Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГО́МЕЛЬСКІ КААПЕРАТЫ́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т.

Засн. ў 1980 на базе Гомельскага філіяла (у 1976—79; у 1968—75 Гомельскі ф-т) Маскоўскага каап. ін-та. У 1996/97 навуч. г. ф-ты: камерцыйны, улікова-фінансавы, эканомікі і кіравання, завочны, павышэння кваліфікацыі, даінстытуцкай падрыхтоўкі, спец. ф-т (дае эканам. адукацыю). Навучанне дзённае і завочнае. Аспірантура з 1995. Мае рэдакцыйна-выдавецкі аддзел.

т. 5, с. 346

ГО́МЕЛЬСКІ КА́БЕЛЬНЫ ЗАВО́Д,

«Гомелькабель». Створаны ў 1958 на базе Гомельскага з-да «Металапракат». Выпускаў неізаляваныя і эмальправады. З 1996 адкрытае акц. т-ва «Гомелькабель». Мае цэх абмотачных правадоў і 3 участкі (неізаляваных правадоў, перамоткі рухавікоў, тавараў нар. ўжытку). Асн. прадукцыя (1997): правады розных марак і метал. саставу для паветр. ліній электраперадач, правады медныя са шкловалакністай ізаляцыяй, дрот алюмініевы і медны, шнуры тэлефонныя і накрыўкі пластмасавыя, шклянкі і куфлі мерныя, падаўжальнікі электрычныя і тэлефонныя і інш. Асн. сыравіна паступае з краін далёкага замежжа і Расіі.

т. 5, с. 346

ГО́МЕЛЬСКІ КАМІТЭ́Т ДЭЛЕГА́ТАЎ,

Камітэт саюза чыгуначнікаў Гомельскага раёна, стачачны к-т, які кіраваў рэв. барацьбой працоўных Гомеля ў час Снежаньскага паўстання 1905. Дзейнічаў з 21.12.1905 па 1.1.1906. Утвораны на мітынгу рабочых і служачых Лібава-Роменскай чыг., дэпо і ст. Гомель-Палескі ў час усеаг. забастоўкі. Стварыў баявую дружыну, скінуў мясц. ўладу, кантраляваў працу чыг. тэлеграфа. Узяў на сябе ахову грамадскага парадку, абарону насельніцтва ад чарнасоценцаў. Устанавіў цесныя сувязі з забастовачным к-там ст. Жлобін. Заклікаў да забастоўкі ўсе чыг. станцыі, у выніку якой быў спынены рух на Палескай і Лібава-Роменскай чыг. 11 дзён трымаў пад кантролем горад і чыг. вузел. Спыніў дзейнасць пасля падаўлення забастоўкі.

т. 5, с. 346

ГО́МЕЛЬСКІ ЛЁГКААТЛЕТЫ́ЧНЫ МАНЕ́Ж,

крытае спарт. збудаванне для спаборніцтваў і трэніровак па лёгкай атлетыцы, гульнявых відах спорту, барацьбе, цяжкай атлетыцы і інш. Пабудаваны ў 1980 у Гомелі (інж. Б.Максімовіч, арх. В.Саенка). Адно з першых такога тыпу збудаванняў на Беларусі. Мае простую і лаканічную архітэктуру, абумоўленую планіровачным і канстр. вырашэннем; перакрытае клеедраўлянымі 3-шарнірнымі аркамі пралётам 49 м. Прамавугольны ў плане (126×49 м) будынак з прыбудаваным аднапавярховым блокам адм. і дапаможных памяшканняў.

С.Дз.Філімонаў.

т. 5, с. 346

ГО́МЕЛЬСКІ ЛІЦЕ́ЙНЫ ЗАВО́Д «ЦЭНТРАЛІ́Т»,

буйнейшае на Беларусі прадпрыемства па вытв-сці адлівак з шэрага і высокатрывалага чыгуну. Дзейнічае з 1968. Меў цэх буйнога ліцця. У 1971 уведзены цэх сярэдняга, у 1976 — дробнага ліцця. Асн. Прадукцыя (1996): корпуснае і базавае чыгуннае ліццё для станка- і машынабудавання, карпусы калектараў, безупынналітыя загатоўкі з шэрага і высокатрывалага ліцця, карпусы гідраразмеркавальнікаў, цюбінгі для метрапалітэнаў, уліўніцы для разліву алюмініевых сплаваў і нікелю, тыглі, ціскі, зубчастыя колы і інш. Пастаўкі ў Расію, Польшчу, Іспанію, Венгрыю, Францыю, Славакію.

