Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ІЕРО́ГЛІФ (ад грэч. hieros свяшчэнны + glyphē тое, што выразана),

пісьмовы знак у некаторых відах ідэаграфічнага пісьма, які мае выгляд якога-н. аб’екта (чалавека, жывёлы, прадмета). Служыць для абазначэння асобных слоў і паняццяў, часам І. можа быць і фанетычным сімвалам (абазначаць склады і асобныя гукі). І. выкарыстоўваліся ў егіп. пісьме з 4-га тыс. да н.э. Вядома каля 5 тыс. егіп. І., аднак у кожную эпоху ўжывалася каля 700—800 знакаў.

Сярод егіп. І. адрозніваліся аднакансанантныя (абазначалі зычныя гукі егіп. мовы), двух-, трохкансанантныя (для фанет. перадачы марфем), ідэаграмы (для абазначэння цэлых слоў), дэтэрмінатывы (дапаможныя ідэаграфічныя знакі для ўдакладнення значэння слоў).

І. называюць таксама знакі стараж. (2-е тыс. да н.э.) і сучаснага кітайскага пісьма, выяўл. разнавіднасці хецкага пісьма (2—1-е тыс. да н.э.), японскага пісьма і інш.

Літ.:

Шампольон Ж.Ф. О египетском иероглифическом алфавите: Пер. с фр. [М.], 1950;

Дирингер Д. Алфавит: Пер. с англ. М., 1963;

Истрин В.А Возникновение и развитие письма. 2 изд. М., 1965;

Павленко Н.А История письма 2 изд. Мн., 1987.

Да арт. Іерогліф. Іерагліфічны надпіс на сцяне грабніцы.

т. 7, с. 171

ІЕРО́ГЛІФАЎ ТЭО́РЫЯ,

гнасеалагічная канцэпцыя, у адпаведнасці з якой адчуванні з’яўляюцца ўмоўнымі знакамі (сімваламі, іерогліфамі) рэчаў і не маюць нічога агульнага з самімі рэчамі і іх уласцівасцямі. Вылучана Г.Гельмгольцам у 19 ст. на аснове т.зв. «закона спецыфічнай энергіі органаў пачуццяў», сфармуляванага ням. фізіёлагам І.П.Мюлерам. У адпаведнасці з гэтым законам спецыфіка адчуванняў вызначаецца своеасаблівай будовай органаў пачуццяў, кожны з якіх уяўляе сабой замкнёную сістэму.

т. 7, с. 171

ІЕРУСАЛІ́М (стараж.-яўр. Іерушалаім, араб. Аль-Кудс),

горад у Ізраілі, на паўпустынным пласкагор’і на З ад Мёртвага м. Зах. ч. — Новы горад (адм. ц. акругі Іерусалім), належыць Ізраілю, усх. ч. — Стары горад, з 1967 акупіраваны Ізраілем; паводле пастановы (1950) урада Ізраіля сталіца дзяржавы, месца знаходжання ўрада і парламента. 602 тыс. ж. (разам з Усх. Іерусалімам, 1996). Рэлігійны («свяшчэнны») цэнтр іудзеяў, хрысціян і мусульман. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. Вядучыя галіны прам-сці: паліграф., лёгкая, харчовая. Развіты гарбарна-абутковая, металаапр., фармацэўтычная, шкляная, радыётэхн. прам-сці, апрацоўка алмазаў. Розныя рамёствы. Ун-т. 2 Акадэміі. Цэнтр міжнар. турызму.

Адзін з самых стараж. ханаанскіх гарадоў (3-е тыс. да н.э.). У пач. 10 ст. заваяваны Давідам, які зрабіў яго рэліг. і паліт. цэнтрам сваёй дзяржавы (адсюль вызначэнне І. як горада Давідава). Росквіт І. адбыўся пры цару Саламоне (пабудаваны храм). Пасля падзелу дзяржавы І. — сталіца Іудзейскага царства. У 586 (587?) зруйнаваны Навухаданосарам II. Адбудаваны яўрэямі пасля вяртання з Вавілонскага палону. З 538 да н.э. сталіца перс. правінцыі. Пасля заваявання Персіі Аляксандрам Македонскім і распаду яго дзяржавы пад уладай Пталамеяў, з 198 да н.э.Селеўкідаў. З 141 да н.э. сталіца дзяржавы Макавеяў. У 70 н.э. зруйнаваны рым імператарам Цітам. У 4 ст. пры імператару Канстанціне свяшчэнны цэнтр хрысціян. З 395 пад уладай Візантыі. Пасля араб. заваявання (638) — свяшчэнны цэнтр мусульман. У 1099 захоплены крыжаносцамі, стаў месцам паломніцтва хрысціян. У 1173 І. наведала Ефрасіння Полацкая. У 1187 горад заваяваны егіп. султанам Салах-ад-дзінам. З 1517 у складзе Асманскай імперыі. У 1917 захоплены брыт. войскамі. У 1920—48 адм. ц. брыт. падмандатнай тэр. Палесціны. Паводле рашэння Ген. Асамблеі ААН ад 29.11.1947 І. павінен быў стаць самаст. адм. адзінкай пад кіраваннем ААН. Пасля араба-ізраільскай вайны 1948—49 быў падзелены на 2 часткі: усх. адышла Іарданіі, зах. — да Ізраіля. У 1950 урад Ізраіля насуперак рашэнню ААН аб вылучэнні І. ў самаст. адм. адзінку аб’явіў яго сталіцай Ізраіля. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 Ізраіль захапіў увесь І. і ў ліп. 1980 абвясціў яго «вечнай і непадзельнай сталіцай» Ізраіля.

