Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЫ́ЦІК (Пётр Рыгоравіч) (н. 14.8.1931, в. Зарэчча Клінцоўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне эпідэміялогіі і вірусалогіі. Д-р мед. н. (1972), праф. (1991). Скончыў Ленінградскі сан.-гігіенічны мед. ін-т (1955). З 1958 у БелНДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (з 1971 нам. дырэктара, з 1986 дырэктар, з 1995 заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі дыфтэрыі, рэцыдыўных форм сыпнога тыфу, асабліва небяспечных вірусных гемарагічных ліхаманак, ВІЧ-інфекцыі.

Тв.:

Спорадический сыпной тиф. Мн., 1973 (у сааўт.). СПИД: синдром приобретенного иммунного дефицита. Мн., 1988 (разам з А.​Г.​Каламійцам, Н.​Дз.​Каламіец).

т. 13, с. 527

РЫ́ЦІХ (Аляксандр Фёдаравіч) (5.7.1831, Пецярбургская губ. — пасля 1900),

рускі этнограф, ваенны картограф. Ген.-лейтэнант (1891). Скончыў Інжынерную акадэмію (1853) і Акадэмію Генштаба (1858). Стаяў на пазіцыях вялікадзярж. шавінізму. Склаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), У якім памылкова адносіў беларусаў-католікаў да палякаў. Найб. каштоўныя яго этнагр. карты з этнічнай статыстыкай Беларусі, некат. абласцей Расіі, замежных слав. народаў («Этнаграфічная карта Еўрапейскай Расіі», 1875). Яго працы, прысвечаныя Зах. краю («Матэрыялы для этнаграфіі Царства Польскага: Люблінская і Аўгустоўская губерні», 1864, і інш.), мелі апісальны характар.

В.​К.​Бандарчык.

т. 13, с. 528

РЫЦЫ́НА (польскае rycyna ад позналац. Ricinus клешчавіна),

раслінны тлусты алей з насення клешчавіны. Атрымліваюць прасаваннем ці экстрагаваннем арган. растваральнікамі. Вязкая вадкасць светла-жоўтая ці амаль бясколерная, шчыльн. 950—974 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання ад -8 да -18 °C. Не раствараецца ў вадзе і бензіне. Невысыхальны алей; мае 80—90% трыгліцэрыдаў рыцынолевай (12-гідраксі-цыс-9-октадэцэнавай) к-ты (гл. Алеі). Выкарыстоўваюць як змазачны матэрыял, гідраўлічную вадкасць, кампанент мазей і касметычных сродкаў, у медыцыне.

т. 13, с. 528