т. 5, с. 346

ГО́МЕЛЬСКІ МАШЫНАБУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў Гомелі ў 1955. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): металургічныя працэсы і матэрыялаапрацоўка; тэхналогія абсталявання і аўтаматызацыя машынабудавання; праграмнае забеспячэнне інфарм. тэхналогій; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытв-сці; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; электратэхніка. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае, вячэрняе і завочнае. Мае вячэрні філіял пры «Гомсельмашы».

т. 5, с. 346

ГО́МЕЛЬСКІ МЕДЫЦЫ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т.

Засн. ў Гомелі ў 1990 з мэтай забеспячэння ўрачэбнымі кадрамі лячэбна-прафілактычных устаноў Гомельскай і Магілёўскай абл., павышэння ўзроўню мед. дапамогі насельніцтву раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1996/97 навуч. г. — лячэбна-прафілактычны ф-т; падрыхтоўчае аддзяленне. Аспірантура з 1992. Мае н.-д. лабараторыі: імуналогіі і гематалогіі, біяхіміі патагісталогіі, электроннай мікраскапіі, радыёметрыі, біяхіміі гармонаў; музей. Выдае штогод тэматычныя зборнікі.

т. 5, с. 346

ГО́МЕЛЬСКІ НАВУЧА́ЛЬНА-ВЫТВО́РЧЫ КО́МПЛЕКС «ПТВ-ТЭ́ХНІКУМ» Белкаапсаюза. Засн. ў Гомелі ў 1991. У складзе комплексу Гомельскі каап. тэхнікум (з 1944) і Гомельскае каап. прафес.-тэхн. вучылішча (з 1966). Навучэнцы комплексу паводле прынцыпу бесперапыннай падрыхтоўкі ў скарочаны тэрмін заканчваюць па профільных спецыяльнасцях вучылішча і тэхнікум. Тэхнікум рыхтуе тавараведаў-камерсантаў, бухгалтараў, эканамістаў-менеджэраў. Спецыяльнасці (1996/97 навуч. г.): камерц. дзейнасць; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт; эканоміка і кіраванне вытв-сцю. Прымае асоб з агульнай сярэдняй адукацыяй і на базе профільнага прафес.-тэхн. вучылішча. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 5, с. 346

ГО́МЕЛЬСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т.

Існаваў у 1936—54 пры Гомельскім пед. ін-це. Рыхтаваў настаўнікаў 5—7-х класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 2 гады. Меў аддзяленні: фіз.-матэм., прыродазнаўча-геагр., рус. і бел. мовы і л-ры, гіст., завочнае і падрыхтоўчае (з 1944). У 1941 эвакуіраваны ў г. Амутнінск Кіраўскай вобл. Аднавіў работу ў Гомелі ў 1944. У 1954 аб’яднаны з Гомельскім пед. ін-там.

т. 5, с. 346

ГО́МЕЛЬСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 1773—77 і 1852 — 1926. Утвораны 22.7.1773 у складзе Рагачоўскай правінцыі пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г. Гомель. 22.3.1777 у сувязі з пераносам цэнтра пав. ў мяст. Беліца пераўтвораны ў Беліцкі павет. Адноўлены ў складзе Магілёўскай губерні ў 1852 пасля пераносу цэнтра павета зноў у Гомель. Пл. 4719,4 кв. вёрст, нас. 224,7 тыс. чал. (1897). У 1917 у павеце было 18 валасцей: Веткаўская, Вылеўская, Гомельская, Дзятлавіцкая, Кармянская, Маркавіцкая, Насовіцкая, Пакалюбіцкая, Палеская, Папоўская, Покацкая, Рудзянецкая, Рэчкаўская, Стараюркавіцкая, Стаўбунская, Целяшоўская, Чабатовіцкая, Чырванабудская; 3 гарады, 7 мястэчак. З 26.4.1919 у Гомельскай губерні. У 1923 воласці ўзбуйнены, іх стала 9: Веткаўская, Гомельская, Добрушская, Дзятлавіцкая, Насовіцкая, Свяцілавіцкая, Уваравіцкая, Чачэрская і Чырванабудская. Скасаваны 8.12.1926, яго тэр. ўключана ў Гомельскую акругу.

т. 5, с. 346