У 960—62 да н.э. на ўзгорку Марыя, дзе, як сведчыць легенда, адбылося ахвярапрынашэнне Аўраама, паводле загаду Саламона фінікійскія майстры з Тыра пабудавалі храм, у якім захоўвалася Арка Прымірэння, асн. сімвал монатэізму і богаабранніцтва ізраільцян (зруйнаваны вавіланянамі ў 586 да н.э., адноўлены ў 520—515 да н.э., канчаткова знішчаны ў 70 н.э. рымлянамі). У канцы 1 ст. да н.э. былі ўзведзены гар. ўмацаванні. У 130 на месцы Старога горада пабудаваны г. Алія Капіталіна. Ад комплексу абарончых збудаванняў захаваўся фрагмент зах. муру (Сцяна Плачу). У 335 паводле загаду Канстанціна I Вялікага на месцы Галгофы ўзведзены храм-ратонда Труны Гасподняй (неаднаразова перабудоўваўся). У 5 ст. збудаваны некалькі крыптаў, базілікі на Маслічнай гары. Пасля далучэння І. да ўладанняў Амеядаў на месцы разбуранага храма Саламона пабудавана антаганальная мячэць Кубат ас-Сахра («Купал скалы», другая назва — мячэць Амара), побач — мячэць аль-Акса (перабудавана ў пач. 8 ст. з хрысц. базілікі; перабудоўвалася ў 780, 1035). У час валодання І. крыжаносцамі ўзводзіліся новыя храмы і манастыры, Айюбідамі і мамлюкамі — мячэці і медрэсэ. Да 14 ст. адносіцца цытадэль — Вежа Давіда (з перабудовамі 16 ст.). У 16 ст. І. умацаваны, паводле загаду султана Сулеймана Велічнага адноўлены муры рым. часу (з 34 вежамі і 8 брамамі), якія ўключалі з усх. боку крэпасць Ірада (1536—41). У 1892 пачалася мадэрнізацыя І. У 20 ст. пашырылася забудова зах. ч. Новага горада. Арх. акцэнты І. — Яўрэйскі універсітэт (1925, арх. Д.Рэзнік, Э.Рау), сінагога мед. цэнтра «Эйн-Керэм» (1952—61, арх. І.Нейфельд, 12 вітражоў М.Шагала), Кнесет (арх. Д.Кармі, І.Кларвайн, інтэр’еры аздоблены габеленамі Шагала), мемарыял Дж.Кенэдзі (абодва 1966) і інш. Нац. музей Ізраіля (1965), Нац. музей «Бецалель» (Стары музей, 1906), музей Рокфелера (1927).

Н.К.Мазоўка (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура).

Да арт. Іерусалім. М.Шагал. Вітраж у сінагозе іерусалімскага медыцынскага цэнтра «Эйн-Керэм».
Мячэць Амара ў Іерусаліме. 687—691.
Цытадэль — Вежа Давіда ў Іерусаліме.
Мемарыял Дж.Кенэдзі ў Іерусаліме. 1966.

т. 7, с. 171

ІЕРУСАЛІ́МСКІ (Мікалай Дзмітрыевіч) (17.1.1901, г. Тула, Расія — 16.5.1967),

расійскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Акад. АН СССР (1966; чл.-кар. 1960). Скончыў Маскоўскі ун-т (1931). З 1938 у Ін-це мікрабіялогіі АН СССР; з 1961 у Ін-це біяхіміі і фізіялогіі мікраарганізмаў, з 1966 яго дырэктар. Навук. працы па заканамернасцях росту і развщця мікраарганізмаў. Заклаў асновы развіцця шэрагу мікрабіял. вытворчасцей. Даследаваў шляхі мікрабіял. сінтэзу бялкоў з нафтапрадуктаў. Дзярж. прэмія 1971.

