуры тлумачацца ўзроўнем эканомікі і матэрыяльнага дабрабыту людзей, арганізацыяй эканам. дзейнасці і г.д.
Матэрыяліст. погляды на свет і змены ў ім узніклі ў глыбокай старажытнасці і складаюць значную частку духоўнай і культ. спадчыны чалавецтва. Першай даволі стройнай сістэмай матэрыяліст. поглядаў на свет быў стыхійны, наіўны М. стараж. грэкаў і рымлян, у якім у зародкавай форме праявіліся ўсе пазнейшыя кірункі М.: механістычны, вульгарны, дыялектычны і інш. Для стараж. М. характэрна разуменне свету як адзінага, непадзельнага цэлага, якое знаходзіцца ў стане сталага руху згодна са сваімі законамі. У новыя часы значны ўплыў атрымаў механістычны (метафізічны) М. (Ф.Бэкан, Т.Гобс, М.Ламаносаў і інш.). Гал. ўвагу яны скіроўвалі на вывучэнне мех. (знешніх) уласцівасцей рэчаў і адносін паміж імі. Сцвярджаючы наяўнасць матэрыі, філосафы-механіцысты трактавалі дадзеную катэгорыю ў абстрактна-метафіз. сэнсе і адрывалі матэрыю ад атрыбуту яе існавання — руху, які зводзіўся да мех. перамяшчэння цел у прасторы і часе. У тлумачэнні ўнутр. структуры рэчаў значную ролю адыгрывалі атамістычныя ідэі. У 19 ст. развіццё філас. М. адбывалася шляхам перапрацоўкі дыялектычнага вучэння Г.Гегеля, што залажыла асновы сучаснага М. Абагульненне развіцця матэрыяліст. ідэй на працягу гісторыі даецца ў філас. вучэнні К.Маркса, Ф.Энгельса, У.І.Леніна і іх паслядоўнікаў. Гл.Дыялектычны матэрыялізм, Гістарычны матэрыялізм, Дыялектыка, Філасофія і л-ру да гэтых артыкулаў.
юрыдычнае паняцце, што абазначае прававыя нормы, з дапамогай якіх дзяржава ажыццяўляе ўздзеянне на грамадскія адносіны шляхам прамога і непасрэднага прававога рэгулявання. Нормы М.п. замацоўваюць формы ўласнасці, юрыд. становішча маёмасці і асоб, вызначаюць парадак стварэння і структуры дзярж. органаў, устанаўліваюць прававы статус грамадзян, асновы і межы адказнасці за правапарушэнні і г.д. Аб’ектам М.п. выступаюць маёмасныя, прац., сямейныя і інш. адносіны. Фактычны (матэрыяльны) змест адносін складае аб’ектыўную аснову, у прыдатнасці да якой нормы М.п. вызначаюць узаемныя правы і абавязкі іх удзельнікаў. Гл. таксама Працэсуальнае права.
абавязак аднаго з бакоў працоўнага дагавору кампенсаваць матэрыяльную шкоду, нанесеную ім другому боку гэтага дагавору ў выніку неналежнага выканання сваіх абавязкаў у сферы прац. адносін. Існуюць 2 віды М.а.: работніка перад наймальнікам і наймальніка перад работнікам. Для прыцягнення работніка да М.а. паводле норм прац. заканадаўства неабходна, каб на момант нанясення шкоды работнік быў у прац. адносінах з прадпрыемствам, установай, арг-цыяй, якім ён нанёс шкоду. Парадак прыцягнення да М.а., умовы, яе памер вызначаюцца КЗаП Рэспублікі Беларусь, пастановай Дзярж.к-та Рэспублікі Беларусь па працы і сац. абароне насельніцтва ад 8.10.1993 «Аб зацвярджэнні Узорнага пераліку пасад і работ, якія замяшчаюцца або выконваюцца работнікамі, з якімі наймальнікі могуць заключаць пісьмовыя дагаворы аб поўнай матэрыяльнай адказнасці», Узорным дагаворам або поўнай індывідуальнай М.а. і Палажэннем аб калектыўнай (брыгаднай) М.а. Пытанні М.а. работніка перад наймальнікам рэгламентуюцца і інш. актамі заканадаўства. М.а. настае толькі за прамую сапраўдную шкоду, калі яна ўзнікла ад проціпраўных дзеянняў па віне работніка. У адпаведнасці з заканадаўствам наймальнікі нясуць М.а. за шкоду, нанесеную работніку пакалечаннем або інш. пашкоджаннем здароўя, звязанымі з выкананнем ім сваіх прац. абавязкаў. Абавязковай умовай прыцягнення наймальніка да М.а. з’яўляецца проціпраўнае нанясенне шкоды. Прыкмета проціпраўнасці выяўляецца ў парушэнні наймальнікам абавязкаў, ускладзеных на яго як аднаго з бакоў прац. дагавору.
