РЭКВІЗІ́ЦЫЯ (ад лац. requisitio патрабаванне),
1) у міжнародным праве — прымусовае аплатнае адабранне розных відаў маёмасці для выкарыстання арміяй варожай дзяржавы. Паводле Гаагскай канвенцыі аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907, Р. могуць рабіцца толькі для патрэб акупацыйнай арміі і не павінны ажыццяўляцца для забеспячэння патрэб ваюючай дзяржавы наогул. Яны павінны адпавядаць сродкам краіны і быць такімі, каб не накладаць на насельніцтва абавязку ўдзельнічаць у ваен. дзеяннях супраць сваёй айчыны. Р. могуць рабіцца выключна камандаваннем акупіраванай мясцовасці (асобныя салдаты і афіцэры неправамоцныя іх патрабаваць) толькі ў той меры, у якой гэта выклікана ваен. неабходнасцю. Усе Р. павінны быць аплачаны наяўнымі грашамі, а ў выпадку, калі гэта зрабіць немагчыма, адабранне належыць засведчыць распіскай, і аплата належнай сумы павінна быць ажыццёўлена па магчымасці ў найхутчэйшы тэрмін.
2) У цывільным праве Рэспублікі Беларусь Р. — адна з падстаў спынення права ўласнасці. Паводле арт. 243 Цывільнага кодэкса ў выпадках стыхійных бедстваў, аварый, эпідэмій, эпізаотый і пры інш. акалічнасцях, што маюць надзвычайны характар, маёмасць у інтарэсах грамадства паводле рашэння дзярж. органаў можа быць забрана ад уласніка ў парадку і на ўмовах, устаноўленых законам, з выплатай яму кошту маёмасці. Ацэнка, па якой уласніку кампенсуецца вартасць рэквізаванай маёмасці, можа быць аспрэчана ім у судзе. Асоба, маёмасць якой рэквізавана, мае права пры спыненні дзеяння акалічнасцей, у сувязі з якімі адбылася Р., патрабаваць праз суд вяртання маёмасці, што захавалася.
Г.А.Маслыка.
т. 13, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)