ДАЙНЕ́КА Аляксандр Аляксандравіч

(20.5.1899, г. Курск, Расія — 12.6.1969),

рускі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1936). Правадз. чл. АМ СССР (1947, у 1962—66 віцэ-прэзідэнт АМ СССР). Герой Сац. Працы (1969). Вучыўся ў Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—25) у У.Фаворскага, І.Нівінскага. Выкладаў у Маскве ў Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1928—30), паліграф. ін-це (1928—34), маст. ін-це імя Сурыкава (1934—46, 1957—63). Адзін з заснавальнікаў Т-ва станкавістаў. Яго жывапісныя творы 1920—30-х г. («У Данбасе», «Тэкстыльшчыцы», «Абарона Петраграда», «Бег», «Будучыя лётчыкі» і інш.) вылучаюцца выразнасцю формы, дынамізмам рытмічнай кампазіцыі, кантрастным спалучэннем прасторавых планаў, лаканізмам колеравых спалучэнняў. Адначасова выяўляецца і інтымная, лірычная лінія («Маці»). У гады Вял. Айч. вайны Д. стварыў гераічную карціну «Абарона Севастопаля» (1942) і шэраг суровых драм. пейзажаў. Сярод твораў манум. жывапісу пано і размалёўкі Цэнтр. т-ра Сав. Арміі (1940), мазаічныя плафоны станцый Маск. метрапалітэна «Маякоўская» (1938—39) і «Новакузнецкая» (1943), мазаікі «Добрая раніца» і «Хакеісты» (1959—60) і інш. Аўтар станковых твораў «Каля мора» (1956—57) і інш. Ленінская прэмія 1964.

Літ.:

Сысоев В.П. А.Дейнека: [Альбом]. Л., 1982.

А.М.Пікулік.

А.А.Дайнека.
А.Дайнека. Будучыя лётчыкі. 1938.

т. 6, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)