ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),
біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.Гіберці, Анджэліка, Д.Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.Караваджа, Рэмбрант, Б.Э.Мурыльё, Н.Пусэн).
Н.К.Мазоўка.
т. 7, с. 137
ІАА́Н I Цымісхій
(Iōannēs; каля 925—10.1.976),
імператар Візант. імперыі [969—976]. Паходзіў са знатнага арм. роду Куркуасаў. Выдатны военачальнік, умацаваў граніцы дзяржавы на Пн (у 971 перамог кіеўскага кн. Святаслава), у 968 далучыў да Візантыі паўн.-ўсх. ч. Балгарыі, у барацьбе супраць арабаў у 974—975 адваяваў б.ч. Сірыі. Паводле некат. звестак быў атручаны.
т. 7, с. 136
ІАА́Н II (Камнін) (lōannēs; 13.9.1087, Канстанцінопаль — 1143),
імператар Візант. імперыі [1118—43]. З дынастыі Камнінаў. Сын Аляксея I Камніна і прадаўжальнік яго палітыкі. Атрымаў перамогі над печанегамі (1122), сербамі (каля 1124), венграмі (1129), сельджукамі (1135), разграміў Кілікійскую Арменію (каля 1136), заваяваў Антыёхію (1137). Яго ўрад правёў рэформу кіравання флотам.
т. 7, с. 136
ІАА́Н III Дука Ватац
(Iōannēs; 1193, Дыдымотыка, цяпер Дымотыка, Грэцыя — 3.11.1254),
імператар Нікейскай імперыі [1222—54], Значна пашырыў тэр. сваёй дзяржавы: адваяваў у лацінян амаль усе ўладанні ў М. Азіі, а-вы Самас, Лесбас і інш., у 1235 замацаваўся ў Фракіі, у 1246 захапіў Фесалонікі, у 1252 зрабіў сваім васалам правіцеля Эпіра. Спрыяў эканам. развіццю і інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў. Пры ім узмацнілася свабоднае сялянства. Апекаваўся навукамі і мастацтвамі, імкнуўся да адраджэння элінскай культуры. Нікейская імперыя ў гэты час стала самай моцнай дзяржавай у бас. Эгейскага мора.
т. 7, с. 136
ІАА́Н VI Кантакузін
(Iōannēs; каля 1293, Канстанцінопаль — 15.6.1383),
імператар Візант імперыі [1341—54|. Пры Андроніку III Палеалогу [1328—41] галоўнакаманд. імператарскімі войскамі. З 1341 рэгент пры непаўналетнім Іаане V Палеалогу, узначаліў паўстанне супраць яго і ў кастр. 1341 абвешчаны імператарам. У 1347 з дапамогай туркаў захапіў Канстанцінопаль, зрабіў Іаана V суправіцелем і выдаў замуж за яго сваю дачку. У 1349 задушыў паўстанне зілотаў. На працягу свайго праўлення вёў беспаспяховыя войны, у выніку якіх зах. вобласці імперыі захапілі сербы, усх. — туркі, на астравах панавалі генуэзцы і венецыянцы. Усеагульная незадаволенасць яго ўнутр. і знешняй палітыкай прымусіла адрачыся ад трона (1354) і прыняць пострыг. У манастыры напісаў «Гісторыю» (ахоплівае падзеі 1320—56), каштоўную багатым фактычным матэрыялам.
т. 7, с. 136
ІАА́Н XXIII [Giovanni; свецкае Ранкалі; (Roncalli) Анджэла Джузепе; 25.11.1881, Сота-іль-Монтэ каля г. Бергама, Італія — 3.6.1963],
папа рымскі ў 1958—63. Вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Бергама, атрымаў тэалагічную адукацыю ў Рыме і прыняў сан свяшчэнніка (1904). У 1919—21 рэктар семінарыі. З 1925 біскуп, у 1925—53 прадстаўнік Ватыкана ў шэрагу краін. У 1953 атрымаў сан кардынала. У 1953—58 патрыярх Венецыі. Праводзіў курс ватыканскай палітыкі, накіраваны на абнаўленне царк. жыцця і аб’яднанне з інш. хрысц. цэрквамі; выступаў за мірнае суіснаванне дзяржаў з розным грамадскім ладам, за раззбраенне і мірнае вырашэнне спрэчных міжнар. пытанняў. З мэтай прыняцця каталіцкай царквой новага курсу і ўмацавання яе пазіцый у 1962 склікаў 2-і Ватыканскі сабор і кіраваў 1-й сесіяй (гл. Ватыканскія саборы).
