Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУЖА́НСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры позняга рэнесансу ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1617 з цэглы па фундацыі Л.​Сапегі на месцы драўлянага храма, закладзенага ў 1596 Язлавецкімі. У 1768 прыбудаваны капліцы св. Крыжа, у 1787 — св. Варвары. У 1779 касцёл рэканструяваны ў стылі ранняга класіцызму (арх. Я.​С.​Бекер): звонку прыбудаваны зах. партал і паўн. сакрысція, унутры сцены апрацаваны пілястрамі і карнізамі дарычнага ордэра, адноўлены хоры, бакавыя алтары, амбон і інш. Рамантаваўся ў 1850 і 1894. Храм 1-нефавы, з паўкруглай апсідай і 4-яруснай вежай пры ўваходзе, арыентаваны на З. Па баках нефа знаходзяцца капліцы, прэсбітэрыя — сакрысціі. Сцены нефа звонку ўмацаваны контрфорсамі, паміж імі — аконныя праёмы з арачнымі завяршэннямі. Вежа (3 васьмерыкі на чацверыку) накрыта стромкім шатром, мае 3 уваходы. Маст. афармленне храма вырашана ў стылях позняга барока і ракако. Інтэр’ер багата ўпрыгожаны арх. пластыкай, скульптурай і жывапісам. У апсідзе 4-калонны гал. алтар з раскрапаваным лучковым франтонам, які ўпрыгожваюць скульптуры анёлаў, ляпны арнамент і герб 2 жонак Сапегі. Абапал калон — драўляныя паліхромныя выявы святых Пятра і Паўла. Прэсбітэрый ад нефа аддзяляе каваная рашотка 18 ст. Стукавая і драўляная скульптура работы І.​Прукнера (1789), М. і К. Роўбваў. Захаваліся кандэлябры, абразы 18 ст., габеленавыя і шаўковыя арнаты.

В.​В.​Калнін.

Ружанскі Троіцкі касцёл.

т. 13, с. 435

РУЖА́НСКІ ТЭА́ТР САПЕ́ГАЎ,

прыватны тэатр. Існаваў у 1765—91. Налічваў «60 артыстаў і танцоўшчыкаў». Меў муз.-оперную школу, капэлы у Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Зэльве; 40 музыкантаў «пры бубнах і трубах». У ім працавалі М.​Пранчынскі як танцоўшчык, балетмайстар і пастаноўшчык («Літасцівасць Ціта», паст. 1784), К.​Чыпрыяні (з 1775) як капельмайстар і кампазітар, а таксама навучаў ігры на скрыпцы прыгонных князя. Сярод вядомых пастановак т-ра: аднаактовая опера Ж.​Русо «Вясковы чараўнік», балеты «Арынянка» і «Літасцівасць Ціта», камедыя Малінэ «Чароўнае дрэва». Т-р размяшчаўся ў Ружанскім палацавым комплексе.

Літ.:

Барышаў Г. Гарадскі і маёнткавы прыгонны тэатр на тэрыторыі Беларусі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.

т. 13, с. 435

РУЖАНЦО́Ў (Аляксандр) (псеўд. Ал. Ружанец-Ружанцаў; 12.8.1893, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія — 26.7.1966),

дзеяч бел. эміграцыі; у Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Вучыўся ў Маск. ун-це (1911—14), Аляксееўскай вайсковай школе (з 1914). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 камандаваў бел. батальёнам у літ. войску. Рэдагаваў бел. салдацкі час. «Варта Бацькаўшчыны». У 1921—24 консул урада БНР у Каўнасе. У 1921—40 дырэктар Цэнтр. вайсковай б-кі ў Каўнасе, адначасова ў 1928 кіраўнік спраў Бібліягр. ін-та Літвы. Займаўся укладаннем бібліяграфіі ВКЛ. Выдаў каталог Цэнтр. вайсковай б-кі на 1000 старонак. У час 2-й сусв. вайны знаходзіўся ў Вільні, уваходзіў у Бел. нац. к-т. У 1944—45 разам з К.​Езавітавым працаваў у Берліне ў штабе «беларускага вызваленчага войска». Пераклаў з бел. мовы на літоўскую кнігі «Бяздоннае багацце» В.​Ластоўскага, «Францішак Скарына» Ю.​Віцьбіча і інш. З 1949 у ЗША. Для Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку напісаў успаміны пра грамадскую працу і культ. жыццё беларусаў у Каўнасе.

