РАЧО́Ў (Анатоль Аляксандравіч) (18.8.1916, чыг. ст. Фалёнкі Кіраўскай вобл., Расія — 22.11.1999),
бел. флейтыст. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1950). У 1937—43 артыст аркестра Свярдлоўскага т-ра оперы і балета, у 1944—72 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы імя Глінкі, з 1970 у муз. школах Мінска; вёў канцэртную дзейнасць.
т. 13, с. 385
РАЧУ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА У Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Рачуны. Створана ў 1958 на р. Ашмянка для энергет. мэт (Рачунская ГЭС, працавала да 1977). Пл. 1,5 км², даўж. 6,9 км, найб. шыр. 800 м, найб. глыб. 4,4 м, даўж. берагавой лініі 13,8 км, аб’ём вады 2,3 млн. м³. Катлавіна Р.в. складаецца з двух заліваў. Берагі пераважна высокія. У паўд. ч. вадасховішча востраў пл. каля 0,1 км². Зарастае. Ваганні ўзроўню нязначныя. Выкарыстоўваецца для рыбагадоўлі і адпачынку.
т. 13, с. 385
РАЧЫ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС, Пазнанскі спіс,
помнік бел.-літ. летапісання, спіс 2-га агульнадзярж. бел.-літ. летапіснага зводу 3-й, поўнай рэдакцыі (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Захаваўся ў рукапісе канца 16 ст. Змест летапісу — паліт. гісторыя ВКЛ ад легендарных часоў да 1548, дапоўненая запісамі па гісторыі Беларусі і Польшчы сярэдзіны 15—1-й пал. 16 ст. Сярод арыгінальных запісаў зместам і літ. вартасцямі вылучаецца «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл». У Р.л. аб’яднаны «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвала Вітаўту», а таксама шэраг гіст. апавяданняў і летапісных звестак пра падзеі 14—1-й пал. 16 ст. Адкрыты ў 1846 В.Бадзянскім. Зберагаецца ў б-цы Рачынскага ў Познані (Польшча).
Публ.: Полное собрание русских летописей. Т. 17. СПб., 1907; Т. 35. М., 1980.
В.А.Чамярыцкі.
т. 13, с. 385
РА́ЧЫЧ ((Račić) Іосіп) (22.3.1885, Хорваці каля г. Заграб, Харватыя — 20.6.1908),
харвацкі жывапісец; адзін з заснавальнікаў харвацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў Мюнхене ў школе А.Ажбе і АМ (1905—08). Аўтар партрэтаў і жанравых кампазіцый, якія вызначаюцца інтымнасцю вобразаў, драм. выразнасцю абагульненай манеры пісьма, стрыманай, размытай, багатай тонавымі пераходамі колеравай гамай: аўтапартрэт, «Дама ў чорным», «Партрэт старога» (абодва 1907), «Маці і дзіця», «Дзяўчынка перад люстэркам» (1908) і інш.
т. 13, с. 385
РАЧЭ́НЬ вёска ў Любанскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Любань—Старобін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПдЗ ад г. Любань, 167 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Урэчча. 780 ж., 289 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 385