Тв.:

Основы физиологии микробов. М., 1963.

т. 7, с. 172

ІЕРЫХО́Н (стараж.-яўр. Ерыхо, грэч. lerichō, араб. Эрыха),

горад у Палесціне, на тэр. Заходняга берага ракі Іардан, на ПнУ ад Іерусаліма. Каля 7 тыс. ж. (1990). І. самы нізка размешчаны горад у свеце (250—260 м ніжэй узр. м.). Харч. прам-сць. Гандл. і рамесны цэнтр с.-г. раёна (плантацыі бананаў, апельсінаў). Турызм.

Самае стараж. ў свеце паселішча, пазней умацаваны мурамі горад першабытных земляробаў. У 7—2-м тыс. да н.э. горад у Палесціне. У 3-м тыс. да н.э. дасягнуў росквіту (развіваліся вінаробства, гандаль серай, бітумам, соллю і інш.). У 13 ст. да н.э. захоплены яўр. плямёнамі. У 7—6 ст. да н.э. адбудаваны, у 587 да н.э. разбураны вавілонцамі. У час Іудзейскай вайны 66—73 разбураны Веспасіянам. У 7 ст. захоплены арабамі, у 1099 — крыжакамі, у 1187 без бою ўзяты войскамі Салах-ад-дзіна. У заняпадзе да 19 ст. З 1948 у межах Іарданіі. У выніку ізраільска-арабскай вайны 1967 далучаны да тэр. Ізраіля. Паводле ізраільска-палесцінскага пагаднення 1993 атрымаў аўтаномію.

У выніку раскопак 1907—56 (з перапынкамі) адкрыты рэшткі ўмацаваных паселішчаў эпохі неаліту і бронзы, руіны горада 18—16 ст. да н.э. з магутнымі сценамі, вял. шахтавыя грабніцы; знойдзены скульпт. галовы з гліны, налепленай на чалавечыя чарапы. Паводле біблейскага падання, сцены І. абваліліся ад гукаў труб заваёўнікаў (адсюль выраз «іерыхонскія трубы).

Я.Ф.Шунейка (гісторыя, архітэктура).

Да арт. Іерыхон. Ж.Фуке. Узяцце Іерыхона. Мініяцюра. 1470-я г.

т. 7, с. 172

І́ЕШ ((Illyés) Дзьюла) (2.11.1902, г. Мадзвяратад, Венгрыя — 15.4.1983),

венгерскі пісьменнік. У 1919—26 у эміграцыі. Вучыўся ў Сарбоне (Францыя). Як паэт пачынаў пад уплывам экспрэсіянізму і сюррэалізму, паступова пераходзячы да рэаліст. метаду. У 1950—60-я г. ў яго паэзіі ўзмацніліся экзістэнцыялісцкія тэндэнцыі. У творах І. праблемы нац. памяці, узаемадачынення гісторыі і сучаснасці, асобы і ўлады, індывід. і нар. быцця: паэт. зб-кі «Цяжкая зямля» (1928), «Скошаныя шэрагі» (1930), «Пад лятучымі нябёсамі» (1935), «Гармонія сярод руін» (1937), «Гледзячы ў вочы» (1947), «Поціскі рук» (1956), «Нахілены ветразь» (1965), «Незакончаныя вершы» (1971), «Дзіўны тэстамент» (1977), шматлікія паэмы. Аўтар раманаў «Людзі пушты» (1936), «У ладдзі Харона, або Сімптомы старасці» (1969), «Пажы Беатрычэ» (1979); драм «Псіхааналітык» (1948), «Прыклад Азоры», «Полымя паходні» (абедзве 1952), «Фаварыт» (1963), «Чыстыя» (1969), «Усё ці нічога, або Два жыцці ці ніводнага» (1974) і інш.; дарожных нататак «Расія» (1935), біягр. кн. «Пецёфі» (1936), крытычных артыкулаў і і́нш.

Тв.:

Рус. пер. — Петёфи. М., 1972;

Избранное. М., 1975;

Избр. лирика. М., 1979;

Пьесы. М., 1982.

Літ.:

Россиянов О.К. Реализм в новой венгерской прозе, 60—70-е гг. XX века. М., 1979.

Е.А.Лявонава.

т. 7, с. 172