С.​Б.​Сачанка.

т. 13, с. 435

РУЖА́НЫ,

гарадскі пасёлак у Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Ружанка. На скрыжаванні аўтам. дарог Пружаны—Слонім і Ваўкавыск—Косава. За 45 км ад г. Пружаны, 130 км ад Брэста і 38 км ад чыг. ст. Івацэвічы на лініі Баранавічы—Брэст. 3,4 тыс. ж. (2000).

Вядомы з 1552. Належалі Тышкевічам. У 1598 Р. купіў канцлер ВКЛ Л.​Сапега, які ўладкаваў там адну з гал. рэзідэнцый роду Сапегаў. Р. ўваходзілі ў Слонімскі пав. Навагрудскага ваяв. ВКЛ. 20.6.1637 атрымалі магдэбургскае права і герб. У 17 ст. ў Р. больш за 400 дамоў, Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян, Ружанскі Троіцкі касцёл кляштара дамініканцаў, кляштар кармелітаў, палац Сапегаў, дзе зберагалася значная б-ка. У 1698 Р. разбураны ў час вайны Сапегаў са шляхтай ВКЛ. У 18 ст. архітэктар Я.​С.​Бекер перабудаваў палац (гл. Ружанскі палацавы комплекс), выканаў праекты новых пабудоў. У Р. дзейнічаў прыгонны тэатр, працавалі паперня, палатняныя мануфактуры, Ружанскія суконныя прадпрыемствы. вырабляліся дываны. З 1795 Р. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскага пав. У 1831 за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31 Р. канфіскаваны і перададзены ў казну. У 19 ст. ў Р. 2 гарбарныя з-ды, палатняная і 3 суконныя ф-кі. У 1897 у Р. 5016 ж., 769 будынкаў, 5 дробных прадпрыемстваў, нар. вучылішча, у 1914—6815 ж., 26 прадпрыемстваў (341 рабочы), выраблялася ружанская кераміка. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв., 3622 ж. (1921). Дзейнічаў райком КПЗБ. З 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Ружанскага раёна. У Вял. Айч. вайну з 23.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 5491 чал., дзейнічаў падп. антыфашысцкі к-т. З 1962 у Пружанскім р-не.

Працуюць мэблевая ф-ка, вытворча-харчовы з-д, вытворча-гандлёвы камбінат; сярэдняя і муз. школы, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана; брацкая магіла сав. воінаў і Курган Славы (за 2 км ад Р. каля шашы на Ваўкавыск). Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян, Троіцкі касцёл, Палацавы комплекс, сінагога (2-я пал. 19 ст.).

Ружаны. Царква Пятра і Паўла манастыра базыльян.

т. 13, с. 435

РУ́ЖА ВЯТРО́Ў,

вектарная дыяграма паўтаральнасці вятроў розных напрамкаў у пэўнай мясцовасці. Звычайна складаецца паводле шматгадовых паказчыкаў за месяц, сезон або год. Уяўляе сабой кружок (або кропку), ад якога разыходзяцца прамяні ў напрамку асн. румбаў гарызонту. Даўжыня кожнага праменя прапарцыянальная паўтаральнасці вятроў дадзенага напрамку. Ў сярэдзіне кружка лічбамі пазначаецца паўтаральнасць штыляў. Канцы адрэзкаў звычайна злучаюць ломанай лініяй. Р.в. улічваецца пры планаванні буд-ва жылых мікрараёнаў і прамысл. прадпрыемстваў.

