МАЎЗО́Н (Аркадзь) (сапр. Маўшэнзон Арон Іосіфавіч; 23.9.1918, г. Віцебск — 19.8.1977),

бел. драматург. Вучыўся ў драм. студыі пры БДТ-1 (1936). Працаваў акцёрам і асістэнтам рэжысёра ў Бел. т-ры імя Я.Коласа, з 1946 у газ. «Віцебскі рабочы», з 1950 на кінастудыі «Беларусьфільм», у 1965—71 — у Мін-ве культуры Беларусі. Дэбютаваў п’есай «Канстанцін Заслонаў» (паст. Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1947; аднайм. кінафільм паводле сцэнарыя аўтара, 1949). Сюжэтны цэнтр многіх п’ес — маральна-этычная праблематыка: «Наталля Крыўцова» (апубл. 1954), «У ціхім завулку» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1955), «Непрымірымасць» (паст. Гомельскім абл. драм. т-рам, 1957), «Калі ты чалавек» (пад назвай «Твой светлы шлях» паст. т-рам імя Я.Купалы, 1961), «Пад адным небам» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1962), «Куды ідзеш, Сяргей?» (паст. Дзярж. рус. драм. т-рам Беларусі, 1965), «У доме на Сонечнай» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1966), «Толькі адно жыццё» (паст. 1969), «Білет у мяккі вагон» (паст. 1971, абедзве у рус. драм. т-ры Беларусі). Гіст. тэматыка ў п’есах «У бітве вялікай» (паст. Гомельскім абл. драм. т-рам, 1957), «Дарога праз ноч» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача, 1970). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Зялёныя агні» (1956), «Наперадзе — круты паварот» (1960).

Тв.:

Людзі і час: П’есы. Мн., 1972;

П’есы. Мн., 1978;

Да апошняга дыхання: П’есы. Мн., 1985.

Б.І.Бур’ян.

А.Маўзон.

т. 10, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)