Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАЙЛІ́ДА Віктар Браніслававіч

(н. 28.9.1930, в. Славінск Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Баранавіцкі настаўніцкі (1952) і Мінскі пед. (1957) ін-ты. Настаўнічаў, працаваў дырэктарам школ у Баранавіцкім і Слуцкім р-нах. У 1973—82 нам. дырэктара Бюро прапаганды маст. л-ры СП Беларусі. Друкуецца з 1953. Асн. тэматыка твораў — жыццё вёскі, цяжкія гады ваен. маленства (аповесць «Вясна была ранняя...», 1968; зб-кі апавяданняў і аповесцей «Вясна, хлопцы, вясна», 1966; «Была вайна...», 1969, «Буслы над вёскай», 1979).

Тв.:

Сустрэча з маленствам. Мн., 1980;

Пыжыкавая шапка: Гумарэскі. Мн., 1986;

Гарох пры дарозе: Аповесць і апавяданні. Мн., 1991.

т. 6, с. 10

Дайлідаў Віктар Віктаравіч

т. 18, кн. 1, с. 376

ДА́ЙМЛЕР (Daimler) Готліб Вільгельм

(17.3.1834, г. Шорндорф, Германія — 6.3.1900),

нямецкі інжынер-вынаходнік, стваральнік аўтамабіля (незалежна ад К.Бенца). У 1872—81 тэхн. дырэктар з-да газавых рухавікоў. У 1883 стварыў (з В.Майбахам) быстраходны (800 аб/мін) лёгкі аднацыліндравы 4-тактавы бензінавы рухавік. Устанавіў бензінавыя рухавікі на веласіпедзе (1885), лодцы (1886), 4-колавым аўтамабілі (1887). У 1890 заснаваў кампанію па вытв-сці рухавікоў (выпусціла першы аўтамабіль «Мерседэс», 1901), якая ў 1926 аб’ядналася з кампаніяй Бенца ў карпарацыю «Даймлер-Бенц».

Л.М.Шахлевіч.

Г.Даймлер.

т. 6, с. 10

«ДА́ЙМЛЕР-БЕНЦ»

(Daimler-Benz AG),

прамысловая аўтамабільная карпарацыя ў Германіі. Засн. ў 1926. Знаходзіцца ў г. Штутгарт. У 1984 карпарацыя набыла 2-ю па велічыні ў краіне авіяракетную кампанію «Дарнье», у 1986 — буйную электратэхн. фірму «АЭГ». Выпускае аўтамабілі, у т.л. вядомую марку «Мерседэс», авіяракетную і электратэхн. прадукцыю, мед. тэхніку і інш. Па стане на 1993 на прадпрыемствах карпарацыі працавала 367 тыс. чал.

т. 6, с. 10

ДАЙНА́ВА, Дайнова,

гістарычная вобласць на тэр. Літвы і ПнЗ Беларусі. Ахоплівала правабярэжжа Нёмана на ПнУ ад Гродна, у ніжнім цячэнні р. Мяркіс (Варэнскі р-н Літвы) і прылеглыя часткі сучасных Гродзенскага, Шчучынскага і Воранаўскага р-наў Гродзенскай вобл., адкуль дайноўцы рассяляліся на Пд і на У. Упершыню ўпамінаецца ў 1255 у грамаце (магчыма, падробленай) вял. кн. Міндоўга крыжакам. Першапачаткова займала, напэўна, тэрыторыю аднайм. зах.-балцкага (яцвяжскага) племяннога княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. ўвайшло ў склад ВКЛ і паступова было асімілявана на Пн літоўцамі, на Пд беларусамі. Для насельніцтва Д. характэрна пахаванне нябожчыкаў у каменных курганах, пазней у каменных магілах. З 15 ст. большасць тэр. Д. займала маланаселеная Дайнаўская пушча, традыц. месца паляванняў вял. кн. літоўскіх.

В.Л.Насевіч.