т. 13, с. 433

РУЖЖО́,

ручная агнястрэльная і пнеўматычная зброя з доўгім ненаразным ствалом; разнавіднасць стрэльбы. Агнястрэльныя Р. бываюць баявыя, паляўнічыя і спартыўныя; прызначаны для стральбы шротам, карцеччу і спец. свінцовымі кулямі. Пнеўматычныя (духавыя) Р. — спартыўныя, спружынныя або газабалонныя, дзейнічаюць ад сціснутага паветра ці інш. газу (гл. Пнеўматычная зброя).

Баявыя Р. (аркебуза, куляўрына, пішчаль, петрыналь) з’явіліся ў 14—15 ст., з 16 ст. пашырыліся кнотавыя Р. — мушкеты. Са стварэннем ударна-крамянёвага замка (16 ст.) і штыка з трубкай (17 ст.) усталяваўся тып баявога дульназараднага Р., якое стала асн. зброяй пяхоты да 1840-х г. (гл. Крамянёвая зброя), калі было заменена капсульным. У 2-й пал. 19 ст. гладкаствольныя Р. заменены наразнымі вінтоўкамі (гладкаствольныя Р. захаваліся як паляўнічыя). Паляўнічыя Р. больш лёгкія за баявыя; аднаствольныя з’явіліся ў 17 ст. (гл. Паляўнічая зброя). Яны былі шомпальныя (зараджаліся з дула з дапамогай шомпала), у пач. 20 ст. выцеснены казназараднымі Р. (зараджаліся унітарным патронам з задняй — т.зв. казённай — часткі ствала). Сучасныя паляўнічыя Р. прызначаны для прамысл. і спарт. (аматарскага) палявання, для спарт. стральбы на стэндзе (дакладная класіфікацыя Р. і тэрміналогія пакуль не ўсталяваліся). У 2-ю сусв. вайну шырока выкарыстоўвалася процітанкавая наразная стрэльба (усталяваная назва — процітанкавае ружжо).

В.​І.​Вараб’ёў.

Ружжо: а—г — кнотавы, калясцовы, крамянёвы і капсульны замкі (1 — курок, 2 — капсуль, 3 — запальны стрыжань, 4 — запал, 5 — зарад); д — ружжо аўтаматычнае магазіннае; е — двухствольнае з двума куркамі; ж — з ручным «помпавым» перазараджэннем.

т. 13, с. 436

РУ́ЖЫ ў матэматыцы,

плоскія крывыя, ураўненні якіх у палярных каардынатах маюць выгляд: r−asinkφ, дзе a і k — пастаянныя. Размяшчаюцца ўнутры круга радыуса a. Калі k=m/n — рацыянальны лік, то Р. — алг. крывыя цотнага парадку; калі k — цэлы лік, Р. мае k пялёсткаў пры k няцотным і 2k пялёсткаў пры k цотным. Пры ірацыянальным k пялёсткаў бясконца многа.

Ружы r = asinkφ: 1 — k = 2; 2 — k = ​5/3; 3 — k = ​1/2.

т. 13, с. 436

РУЖЫ́ЦКІ ((Różycki) Людомір) (6.11.1884, Варшава — 1.1.1953),

польскі кампазітар, педагог. Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі, Берлінскай акадэміі музыкі. З 1907 дырыжор оперы і выкладчык кансерваторыі ў Львове. З 1912 за мяжой. З 1918 у Варшаве. У 1930—39 праф. Варшаўскай кансерваторыі, з 1945 — Дзярж. Вышэйшай муз. школы ў г. Катавіцы. Прадстаўнік «Маладой Польшчы». Для творчасці характэрны ўплывы позняга рамантызму і імпрэсіянізму. Яго стыль вылучаўся яркім нац каларытам, апорай на муз. фальклор імкненнем да павышанай экспрэсіі пышнасцю і сакавітасцю аркестроўкі Сярод твораў: оперы, у т. л. «Эрот і Псіхея» (1916), і балеты, у т. л. «Пан Твардоўскі» (1920), сімф. паэмы для арк., канцэрты для інстр. з арк., камерна-інстр. ансамблі, вак. цыклы, рамансы, песні, музыка да спектакляў і інш. Дзярж. прэміі Польшчы 1930, 1952.

