Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІБІ́РСКАЯ Я́ЗВА,

вострая інфекцыйная хвароба жывёл і чалавека, якая характарызуецца пашкоджаннем скуры з утварэннем карбункулаў. Узбуджальнік — сібіраязвавая палачка (Bacillus antracis), у чыстай культуры вылучаны Р.​Кохам (1876). Споры С.я. захоўваюцца ў глебе дзесяткі гадоў. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы (каровы, коні, авечкі, козы і інш.).

Чалавек заражаецца пры доглядзе за хворай жывёлай, апрацоўцы жывёльнай сыравіны, ужыванні заражаных мясных і малочных прадуктаў. Найчасцей заражэнне адбываецца кантактна-бытавым шляхам, таксама бывае аліментарным, паветрана-кропельным і трансмісіўным (пры ўкусах насякомых-крывасосаў, — сляпнёў, мух-жыгалак). Успышкі С.я. часцей назіраюцца ў летні перыяд. Формы С.я.: скурная, лёгачная, кішэчная і септычная (ускладненне папярэдніх). Пры скурнай форме С.я. ўзбуджальнік пранікае праз мікратраўмы, парэзы, трэшчыны на скуры; узнікае чырв. пляма, пазней утвараецца язва, укрытая цёмнай коркай (адсюль лац. назва С.я. anthrax вугаль). Вакол язвы дробныя пухіркі ў выглядзе караляў, якія разбураюцца і павялічваюць язву. У час фарміравання язвы т-ра цела да 40 °C, галаўны боль, моташнасць, ірвота. Астатнія формы С.я. працякаюць вельмі цяжка, з высокай смяротнасцю. Лячэнне тэрапеўтычнае. Жывёлы пры звышвострым цячэнні С.я. гінуць праз 1—2 дні і нават раптоўна. Фактары перадачы ўзбуджальніка — інфіцыраваная глеба, трупы жывёл, кармы, вада, подсціл. У перахварэлых жывёл ствараецца трывалы імунітэт.

А.​А.​Астапаў.

т. 14, с. 363

СІБІ́РСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н,

тое, што Азіяцкі антыцыклон.

т. 14, с. 363

СІБІ́Ў (Sibiu),

горад у цэнтр. ч. Румыніі. Адм. ц. аднайменнага жудзеца. Каля 200 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прамысл. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне, у т. л. цяжкае, трансп., станка- і прыладабудаванне; хім., парфумерна-касметычная, дрэваапр., тэкст. (тканіны, трыкатаж, дываны), гарбарна-абутковая, паліграф., харчовая. Музей Брукенталя ў палацы 18 ст. (каштоўны кнігазбор). Шматлікія арх. помнікі (жылыя дамы, цэрквы, палацы, рэшткі ўмацаванняў) 13—18 ст. Турызм.

т. 14, с. 363

СІБО́РГІЙ (лац. Seaborgium),

Sg, штучны радыеактыўны хім. элемент VI групы перыяд. сістэмы, ат. н. 106. Адкрыты ў 1974; атрыманы ізатопы з масавымі лікамі 259 (Лабараторыя ядз. рэакцый Аб’яднанага ін-та ядз. даследаванняў; г. Дубна, Расія) і 263 (Беркліеўская лабараторыя імя Э.​А.​Лоўрэнса; г.Берклі, штат Каліфорнія, ЗША). Названы ў гонар Г.​Т.​Сібарга (рэкамендацыя Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі; 1997).

т. 14, с. 363

СІВАГРА́К, сіваваронка (Coracias),

род птушак сям. сіваваронкавых атр. ракшападобных. 8 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. Жывуць у лесастэпах, лясах, на ўзлесках, каля высечак, у парках і гаях, саваннах, на акультураных землях. На Беларусі 1 від — С. звычайны, або ракша (C. garrulus), нар. назвы краска, сінюга; занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела С. звычайнага да 35 см, маса да 190 г. Апярэнне зеленавата-блакітнае з яркім адлівам. На крылах і хвасце ёсць цёмна-сінія ўчасткі. Спіна рыжавата-карычневая. Сярэдняя пара пёраў хваста цёмна-бурая з ліловым напылам. Дзюба моцная, крыху кручкаватая. Корміцца буйнымі жукамі, прамакрылымі, радзей дробнымі пазваночнымі. Нясе 4—6 яец. Зімуе ў Афрыцы.

