РУЖАНЦО́Ў (Аляксандр) (псеўд. Ал. Ружанец-Ружанцаў; 12.8.1893, г. Вязьма Смаленскай вобл., Расія — 26.7.1966),
дзеяч бел. эміграцыі; у Вял. Айч. вайну супрацоўнічаў з ням. акупантамі. Вучыўся ў Маск. ун-це (1911—14), Аляксееўскай вайсковай школе (з 1914). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1918 у Чырв. Арміі. У 1919—20 камандаваў бел. батальёнам у літ. войску. Рэдагаваў бел. салдацкі час. «Варта Бацькаўшчыны». У 1921—24 консул урада БНР у Каўнасе. У 1921—40 дырэктар Цэнтр. вайсковай б-кі ў Каўнасе, адначасова ў 1928 кіраўнік спраў Бібліягр. ін-та Літвы. Займаўся укладаннем бібліяграфіі ВКЛ. Выдаў каталог Цэнтр. вайсковай б-кі на 1000 старонак. У час 2-й сусв. вайны знаходзіўся ў Вільні, уваходзіў у Бел. нац. к-т. У 1944—45 разам з К.Езавітавым працаваў у Берліне ў штабе «беларускага вызваленчага войска». Пераклаў з бел. мовы на літоўскую кнігі «Бяздоннае багацце» В.Ластоўскага, «Францішак Скарына» Ю.Віцьбіча і інш. З 1949 у ЗША. Для Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку напісаў успаміны пра грамадскую працу і культ. жыццё беларусаў у Каўнасе.
С.Б.Сачанка.
т. 13, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)