Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́ЎРУК (Міхаіл Канстанцінавіч) (27.2.1905, Варшава — 14.3.1979),

бел. жывапісец і графік. Скончыў маст. ф-т Віленскага ун-та (1932, вучыўся ў Ф.​Рушчыца, Л.​Сляндзінскага). Адзін з арганізатараў Віленскага т-ва мастакоў. З 1939 жыў у Нясвіжы. Раннім работам уласцівы рысы рамантызму. Пазнейшыя творы вылучаюцца народнасцю вобразаў, скульпт. аб’ёмнасцю форм, дасканалым малюнкам. Сярод жывапісных твораў: тэматычныя кампазіцыі «На ўборцы буракоў» (1936), «Жніво» (1937), «Ля студні», «Стрыжка авечак» (абедзве 1939), «На сенажаці» (1953), «Збор ураджаю» (1962), «Гутарка» (1965), «Новы дом» (1968), «Дзяўчаты» (1969), «У садзе» (1971), «Гаспадынька» (1975), «Успаміны» (1976), «Вяртанне з поля» (1978); пейзажы «Зімовая раніца» (1961), «Стары шлях», «Ліпы ў Альбе» (1970); партрэты «Папрадуха» (1930-я г.), «Стары з кіем» (1940), «Маці» (1962), «Аўтапартрэт» (1969), «Жняя» (1974), нар. артысткі БССР Л.​Давідовіч (1975); нацюрморты «Нацюрморт з лотацямі» (1971), «Нацюрморт з газетай» (1973). Аўтар вокладак зб-каў вершаў М.​Танка «На этапах» (1936) і песень Р.​Шырмы «Наша песня» (1938), графічных работ «Хата над Вілейкай», «Віленская Alma mater» (абедзве 1937), «Вяртанне з працы», «Лета» (абедзве 1938), «Партрэт партызана» (1945), «Слуцкая брама ў Нясвіжы» (1958) і інш. У 1994 у Нясвіжы створана «музей-кватэра» С.

Літ.:

М.​К.​Сеўрук: [Фотаальбом]. Мн., 1980.

Л.​У.​Салодкіна, М.​М.​Купава.

т. 14, с. 356

СЕ́ЎРУК (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 6.6.1932, Мінск),

бел. парт. і грамадскі дзеяч, літаратуразнавец, публіцыст, перакладчык. Канд. філал. н. (1967). Скончыў БДУ (1954), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1966). З 1954 на камсам., парт. і журналісцкай рабоце ў Мінску, Магадане. З 1966 у апараце ЦК КПСС. У 1980—88 каардынатар саветніцкай дзейнасці КПСС па пытаннях ідэалогіі, навукі, культуры, адукацыі ў Афганістане. У 1988—91 першы нам. рэдактара газ. «Известия», рэдактар газ. «Неделя». З 1993 заг. аддзела ў ін-це «Белінфармпрагноз», з 1995 нам. дырэктара Бел. нац. прэс-цэнтра, заг. аддзела Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з 1998 памочнік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Складальнік зб-каў гісторыка-літ. публіцыстыкі «Як канчаюцца войны» (1968), «Масква—Сталінград» (1970), «Моладзь ідзе ў рэвалюцыю» (1973), «Пароль: Перамога!» (т. 1—2, 1985) і інш. Напісаў сцэнарыі дакумент.-маст. фільмаў пра падзеі ў Афганістане (1979—85) «Праўда красавіцкай рэвалюцыі» (1981; прэмія Ленінскага камсамола 1981) і «Сцяг красавіцкай рэвалюцыі» (1985). Перакладае на рус. мову творы бел. пісьменнікаў.

М.Сеўрук. Новы дом. 1968.

т. 14, с. 357

СЕЎРУКО́Ў (Мікалай Іванавіч) (н. 28.6.1947, г. Дальні, Кітай),

бел. баяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Праф. (1990). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1971). З 1966 выкладчык муз. школы ў Ленінградзе, з 1972 — Мінскага муз. вучылішча імя М.​Глінкі, з 1973 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1981 заг. кафедры). Яго выканальніцкі стыль адметны глыбокім пранікненнем у аўтарскую задуму, віртуозным валоданнем інструментам, раскрываючы яго тэхн. і тэмбравыя магчымасці. У рэпертуары творы кампазітараў-класікаў (у пералажэннях) і сучасных аўтараў, у т. л. бел. Я.​Глебава, В.​Войціка, В.​Іванова, В.​Помазава, Л.​Шлег і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу баяністаў у ГДР (1971). Пра творчасць С. зняты тэлефільм «Іграе Мікола Сеўрукоў». Сярод вучняў Б.​Біёчыч, Г.​Вінаградскі, І.​Квашэвіч, А.​Мацкевіч, Н.​Слюсар, Ю.​Тарасёнак.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 357