вытворчая і тэхніка-тэхналагічная аснова існавання і развіцця грамадства. У яе структуру ўваходзяць сродкі вытв-сці і прылады працы, тэхніка і тэхналогія яе спалучэння з чалавекам, характар і ўзровень грамадскай арганізацыі працы. Якасны стан М.-т. б. выражае адносіны грамадства да навакольнага прыроднага асяроддзя і адначасова з’яўляецца дэтэрмінантам адносін у вытв-сці. Апошнія выступаюць у якасці формы М.-т. б. і разам з ёю абумоўліваюць змены гіст. тыпаў грамадства. Матэрыялізацыя вопыту і ведаў шматлікіх пакаленняў людзей надае М.-т. б. значэнне аб’ектыўнага падмурка пераемнасці гіст. працэсу і паступовай тэндэнцыі ў развіцці грамадства. У дакапіталіст. грамадствах гал. яе рысай было выкарыстанне ў эканоміцы эмпірычных ведаў, паўсядзённага вопыту, правераных на працягу стагоддзяў спосабаў дзейнасці ў сельскай гаспадарцы, рамёствах, прам-сці. Таму тэмпы грамадскіх змен былі вельмі павольнымі. Узнікненне машыннай вытворчасці, індустрыялізацыя эканомікі на базе капіталіст. адносін, нарастаючае выкарыстанне навукі ў вытв-сці і кіраванні эканомікай і грамадствам сталі якасным пераломам у развіцці М.-т. б. і значна паскорылі тэмпы грамадскіх змен. Аўтаматызацыя прывяла да спалучэння навук. ведаў з прадметнымі элементамі вытв-сці (тэхнікай) і з яе ўдзельнікамі. Праца паступова вызваляецца ад пераважна мех. аперацый на карысць росту інтэлектуальных функцый, што патрабуе ад работніка адпаведнай падрыхтоўкі і адначасова стварае больш спрыяльныя ўмовы яго творчага развіцця. У сучаснай М.-т. б. навука займае месца непасрэднай прадукц. сілы, што характарызуецца выкарыстаннем. значных навук. дасягненняў, высокіх тэхналогій (генетыка і генная інжынерыя, выліч. матэматыка, лазерная фізіка, інфармацыйныя тэхналогіі, метады камп’ютэрнага канструявання, стварэнне новых машын і прыбораў, звышцвёрдых матэрыялаў і інш.). Сучасны стан і гал. кірункі развіцця М.-т. б., а таксама яе магчымасці ствараюць аб’ектыўныя перадумовы для станоўчага вырашэння грамадскіх праблем.
цела, памеры і формы якога неістотныя пры апісанні некат. канкрэтных выпадкаў яго руху; адзін з асн. ідэалізаваных аб’ектаў класічнай механікі. Характарызуецца масай; становішча ў прасторы вызначаецца каардынатамі геам. пункта, у якасці якога звычайна выбіраецца цэнтр цяжару (цэнтр мас) цела (мех. сістэмы). Практычна кожнае цела можна лічыць М.п., калі яно рухаецца паступальна і адлегласці, якія праходзіць цела ўздоўж траекторыі, значна большыя за яго памеры (напр., рух Зямлі і інш. планет вакол Сонца).
род вакальнай ці вак.інстр. музыкі. Вядомы з канца 12 ст. ў Францыі. Першапачаткова — 2-галосы муз. твор, у якім да голасу, заснаванага на напевах каталіцкай службы, далучаўся новы голас — матэт (адсюль назва). З 13 ст. ў М. пранікаюць свецкія мелодыі (песенныя і танц.) і тэксты. У 15 ст. выпрацавалася яго муз. і тэкставае адзінства (Г.Дзюфаі, Дж.Данстэйбл), усталяваўся 4-галосы склад (І.Окегем, Я.Обрэхт), паявілася вызначэнне М. як своеасаблівага муз. роду паміж месай і песняй. У 16 ст. развіваўся ў рэчышчах венецыянскай (А.Віларт, А. і Дж. Габрыэлі) і рымскай (Дж.Палестрына) школ. У 17 ст. М. страціў тыпалагічную ўстойлівасць, часам яго вызначалі як асаблівы «стыль», блізкі да «старадаўняга», ці як асаблівую тэхніку пісьма. Узніклі шматлікія разнавіднасці: мнагахорны М.-канцэрт, «манадычны», «сольны», або М.-канцэрт для невял. складу з basso continuo; М.-арыя, М.-сцэна, М.-дыялог, блізкія да араторыі, кантаты і муз.-сцэн. жанраў. Да жанру М. звярталіся Г.Шутц, К.Мантэвердзі, Ж.Ф.Рамо, Г.Пёрсел, Г.Ф.Гендэль, І.С.Бах, В.А.Моцарт, А.Брукнер, К.Сен-Санс і інш. У 20 ст. М. стаў прататыпам тэхнікі кампазіцыі ў творах А.Веберна, І.Стравінскага, Дз.Лігеці і інш.
