МАТЭ́Т (франц. motet памяншальнае ад mot слова),

род вакальнай ці вак.інстр. музыкі. Вядомы з канца 12 ст. ў Францыі. Першапачаткова — 2-галосы муз. твор, у якім да голасу, заснаванага на напевах каталіцкай службы, далучаўся новы голас — матэт (адсюль назва). З 13 ст. ў М. пранікаюць свецкія мелодыі (песенныя і танц.) і тэксты. У 15 ст. выпрацавалася яго муз. і тэкставае адзінства (Г.​Дзюфаі, Дж.​Данстэйбл), усталяваўся 4-галосы склад (І.​Окегем, Я.​Обрэхт), паявілася вызначэнне М. як своеасаблівага муз. роду паміж месай і песняй. У 16 ст. развіваўся ў рэчышчах венецыянскай (А.​Віларт, А. і Дж. Габрыэлі) і рымскай (Дж.​Палестрына) школ. У 17 ст. М. страціў тыпалагічную ўстойлівасць, часам яго вызначалі як асаблівы «стыль», блізкі да «старадаўняга», ці як асаблівую тэхніку пісьма. Узніклі шматлікія разнавіднасці: мнагахорны М.-канцэрт, «манадычны», «сольны», або М.-канцэрт для невял. складу з basso continuo; М.-арыя, М.сцэна, М.-дыялог, блізкія да араторыі, кантаты і муз.-сцэн. жанраў. Да жанру М. звярталіся Г.​Шутц, К.​Мантэвердзі, Ж.​Ф.​Рамо, Г.​Пёрсел, Г.​Ф.​Гендэль, І.​С.​Бах, В.​А.​Моцарт, А.​Брукнер, К.​Сен-Санс і інш. У 20 ст. М. стаў прататыпам тэхнікі кампазіцыі ў творах А.​Веберна, І.​Стравінскага, Дз.​Лігеці і інш.

Літ.:

Симакова Н. Вокальные жанры эпохи Возрождения. М., 1985.

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)