Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭКАПІТУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. recapitulatio паўтарэнне),

паўтарэнне ў эмбрыягенезе сучасных арганізмаў прыкмет, якія меліся ў дарослых продкаў (напр., жаберных адтулін у зародкаў наземных пазваночных). Р. як вынік пэўных суадносін антагенезу і філагенезу развіў у эвалюцыйным вучэнні Ч.​Дарвін. У канцэпцыі біягенетычнага закону Э.​Гекеля (1866) Р. разглядалася як непасрэдны вынік эвалюц. фарміравання антагенезу: прыкметы дарослых продкаў пасля змянення іх арганізацыі пры дапамозе прыбаўлення новай стадыі ў канцы антагенезу пераходзілі ў эмбрыянальны стан і паўтараліся ў нашчадкаў у якасці зародкавых. А.​М.​Северцаў паказаў, што Р. характэрна толькі для асобных органаў (а не цэлых стадый развіцця ўсяго арганізма, як лічыў Гекель) пры іх эвалюц. пераўтварэннях паводле спосабу анабаліі.

т. 13, с. 569

РЭКАРДСМЕ́Н (англ. recordsman),

спартсмен (каманда), які ўстанавіў рэкорд у якім-н. відзе спорту на афіц. спаборніцтвах. Р. называюць таксама людзей, якія дасягнулі найб. поспехаў у вытворчай працы.

т. 13, с. 569

РЭ́КВІЕМ (ад першага слова лац. тэксту «Requiem aetemam dona eis, Domine» — «Спакой вечны даруй ім, божа»),

1) у музыцы — жалобная памінальная меса, прысвечаная памяці памерлых. Ад урачыстай каталіцкай месы адрозніваецца тым, што замест частак «Глорыя» і «Крэда» ўводзяцца «Рэквіем», «Дыез ірэ», «Туба мірум», «Лакрымоза» і інш.

Першапач. інтанацыйнай асновай Р. служылі мелодыі грыгарыянскага харала. У 17—18 ст. Р. ператварыўся ў буйную цыклічную кампазіцыю для салістаў, хору і аркестра, дзе поліфанічны склад спалучаўся з гамафонна-гарманічным. Лепшыя ўзоры Р. набылі пазакультавы, канцэртны характар. Сусв. вядомасць набыў Рэквіем В.​А.​Моцарта (1791; скончаны Ф.​К.​Зюсмайрам). Сярод аўтараў найб. выдатных Р. 19 ст. Г.​Берліёз, Дж.​Вердзі, І.​Брамс; у 20 ст. — П.​Хіндэміт, Ф.​Дэліус, Б.​Брытэн. Р. стаў, з аднаго боку, галіной неакласіцызму (І.​Стравінскі, А.​Шнітке), а з другога — аб’ектам эксперыментаў у навейшых муз. плынях (Дз.​Лігеці).

У бел. музыцы рысы Р. маюць паэма-Р. «Хатынскія званы» Ю.​Семянякі, Р.-балада А.​Мдывані, Р. «Помніце» Л.​Шлег і інш. 2) У літаратуры — жанрава-стылявы тып твора спецыфічнага ідэйна-маральнага зместу — жалобна-элегічнага ці гераічнага, у якім паэтычна апяваюцца (нярэдка ў традыцыях нар. галашэнняў) ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных процістаяць злу. У Р. спалучаюцца лірычна-прачулы журботны (ці трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі. У бел. л-ры рысы Р. ўпершыню праявіліся ў творах пач. 20 ст. («Зваяваным», «Курган» Я.​Купалы, «Страцім-лебедзь», «Максім і Магдалена» М.​Багдановіча). У сучаснай паэзіі Р. найчасцей увасабляецца ў жанрах паэмы, балады. Трагічнае пачуццё страт і гарачы антыфаш. пафас, высокае філас.-гуманіст. асэнсаванне праблем сучаснасці характэрны для паэм «Блакада» Р.​Барадуліна, «Голас сэрца» П.​Броўкі, «Паэма расстання» Г.​Бураўкіна, «Заазёр’е» А.​Вярцінскага, «Трыпутнік» К.​Кірэенкі, «Варшаўскі шлях» А.​Куляшова, «Паэма жніва» Н.​Мацяш. Асаблівасці Р. ўласцівы малым паэт. формам, дзе зліваюцца трагічнае і гераічнае («Хатынскі снег» Бураўкіна, «Рэквіем» Вярцінскага, «Над брацкай магілай» Куляшова, «Рэквіем» М.​Танка і інш.). Радзей Р. выяўляе сябе ў прозе: у ёй слаба выражаны інтанацыйны лад, эмацыянальнае гучанне. Рысы Р. ўласцівы творам А.​Адамовіча «Хатынская аповесць», В.​Быкава «Абеліск», «Мёртвым не баліць», «Знак бяды», «Аблава», В.​Казько «Суд у Слабадзе», І.​Пташнікава «Тартак», дакумент. кн. Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.​Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».

А.​І.​Валадковіч (музыка), А.​М.​Пяткевіч (літаратура).

т. 13, с. 569

РЭКВІЗІ́Т (ад лац. reqnisitum патрэбнае, неабходнае),

розныя рэчы (сапраўдныя ці бутафорскія), якія выкарыстоўваюцца пры пастаноўцы спектакляў ці здымцы кінафільмаў.

т. 13, с. 570

РЭКВІЗІ́ТЫ юрыдычныя,

даныя, якія павінны змяшчацца ў акце, дакуменце для прызнання яго сапраўдным. Напр., дагавор, чэк, вэксаль і інш. павінны мець такія Р., як назва дакумента, дата яго складання, сума, што належыць аплаце, найменне плацельшчыка і інш.

