РАШЭ́ТНІКАЎ (Фёдар Міхайлавіч) (17.9.1841, г. Екацярынбург, Расія — 21.3.1871),
рускі пісьменнік. Скончыў Пермскае павятовае вучылішча (1859). З 1863 у Пецярбургу. Друкаваўся з 1861. Бядотнае становішча парэформеннай вёскі адлюстраваў у аповесці «Падліпаўцы» (1864), умовы жыцця і працы уральскіх рабочых — у раманах «Горнарабочыя» (1866), «Глумавы» (1866—67), «Дзе лепш?» (1868). Тэме жаночай эмансіпацыі прысвяціў раман «Свой хлеб» (1870). У 1867—70 жыў у Брэсце. Тут напісаў камедыю «Прагрэс у павятовым горадзе» (1868, выд. 1871), у якой выкарыстаў мясц. назіранні, нарысы «Ад Брэст-Літоўска да Пецярбурга (дарожныя ўражанні)», «На захадзе (апавяданне доктара)», «Кірмаш у яўрэйскім горадзе», «Будні і святы Янкеля Дворкіна і яго сям’і» і інш. пра жыццё і побыт насельніцтва Беларусі. У рукапісным накідзе «Вяшчальнік» намаляваў адмоўны вобраз царскага чыноўніка на Беларусі. Пра знаходжанне ў Брэсце, пра норавы гараджан і знаёмых пісаў у дзённіку.
Тв.:
Полн. собр. соч.Т. 1—6. Свердловск, 1936—48;
Избр. произв.Т. 1—2. М., 1956.
Літ.:
Филиппова К. Между людьми: Повесть о писателе Ф М.Решетникове. Свердловск, 1952;
Кліманскі С.У. Рашэтнікаў на Беларусі // Даследаванні па літаратуры і мове. Гродна, 1967.
РАШЭ́ТНІКАЎ (Фёдар Паўлавіч) (28.7.1906. с. Сурска-Літоўскае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 13.12.1988),
расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак СССР (1974). Правадз.чл.АМСССР (1953). Вучыўся ў Ін-це выяўл. мастацтваў у Маскве (1929—34). У 1937—38 супрацоўнічаў з час. «Крокодил». Выкладаў у маскоўскіх маст. (1953—57) і пед. (1956—62) ін-тах. У 1974—87 віцэ-прэзідэнт АМСССР. Аўтар жанравых карцін «Прыбыў на канікулы» (1948), «Зноў двойка» (1952), твораў на гіст., батальныя, публіцыстычныя тэмы «За мір!» (1950), «В’етнамская маці» (1968), «Апалон—Саюз» (1982), партрэтаў «Першыя героі Савецкага Саюза» (1976), «А.В.Ляпідзеўскі» (1979), трыпціха «Таямніцы абстракцыянізму» (1960), ілюстрацый да кніг. Майстар востравыразных графічных і скульпт. шаржаў. Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.