Сіваграк.

т. 14, с. 363

СІВАЛІ́КСКІЯ ГО́РЫ, Сівалік, Перадгімалаі,

паўднёвая, найб. нізкая ступень Гімалаяў у Індыі і Непале, паміж хрыбтамі Пір-Панджал і Махабхарат. Утвараюць ланцуг паралельных градаў і хрыбтоў, якія цягнуцца з ПнЗ на ПдУ, выш. да 2591 м (г. Саанчалія), даўж. каля 1700 км. Складзены пераважна з жвіру, пясчанікаў, кангламератаў. Рэзка ўзвышаюцца над Інда-Гангскай раўнінай. Ад Вял. Гімалаяў С.г. аддзелены падоўжнымі далінамі. Высокая сейсмічнасць. Глыбока расчлянёны рэкамі. Для зах. ч. паўд. схілу характэрны селевыя патокі, каля ўсх. падножжаў забалочаныя джунглі (тэраі). На схілах — трапічныя лясы: сухія на З, вільготныя на У. Значная ч. схілаў тэрасавана і занята чайнымі плантацыямі. У выніку празмернага выпасу і высечак адбываецца працэс яраўтварэння.

т. 14, с. 363

СІВАПІТЭ́КІ (Sivapithecus),

род выкапнёвых чалавекападобных малпаў. Касцяныя рэшткі С. (верхнія і ніжнія сківіцы і зубы) знойдзены ў міяцэнавых слаях гор Сівалік у Індыі і Усх. Афрыцы. Пры даследаванні рэшткаў С. выяўлена падабенства іх з выкапнёвымі вышэйшымі малпамі — дрыяпітэкамі, а таксама з сучасным арангутанам. Частка даследчыкаў лічыць С. продкамі арангутана.

т. 14, с. 363

СІВА́С (Sivas),

горад у Турцыі, у цэнтр. частцы Анатоліі. Адм. ц. аднайменнага іля. Вядомы да н.э. Стараж. назвы — Кабіра, Дыяспаліс, Себастыя. Каля 250 тыс. ж. (2001). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (вагонабудаванне), металаапр., цэм., дрэваапр., харч., тэкстыльная. Дыванаткацтва. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (збожжа, буйн. раг. жывёла і авечкі, воўна). Ун-т. Арх. помнікі 11—14 ст. (медрэсэ, мячэці).

т. 14, с. 364

СІВАЧЭ́НКА (Леанід Аляксандравіч) (н. 9.3.1950, г. Магілёў),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1995), праф. (1996). Акад. Бел. інжынернай акадэміі (2000). Скончыў Магілёўскі маш.-буд. ін-т (1977). З 1974 у Магілёўскім тэхн. ун-це (у 1996—99 заг. кафедры). Навук. даследаванні па распрацоўцы тэхнал. абсталявання для комплекснай перапрацоўкі сыравіны і тэхнагенных матэрыялаў.

Тв.:

Новая концепция развития помольной техники // Обогащение руд. 1994. №1;

Винтовые аппараты и их энерготехнологическая эффективность // Хим. промышленность. 1994. №12.

т. 14, с. 364

СІВА́Ш (цюрк.),

Гнілое мора, сістэма мелкіх заліваў каля зах. берага Азоўскага м., у Крыме (Украіна). Даўж. 112 км. Пл. каля 2560 км². Аддзелена ад мора пясчанай касой Арабацкая Стрэлка. Злучаецца з морам Генічаскім пралівам. Берагі нізкія, пакатыя, гразкія. Вада моцна мінералізаваная.

т. 14, с. 364