Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІ́ВІЦА,

вёска ў Івянецкім с/с Валожынскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калект. гаспадаркі добраахвотна аб’яднаных сялян. За 29 км на ПдУ ад горада і 46 км ад чыг. ст. Валожын, 70 км ад Мінска. 442 ж., 159 двароў (2001). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 14, с. 365

СІВІ́ЦКАЯ Людвіка Антонаўна, гл. Верас Зоська.

т. 14, с. 365

СІВІЧА́НКА,

рака ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., левы прыток р. Волка (бас. р. Нёман). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 37 км². Пачынаецца на зах. схілах Мінскага ўзв. за 1 км на ПдЗ ад в. Сівіца, цячэ па Налібоцкай пушчы, упадае ў р. Волка за 7,8 км на ПдУ ад в. Белы Бераг Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пойма пераважна забалочаная. Рэчышча да вусця на працягу 4,1 км каналізаванае.

т. 14, с. 365

СІВУ́ЧЫ (Eumetopias),

род млекакормячых жывёл сям. вушастых цюленяў. Адзіны від у родзе — С. (E. jubatus). Пашыраны ў паўн. ч. Ціхага ак.

Даўж. да 3,5 м, маса да 800 кг. Афарбоўка летам рыжая, зімой бурая. Трымаецца статкамі. Размнажаюцца звычайна на камяністых берагах астравоў, самцы ўтвараюць гарэмы з 15—20 самак. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, інш. марскімі жывёламі. Нараджаюць 1 дзіцяня. Промысел дзеля шкуры і тлушчу.

Сівуч.

т. 14, с. 365

СІВУ́ШНАЕ МА́СЛА,

адходы вытв-сці этылавага спірту метадам браджэння. Масляністая вадкасць ад светла-жоўтага да чырвона-бурага колеру з непрыемным пахам. Паводле хім. саставу — сумесь ізаамілавага (гл. Амілавыя спірты), ізабутылавага і інш. аднаатамных спіртоў: з альдэгідамі, к-тамі і інш. арган. злучэннямі. Выкарыстоўваюць для атрымання асобных спіртоў. С.м. атрутнае, раздражняе слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў.

т. 14, с. 365

СІВЫ́ ДЗЯ́ЦЕЛ,

гл. ў арт. Дзятлавыя.

т. 14, с. 365