т. 13, с. 570

РЭКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. requisitio патрабаванне),

1) у міжнародным праве — прымусовае аплатнае адабранне розных відаў маёмасці для выкарыстання арміяй варожай дзяржавы. Паводле Гаагскай канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907, Р. могуць рабіцца толькі для патрэб акупацыйнай арміі і не павінны ажыццяўляцца для забеспячэння патрэб ваюючай дзяржавы наогул. Яны павінны адпавядаць сродкам краіны і быць такімі, каб не накладаць на насельніцтва абавязку ўдзельнічаць у ваен. дзеяннях супраць сваёй айчыны. Р. могуць рабіцца выключна камандаваннем акупіраванай мясцовасці (асобныя салдаты і афіцэры неправамоцныя іх патрабаваць) толькі ў той меры, у якой гэта выклікана ваен. неабходнасцю. Усе Р. павінны быць аплачаны наяўнымі грашамі, а ў выпадку, калі гэта зрабіць немагчыма, адабранне належыць засведчыць распіскай, і аплата належнай сумы павінна быць ажыццёўлена па магчымасці ў найхутчэйшы тэрмін.

2) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. — адна з падстаў спынення права ўласнасці. Паводле арт. 243 Цывільнага кодэкса ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры інш. акалічнасцях, што маюць надзвычайны характар, маёмасць у інтарэсах грамадства паводле рашэння дзярж. органаў можа быць забрана ад уласніка ў парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай яму кошту маёмасці. Ацэнка, па якой уласніку кампенсуецца вартасць рэквізаванай маёмасці, можа быць аспрэчана ім у судзе. Асоба, маёмасць якой рэквізавана, мае права пры спыненні дзеяння акалічнасцей, у сувязі з якімі адбылася Р., патрабаваць праз суд вяртання маёмасці, што захавалася.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 570

РЭ́КЕТ (англ. racket ад rack мучыць, катаваць),

шантаж, вымаганне, якія ажыццяўляюцца праз пагрозы і насілле. У бел. крымінальным заканадаўстве тэрмін «Р.» не выкарыстоўваецца, аднак ужываецца ў юрыд. публіцыстыцы.

т. 13, с. 570

РЭ́КІ МІЖНАРО́ДНЫЯ,

рэкі, якія працякаюць па тэрыторыі дзвюх і больш дзяржаў і выкарыстанне якіх з’яўляецца прадметам міжнар. прававых адносін паміж прыбярэжнымі дзяржавамі (напр., Дунай, Рэйн, Конга, Нігер, Амазонка). Кожная частка Р.м. знаходзіцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, у межах якой працякае. Сярод Р.м. прынята вылучаць пагранічныя рэкі, якія раздзяляюць тэрыторыі некалькіх дзяржаў і звычайна не з’яўляюцца адкрытымі для міжнар. суднаходства.

т. 13, с. 570

РЭКЛА́МА (франц. réclame ад лац. reclamare крычаць),

інфармацыйнае паведамленне пра спажывецкія ўласцівасці тавараў і віды паслуг з мэтай прыцягнуць увагу спажыўцоў, стварыць попыт на іх; папулярызацыя твораў літаратуры, мастацтва і інш.

Р. існавала ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме (аб’явы пісалі на драўляных дошках, гравіравалі на медзі ці косці, зачытвалі ў месцы збору народу). Друкаваная Р. (пач 17 ст.) звязана з імёнамі У.​Кэкстана (Англія) і Т.​Рэнадо (Францыя). Першае рэкламнае бюро ўзнікла ў Лондане (1611). Сучасныя сродкі Р.: друк (газеты, часопісы, бюлетэні, праспекты, буклеты і інш.), радыё, тэлебачанне, кіно, светлавыя аб’явы, кідкія шыльды і інш. Сярод друкаваных сродкаў Р. найб. вядомыя на Беларусі: даведнік «Бізнес—Беларусь», газеты «Из рук в руки», «Ва-банк», «Коммерсант ЭКСПО», «Экспресс-реклама», «Минск на ладонях», «Из первых рук», «Рекламное приложение» к газ. «Вечерний Минск» і інш. Р. займаюцца спец. фірма і агенцтвы. Найб. значныя з іх на Беларусі: «Рэмарк», «Фортэ», «Белая карона». Міжнар. сетка рэкламных агенцтваў прадстаўлена амер. агенцтвам «Грэй» (дзейнічае ў 153 краінах свету), англ. «Лео Бернет» (дзейнічае ў 147 краінах) і інш.

Т.​У.​Люковіч.

т. 13, с. 570

РЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. reclamatio пярэчанне, неадабрэнне),

абгрунтаваная прэтэнзія спажыўца (заказчыка) на выяўленыя недахопы ў атрыманай ад даўжніка (вытворцы, пастаўшчыка, падрадчыка) прадукцыі ці ў выкананай рабоце. Прад’яўляецца даўжніку, калі якасць ці колькасць тавару, выкананая работа не адпавядаюць умовам дагавора, парушаюцца тэрміны пастаўкі тавару або парадак плацяжоў. Паслядоўнасць афармлення і прад’яўлення Р. ўстанаўліваецца пры заключэнні дагавора. Р. можа патрабаваць ліквідаваць выяўленыя недахопы, знізіць цану, замяніць дэфектны выраб ці кампенсаваць прычыненыя спажыўцу (заказчыку) страты.

т. 13, с. 570