Літ.:
Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.
дынастыя цароў стараж.-інд. дзяржавы Магадха ў 4—2 ст. да н.э.Засн.Чандрагуптам, які пасля адыходу грэч. войск захапіў да 317 да н.э. ўладу ў Пенджабе. Паводле мірнага дагавора з Селеўкам I Нікатарам да дзяржавы М. адышлі раёны сучасных Белуджыстана і Усх. Афганістана. Пры сыне Чандрагупты — Біндусары [каля 293—268 да н.э.] заваяваны некат. вобласці Паўд. Індыі. М. імкнуліся да стварэння сістэмы моцнага цэнтралізаванага кіравання. Пры Ашоку [каля 265—232 да н.э.] дзяржава М. ўключала амаль усю Паўн. і Паўд. Індыю, Белуджыстан і Афганістан. У канцы праўлення Ашокі пачаўся заняпад дзяржавы, якая пасля яго смерці падзялілася на 2 часткі. У пач. 2 ст.паўн.-зах. ўладанні М. заваяваны Грэка-Бактрыйскім царствам. Апошні з М. скінуты ў 187 або 185 да н.э. сваім военачальнікам Пуш’ямітрам, які заснаваў дынастыю Шунгаў.
Літ.:
Антонова К.А., Бонгард-Левин Г.М., Котовский Г.Г. История Индии. 2 изд. М., 1979.
манументальнае пахавальнае збудаванне. Назва ад пахавальні карыйскага цара Маўсола ў г.Галікарнас (цяпер Турцыя; сярэдзіна 4 ст. да н.э.). Стараж. М. ўключалі камеру (часта падземную), у якой знаходзіліся астанкі памерлага, і часам памінальную залу. Як тып арх. збудавання вядомы ў Стараж. Рыме (М. Аўгуста, Адрыяна і інш.), у сярэднія вякі ў Сярэдняй Азіі (Гур-Эмір у Самаркандзе), Азербайджане, Індыі, Казахстане (М.-мячэць Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Туркестан) і інш. Архітэктура М. заснавана на выкарыстанні аб’ёмнай кампазіцыі ў спалучэнні з багатым маст. і арх. дэкорам. У 1-й пал. 20 ст. ў некат. краінах М. спалучалі з трыбунамі (Г.Дзімітрова ў Сафіі, 1949, арх. Г.Аўчараў, Р.Рыбараў). У асобных краінах М. ўзводзяць у гонар гіст. значных асоб [Ібн Сіны (Авіцэны) у Іране, 1952].
У 1924 у Маскве на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны пабудаваны М. У.І.Леніна (паводле праекта А.Шчусева) — драўляны, увянчаны пірамідай куб з 2 бакавымі прыбудовамі. У 1929—30 М. у ранейшай канфігурацыі зроблены з мармуру, граніту, лабрадарыту, парфіру з трыбунамі (арх. Шчусеў, І.Француз, Г.Якаўлеў). У яго буд-ве ўдзельнічалі майстры з Беларусі (з в. Грабаўка Гомельскай вобл.). У 1945 над М. надбудавана цэнтр. трыбуна (арх. Шчусеў), якая да 1990-х г. была ўрадавай у час ваен. парадаў, дэманстрацый, мітынгаў і інш. У 1953—61 у М. знаходзілася цела І.В.Сталіна (іл.гл. да арт.Красная плошча).
С.А.Сергачоў.
Маўзалей у гонар Ібн-Сіны (Авіцэны) у Іране. 1952.
узоры стралковай зброі, створаныя ням. вынаходнікамі і прадпрымальнікамі братамі Вільгельмам і Паўлем Маўзерамі. Пад назвай М. вядомы вінтоўкі, рэвальвер, пісталеты і інш. Найбольш пашыраны (быў на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў) аўтам. пісталет калібру 7,63 (узору 1896, мадыфікаваны ў 1908 і 1920). Прынцып дзеяння М. заснаваны на выкарыстанні аддачы ствала і затвора пры кароткім ходзе ствала. Пісталет меў магазін на 6 і 10, а з дадатковым прыстаўным магазінам на 20 патронаў, надзейна страляў на адлегласць 100 м; змяшчаўся ў драўлянай кабуры, якая пры неабходнасці служыла прыкладам. У рас. і Чырв. Арміі выкарыстоўваўся пісталет М. узору 1908, у інш. арміях — розныя мадыфікацыі М., у т. л. ўзору 1937 (мадэль HSc) з магазінам.
Зброя сістэмы маўзер: 1 — карабін са штыком; 2 — рэвальвер узору 1871—83; 3 — пісталет узору 1937 (мадэль HSc) з абоймай.