т. 7, с. 136
ІААХІМСТА́ЛЕР (ням. Ioachimstaler),
першы талер, эмісія якога адкрыта ў 1518 баронамі Шлік у г. Іаахімсталь (Багемія) з мясц. пакладаў серабра. Маса 29,5 г. На аверсе выява т. зв. чэшскага (багемскага) льва, на рэверсе — фігура св. Іаахіма ў анфас.
т. 7, с. 137
ІАВА́НАВІЧ ((Јовановић) Слабадан) (21.11.1869, г. Нові-Сад, Сербія — 12.12.1958),
сербскі дзярж. дзеяч, гісторык. Скончыў юрыд. ф-т у Жэневе (1890). У 1897—1941 праф. Бялградскага ун-та. У 1941 нам. прэм’ер-міністра ва ўрадзе Д.Сімовіча. У студз. 1942 — чэрв. 1943 кіраўнік эмігранцкага каралеўскага ўрада ў Лондане. З мая 1946 старшыня эмігранцкай арг-цыі Югаслаўскага нац. к-та. Аўтар шэрагу прац па гісторыі Сербіі з 1838 да 1903.
т. 7, с. 137
ІАГА́НЕСБУРГ, Іаханесбург (Johannesburg),
горад на Пн Паўд.-Афр. Рэспублікі, у цэнтры горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. 712,5 тыс. ж., з прыгарадамі каля 3 млн. ж. (1993). У цэнтр ч. горада пераважае белае насельніцтва (афрыканеры, англа-паўднёваафрыканцы), у прыгарадах — негрыцянскае. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл. і прамысл. цэнтр краіны. У горадзе праўленні асн. горнапрамысл. і фін. канцэрнаў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (горнае абсталяванне, эл.-тэхн., аўтазборка), хім., тэкст., харчасмакавая, гарбарна-абутковая, дрэваапр., пашыў адзення. У межах горада 7 буйных руднікоў па здабычы золата. Шліфоўка алмазаў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Муніцыпальная маст. галерэя (з 1911).
Засн. ў 1886 як шахцёрскі пасёлак пры рудніках Вітватэрсранда. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 захоплены англічанамі (1900), у 1910 уключаны ў склад брыт. дамініёна Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 ПАР). З 1928 горад. У пач. 20 ст. І. — адзін з цэнтраў масавых выступленняў афр. насельніцтва супраць расізму і апартэіду. Пасля 2-й сусв. вайны горад перажыў эканам. бум (развіццё хім. прам-сці, машынабудавання, апрацоўкі каштоўных камянёў).
т. 7, с. 137
ІАГА́НСЕН ((Johannsen) Вільгельм Людвіг) (3.2.1857, Капенгаген — 11.11.1927),
дацкі біёлаг, адзін з заснавальнікаў сучаснай генетыкі. Чл. Шведскай АН, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). Праф. ін-та фізіялогіі раслін Капенгагенскага ун-та. Стварыў вучэнне пра чыстыя лініі, што стала асновай сучасных прынцыпаў селекцыі, вызначыла ролю спадчыннасці ў працэсах натуральнага адбору. Увёў тэрміны ген, генатып, фенатып і даў аналіз асн. паняццяў генетыкі ў працы «Элементы дакладнага вучэння пра спадчыннасць» (1909).
Літ.:
Гайсинович А.Е. Зарождение генетики. М., 1967. С. 138.
т. 7, с. 138