СЕЎЦАПАДО́БНЫЯ (Charadriiformes),

атрад птушак, 3 падатр.: кулікі (14 сям., каля 180 відаў), чайкі (4 сям., каля 100 відаў), чысцікі (1 сям., 22 віды). Вядомы з позняга мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на ўзбярэжжах і астравах вадаёмаў, балотах і сенажацях, трапляюцца на палях. На Беларусі 57 відаў. Найб. пашыраны чайка азёрная (Larus ridibundus), кнігаўка, слонка, бакас. 13 відаў у Чырв. кнізе Беларусі: аўдотка, гаршнэп, паручайнік, сявец залацісты, чорнаваллёвік, крачка малая (гл. Крачкі), кулік-сарока, кулоны, уліт вялікі (гл. Уліты), ціркушка стэпавая (гл. Ціркушкавыя), чайкі малая і серабрыстая. У Чырв. кнізе МСАП 14 відаў, 3 падвіды.

Маса птушак ад 20 г (кулік-верабей) да 1 кг і больш (кулон). Апярэнне шчыльнае, няяркае, зверху часцей цямнейшае. Ногі доўгія. Дзюба часцей доўгая, вострая, прамая або загнутая. Крылы вузкія, доўгія. Хвост кароткі. Вывадкавыя і паўвывадкавыя птушкі. У кладцы да 5 яец. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай, дробнымі земнаводнымі і млекакормячымі. насеннем раслін. Асобныя — аб’екты палявання.

т. 14, с. 357

СЕ́ЎЧАНКА (Антон Нічыпаравіч) (22.2.1903, в. Дзяніскавічы Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 26.9.1978),

бел. фізік, заснавальнік навук. школ па спектраскапіі злучэнняў шасцівалентнага урану і фотафізіцы біялагічна важных пігментаў.

Акад. АН Беларусі (1953), д-р фіз.-матэм. н., праф. (1953). Герой Сац. Працы (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў БДУ (1932). З 1934 у Дзярж. аптычным ін-це (Ленінград). З 1953 заг. сектара фізікі і матэматыкі Фіз.-тэхн. ін-та, з 1955 дырэктар Ін-та фізікі і матэматыкі АН Беларусі. З 1957 рэктар БДУ, з 1972 дырэктар НДІ прыкладных фіз. праблем, цяпер НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі пры БДУ. У 1956—73 чл. Прэзідыума АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі уранілавых злучэнняў, люмінесцэнцыі злучэнняў рэдказямельных элементаў, спектраскапіі і фотахіміі парфірынаў і інш. біялагічна важных пігментаў. Выявіў палярызацыю флуарэсцэнцыі уранілавых злучэнняў, расшыфраваў складаную структуру іх спектраў. Устанавіў заканамернасці люмінесцэнцыі комплексаў рэдказямельных элементаў і ўнутрыкомплекснай міграцыі энергіі. Вывучыў спектральна-палярызацыйныя ўласцівасці люмінесцэнцыі парфірынаў і металапарфірынаў у сувязі з сіметрыяй іх малекул, анізатрапію спантаннага і вымушанага выпрамянення раствораў арган. злучэнняў.

Тв.:

Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений. Мн., 1968 (разам з Г.​П.​Гурыновічам, К.​М.​Салаўёвым);

Анизотропия поглощения и испускания света молекулами. Мн., 1971 (разам з А М.​Саржэўскім).

Літ.:

А.​Н.​Севченко: Библиогр. указ. Мн., 1983.

А.Н.Сеўчанка.

т. 14, с. 357

СЕФЕВІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

дзяржава на Сярэднім Усходзе ў 1502—1736 на чале з дынастыяй Сефевідаў, якая дала пачатак сучаснай іранскай дзяржаве. Створана ў выніку паўстання азерб. плямён, якія ў 1499 узначаліў шэйх суфійскага брацтва Сефевіе Ісмаіл. Паўстанцы нанеслі паражэнне дзяржаве Ак-Каюнлу, што размяшчалася на тэр. Зах. Ірана і Ірака, і ў 1502 Ісмаіл абвешчаны шахам (гл. Ісмаіл I). Дзярж. рэлігіяй С.дз. стаў шыізм. Апорай першых Сефевідаў былі цюркскія азерб. плямёны кызылбашаў («чырвонагаловыя»), а цэнтр. вобласцю — Азербайджан, дзе знаходзілася сталіца С.дз. — напачатку Тэбрыз, з 1548 — Казвін. Пасля смерці Тахмаспа I [1524—76] міжусобіцы прывялі да фактычнага распаду С.дз. Яе аб’яднаў Абас I Вялікі [1587—1629]. Ён разбіў туркаў і ўзбекаў, вярнуў страчаныя тэрыторыі (Харасан, Азербайджан), заваяваў Ірак. Пры ім адбылася персізацыя дзяржавы, сталіца перанесена ў Ісфахан. У выніку адм., ваен. і інш. рэформ С.дз. ўмацавалася, што спрыяла яе эканам. і культ. росквіту на працягу амаль усяго 17 ст. Але хуткі рост насельніцтва прывёў у канцы 17 ст. да збяднення нар. мас. Пры шаху Султане Хусейне [1694—1722] сац.-эканам. крызіс паглыбіла паўстанне афганцаў, якія ў 1722 захапілі Ісхафан, а туркі — Азербайджан. Барацьбу супраць афганцаў і туркаў узначаліў палкаводзец Надзір-шах, які ў 1736 адхіліў ад улады апошняга сефевідскага шаха Абаса III [1732—1736].