т. 6, с. 11

ДАЙНЕ́КА Аляксандр Аляксандравіч

(20.5.1899, г. Курск, Расія — 12.6.1969),

рускі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1936). Правадз. чл. АМ СССР (1947, у 1962—66 віцэ-прэзідэнт АМ СССР). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—25) у У.Фаворскага, І.Нівінскага. Выкладаў у Маскве ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), паліграф. ін-це (1928—34), маст. ін-це імя Сурыкава (1934—46, 1957—63). Адзін з заснавальнікаў Т-ва станкавістаў. Яго жывапісныя творы 1920—30-х г. («У Данбасе», «Тэкстыльшчыцы», «Абарона Петраграда», «Бег», «Будучыя лётчыкі» і інш.) вылучаюцца выразнасцю формы, дынамізмам рытмічнай кампазіцыі, кантрастным спалучэннем прасторавых планаў, лаканізмам колеравых спалучэнняў. Адначасова выяўляецца і інтымная, лірычная лінія («Маці»). У гады Вял. Айч. вайны Д. стварыў гераічную карціну «Абарона Севастопаля» (1942) і шэраг суровых драм. пейзажаў. Сярод твораў манум. жывапісу пано і размалёўкі Цэнтр. т-ра Сав. Арміі (1940), мазаічныя плафоны станцый Маск. метрапалітэна «Маякоўская» (1938—39) і «Новакузнецкая» (1943), мазаікі «Добрая раніца» і «Хакеісты» (1959—60) і інш. Аўтар станковых твораў «Каля мора» (1956—57) і інш. Ленінская прэмія 1964.

Літ.:

Сысоев В.П. А.Дейнека: [Альбом]. Л., 1982.

А.М.Пікулік.

А.А.Дайнека.
А.Дайнека. Будучыя лётчыкі. 1938.

т. 6, с. 11

ДАЙНЕ́КА Леанід Мартынавіч

(н. 28.1.1940, в. Змітраўка 2-я Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Бел. тэлебачанні. У 1972—89 адказны сакратар час. «Маладосць». З 1989 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1961. Аўтар зб-каў вершаў, у якіх услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі («Галасы», 1969, «Бераг чакання», 1972, «Мая вясна саракавая», 1979, «Вечнае імгненне», 1985), зб. апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976). Раманная дылогія «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадз. вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў 1917—19. Тэму горада асэнсоўвае ў рамане «Футбол на замініраваным полі» (1987).

Барацьбу народа з крыжакамі ў 12 ст. паказаў у гіст. рамане «Меч князя Вячкі» (1987, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.Мележа 1987). Славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей — герой гіст. рамана «След ваўкалака» (1988, разам з папярэднім раманам Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1990). Ранні этап станаўлення стараж. бел.-літ. дзяржавы — ВКЛ — адлюстраваў у гіст. рамане «Жалезныя жалуды» (1990). Аўтар фантаст. рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992). Некат. вершы Д. пакладзены на музыку.

Тв.:

Начныя тэлеграмы: Вершы і паэмы. Мн., 1974;

Сняжынкі над агнём: Вершы і паэмы. Мн., 1989.

Літ.:

Гілевіч Н. На свабодным дыханні // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;

Бугаёў Дз. Чалавечнасць. Мн., 1985.

І.У.Саламевіч.

Л.М.Дайнека.

т. 6, с. 11

Дайнека Аляксей Яўгенавіч

т. 18, кн. 1, с. 376

«ДАЙНІХО́Н СІ»

(«Гісторыя вялікай Японіі»),

калектыўны шматтомны гіст. яп. твор. Складзены ў асноўным у 1657—1720 у княстве Міто па даручэнні кн. Міцукуні Такугава [1628—1700), завершаны ў 1906. Асвятляе паліт. гісторыю Японіі ад старажытнасці да 15 ст. (барацьбу князёў супраць сёгунаў з дынастыі Такугава за вяртанне ўлады імператару). У 1-м выданні змешчаны 243 кнігі (73 тэксты і 170 біяграфій), пазней дапоўнены табліцамі і матэрыяламі (153 кнігі). Неаднаразова перавыдаваўся.

т. 6, с. 11

ДАЙНЭ́КА Валерый Сяргеевіч

(н. 29.11.1951, г.п. Рудзенск Мінскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі (1971), Мінскі ін-т культуры (1988). З 1972 у Бел. філармоніі, з 1977 у ансамблі «Песняры», у 1993—96 саліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Рэспублікі Беларусь. З 1997 выкладае ў мінскім Ін-це сучасных ведаў. У канцэртным рэпертуары творы сучасных, у т.л. бел., кампазітараў: А.Пахмутавай, І.Лучанка, Л.Захлеўнага, У.Мулявіна, В.Іванова, Дз.Даўгалёва, А.Елісеенкава на словы бел. паэтаў.

т. 6, с. 11