т. 13, с. 436

РУ́ЖЫЧКА ((Ruźićka) Леапольд) (13.9.1887, г. Вукавар, Харватыя — 26.9.1976),

швейцарскі хімік-арганік. Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Вышэйшую тэхн. школу ў Карлсруэ (1910). У 1912—25 і 1929—57 у Вышэйшай тэхн. школе ў Цюрыху (з 1923 праф.). У 1926—29 ва Утрэхцкім ун-це (Галандыя). Навук. працы па даследаванні біясінтэзу і хім. будовы, а таксама сінтэзу прыродных аліцыклічных злучэнняў, у т. л. тэрпенаў, стэроідных гармонаў, пахучых рэчываў. Вынайшаў прамы спосаб вызначэння вугляроднага касцяка сесквітэрпенаў (1921). Сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны з 8—34 атамамі вугляроду ў цыкле (1920—34), цыбетон (1926), гармоны андрастэрон (1934) і тэстастэрон (1935, адначасова з А.Ф.Бутэнантам). Вызначыў будову мускону (1926), сантаніну (1930), абіяцінавай к-ты (1932). Сфармуляваў біягенетычнае ізапрэнавае правіла (1953). Нобелеўская прэмія 1939.

Л.Ружычка.

т. 13, с. 436

РУЖЭ́ВІЧ ((Różewicz) Тадэвуш) (н. 9.10.1921, г. Радомска, Польшча),

польскі пісьменнік, драматург. Вывучаў гісторыю мастацтваў у Ягелонскім ун-це ў Кракаве (1945—49). Друкуецца з 1938. Аўтар паэт. кніг «Непакой» (1947), «Зялёная ружа» (1961), «Трэцяя асоба» (1968), паэм «Галасы» (1948), «У цэнтры жыцця» (1956), «Ахерон апоўдні» (1968), зб-каў апавяд. «Апала лісце з дрэў» (1955), «Перапынены экзамен» (1960), «Падрыхтоўка да аўтарскага вечара» (1971), аповесцей, у т. л. «Смерць у старых дэкарацыях» (1970), эсэ, нарысаў і інш. Найб. значныя яго п’есы: «Картатэка» (паст. 1960), «Група Лаакаона» (паст. 1962), «Сведкі» (паст. 1964), «Дзеянне, якое перапыняецца» (паст. 1978), «Пастка» (паст. 1984, пра Ф.​Кафку). У творах тэмы вайны і фашызму, чалавека і грамадства, мастацтва як носьбіта гуманізму, узаемадачыненняў мастака і ўлады, культуры і цывілізацыі, крызісу духоўнасці. Рэаліст. паэзія адметная свядомым «антыэстэтызмам», празаізацыяй верша, вобразнай прадметнасцю, экспрэсіўнасцю, жывапіснасцю, багаццем сатыр. палітры. Зрабіў вял. ўплыў на польскіх пісьменнікаў т.зв. ўцалелага (ваеннага) пакалення. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклалі М.​Танк, В.​Дранчук, Ш.​Раманчук, Я.​Семяжон, апавяданні — Я.​Брыль, П.​Стафановіч. Дзярж. прэмія Польшчы 1955, 1966.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад Буга да Одры: Апавяданні пол. пісьменнікаў. Мн., 1969;

Рус. пер. — Избранное. М., 1979;

Избр. лирика. М., 1980;

Стихотворения и поэмы. М., 1985.

Е.​А.​Лявонава.

т. 13, с. 436