гарадскі пасёлак у Пружанскім р-не Брэсцкай вобл., на р. Ружанка. На скрыжаванні аўтам. дарог Пружаны—Слонім і Ваўкавыск—Косава. За 45 км ад г. Пружаны, 130 км ад Брэста і 38 км ад чыг. ст. Івацэвічы на лініі Баранавічы—Брэст. 3,4 тыс.ж. (2000).
Вядомы з 1552. Належалі Тышкевічам. У 1598 Р. купіў канцлер ВКЛ Л.Сапега, які ўладкаваў там адну з гал. рэзідэнцый роду Сапегаў. Р. ўваходзілі ў Слонімскі пав. Навагрудскага ваяв.ВКЛ. 20.6.1637 атрымалі магдэбургскае права і герб. У 17 ст. ў Р. больш за 400 дамоў, Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян, Ружанскі Троіцкі касцёл кляштара дамініканцаў, кляштар кармелітаў, палац Сапегаў, дзе зберагалася значная б-ка. У 1698 Р. разбураны ў час вайны Сапегаў са шляхтай ВКЛ. У 18 ст. архітэктар Я.С.Бекер перабудаваў палац (гл.Ружанскі палацавы комплекс), выканаў праекты новых пабудоў. У Р. дзейнічаў прыгонны тэатр, працавалі паперня, палатняныя мануфактуры, Ружанскія суконныя прадпрыемствы. вырабляліся дываны. З 1795 Р. ў складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Слонімскага пав. У 1831 за ўдзел Сапегаў у паўстанні 1830—31 Р. канфіскаваны і перададзены ў казну. У 19 ст. ў Р. 2 гарбарныя з-ды, палатняная і 3 суконныя ф-кі. У 1897 у Р. 5016 ж., 769 будынкаў, 5 дробных прадпрыемстваў, нар. вучылішча, у 1914—6815 ж., 26 прадпрыемстваў (341 рабочы), выраблялася ружанская кераміка. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Косаўскага пав. Палескага ваяв., 3622 ж. (1921). Дзейнічаў райком КПЗБ. З 1939 у складзе БССР, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Ружанскага раёна. У Вял.Айч. вайну з 23.6.1941 да 13.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Р. і раёне 5491 чал., дзейнічаў падп. антыфашысцкі к-т. З 1962 у Пружанскім р-не.
Працуюць мэблевая ф-ка, вытворча-харчовы з-д, вытворча-гандлёвы камбінат; сярэдняя і муз. школы, 2 дашкольныя дзіцячыя ўстановы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, касцёл. Брацкая магіла сав. воінаў і партызана; брацкая магіла сав. воінаў і Курган Славы (за 2 км ад Р. каля шашы на Ваўкавыск). Помнікі архітэктуры: Петрапаўлаўская царква і манастыр базыльян, Троіцкі касцёл, Палацавы комплекс, сінагога (2-я пал. 19 ст.).