Літ.:

Эфендиев О.А. Азербайджанское государство Сефевидов в XVI в. Баку, 1981;

Павлова И.К. Хроника времен Сефевидов: Сочинение Мухаммад-Масума Исфахани «Хуласат ас-сийар». М., 1993.

т. 14, с. 357

СЕФЕВІ́ДЫ,

дынастыя правіцеляў дзяржавы на Блізкім і Сярэднім Усходзе ў 1502—1736. Паходзілі з азерб. шэйхаў суфійскага брацтва (тарыката) Сефевіе (13—15 ст.), потым шахаў Сефевідаў дзяржавы (1502—1736), стваральнікаў сучаснай іранскай дзяржавы. Шахі С.: Ісмаіл I [1502—24], Тахмасп I [1524—76], Ісмаіл II [1576—77], Мухамед Худабендэ [1578—87], Абас I Вялікі [1587—1629], Сефі I [1629—42], Абас II [1642—66], Сулейман [1666—94], Султан Хусейн [1694—1722], Тахмасп II [1722—32], Абас III [1732—36].

т. 14, с. 358

СЕФЕВІ́Е, Сефевія,

суфійскае брацтва (тарыкат), якое заснаваў у канцы 13 ст. Сефі ад-дзін Ісхак (1252—1334). У 15 ст. кіраўнікі С. ператварыліся ў правіцеляў (шэйхаў) г. Ардэбіль (Іранскі Азербайджан). У 1499 шэйх Ісмаіл (гл. Ісмаіл I) пад лозунгамі шыізму пачаў барацьбу супраць правіцеляў-сунітаў з дзяржавы Ак-Каюнлу, якая скончылася яго перамогай і стварэннем Сефевідаў дзяржавы.

т. 14, с. 358

СЕФЕ́РЫС (Seferis; сапр. Сеферыядыс; Sepheriadēs) Гіоргас

(19.2.1900, г. Ізмір, Турцыя — 20.9.1971),

грэчаскі пісьменнік, дыпламат; адзін з пачынальнікаў інтэлектуальнай плыні ў сучаснай навагрэч. паэзіі. Вучыўся ў Афінах і Парыжы (1914—25). У 1926—41, 1946—62 на дыпламат. службе. Друкаваўся з 1931. У ранніх зб-ках паэзіі «Паварот» (1931), «Вадаём» (1932), паэме «Легенды» (1935) уплывы неарамантызму; у зб-ках вершаў і паэм «Міфгісторыя» (1935), «Гімнапедыя» (1936), «Сшытак практыкаванняў» (1940), «Карабельныя дзённікі» (т. 1—3, 1940—55), «Кіхлі» (1947), «Кіпр, край майго прароцтва» (1955), «Тры шчырыя паэмы» (1966) і інш. уплывы франц. паэтаў-сімвалістаў і Т.​С.​Эліята, перапляценне інтэрпрэтацый стараж.-грэч. міфаў з роздумам пра цяперашні лёс суайчыннікаў, найперш інтэлектуалаў. Аўтар эсэ, у т. л. «Пра іншаземны верш» (1932), «Дыялог пра паэзію» (1939), «Спробы» (1944), «Мова нашай паэзіі» (1965), дарожных нататак «Тры дні ў манастырах Кападокіі» (1953), рамана «Шэсць начэй на Акропалі» (апубл. 1976), дзённікаў і інш. Нобелеўская прэмія 1963.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Геракл и мы: Современная греч. поэзия. М., 1983;

У кн : Поэты-лауреаты Нобелевской премии. М., 1997.

Л.​П.​Баршчэўскі.

Г.Сеферыс.

т. 14, с. 358

СЕФІДРУ́Д,

рака ў Іране, назва ніжняга цячэння р. Кызылузен.

т. 14, с. 358