СЕЎРУКО́Ў (Мікалай Іванавіч) (н. 28.6.1947, г. Дальні, Кітай),

бел. баяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Праф. (1990). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1971). З 1966 выкладчык муз. школы ў Ленінградзе, з 1972 — Мінскага муз. вучылішча імя М.​Глінкі, з 1973 саліст Бел. філармоніі, адначасова выкладчык Бел. акадэміі музыкі (з 1981 заг. кафедры). Яго выканальніцкі стыль адметны глыбокім пранікненнем у аўтарскую задуму, віртуозным валоданнем інструментам, раскрываючы яго тэхн. і тэмбравыя магчымасці. У рэпертуары творы кампазітараў-класікаў (у пералажэннях) і сучасных аўтараў, у т. л. бел. Я.​Глебава, В.​Войціка, В.​Іванова, В.​Помазава, Л.​Шлег і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу баяністаў у ГДР (1971). Пра творчасць С. зняты тэлефільм «Іграе Мікола Сеўрукоў». Сярод вучняў Б.​Біёчыч, Г.​Вінаградскі, І.​Квашэвіч, А.​Мацкевіч, Н.​Слюсар, Ю.​Тарасёнак.

І.​М.​Шмелькіна.

т. 14, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)