РАВЕ́НСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (17.12.1886, в. Капланцы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 3.3.1953),
бел. кампазітар. Вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу (1913—15), скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1930). Працаваў рэгентам і настаўнікам спеваў у г. Навагрудак (Гродзенская вобл.). З 1919 у Мінску, кіраўнік хору пры Бел. рабочым клубе, хормайстар гар. т-ра. З 1930 выкладаў у муз. тэхнікуме, Бел. кансерваторыі. У Вял. Айч. вайну рэгент царк. хору ў г. Чэрвень Мінскай вобл. З 1944 у Германіі, з 1950 у Бельгіі, у Лювенскім ун-це стварыў студэнцкі ансамбль бел. музыкі. Аўтар апрацовак бел. нар. песень і песень на вершы М.Багдановіча («Слуцкія ткачыхі» і інш.), Я.Купалы, Я.Коласа («Мой родны кут», «Край наш бедны» і інш.), К.Буйло (гіст. сюіта «Курган» паводле аднайм. верша), Ц.Гартнага, З.Бядулі, якія часткова ўвайшлі ў яго «Зборнік песень з нотамі» (1922), бел. оперы «Браніслава» (лібрэта У.Дубоўкі; не завершана), бел. аперэты «Залёты» (паводле В.Дуніна-Марцінкевіча), музыкі на тэксты царкоўных малітваў, у т. л. «Магутны Божа» (на словы Н.Арсенневай). Падрыхтаваў працу «Характэрныя рысы беларускай народнай песні» (засталася ў рукапісе).
Тв.:
Жыцьцяпіс // Спадчына. 2000. №4.
Літ.:
Дубоўка У. Беларускі кампазітар Мікола Равенскі // Узвышша. 1928. №3;
Адамовіч А. Лірнік краіны ветлай: (З успамінаў пра Міколу Равенскага) // Бел. моладзь. 1961. №12;
1962. №13,16;
1963. №17;
Мдзівані Т.Г., Сергіенка Р.І. Кампазітары Беларусі. Мн., 1997;
Скорабагатаў В.В. Зайгралі спадчынныя куранты. Мн., 1998;
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Мюнхен, 1999.
М.І.Аўсяная.
т. 13, с. 192
РАВЕ́НСКІХ (Барыс Іванавіч) (27.6.1914, Масква — 10.1.1980),
расійскі рэжысёр. Нар. арт. СССР (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1935). З 1935 у т-ры У.Меерхольда, з 1940 у Маскоўскім маст. акад. т-ры, з 1941 рэжысёр Драм. студыі (пазней Маскоўскі драм. т-р імя К.Станіслаўскага), з 1951 — Малога т-ра, з 1960 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра А.Пушкіна, у 1970—80 рэжысёр, гал. рэжысёр Малога т-ра. Творчасць адметная публіцыстычнасцю, псіхал. вастрынёй распрацаваных характараў, выразнай формай, эмацыянальнасцю. У сваіх пастаноўках удала выкарыстоўваў музыку, пластычную выразнасць для раскрыцця філас. зместу твора: «З каханнем не жартуюць» П.Кальдэрона (1949), «Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава (1950), «Шакалы» А.Якабсана (1953), «Улада цемры» Л.Талстога (1956), «Чаму ўсміхаліся зоркі» А.Карнейчука, «Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.Мдывані (1961), «Раманьёла» Л.Скуарцыны (1963), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (1964), «Драматычная песня» (кампазіцыя Р. і Анчарава паводле рамана М.Астроўскага «Як гартавалася сталь», 1971), «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога (1973). Дзярж. прэміі СССР 1951, 1972. Дзярж. прэмія Расіі 1967.
Р.І.Баравік.
т. 13, с. 192
РА́ВІ,
рака ў Індыі і Пакістане, левы прыток р. Чынаб (бас. р. Інд). Даўж. 725 км. Вытокі ў паўд.-ўсх. адгор’ях хр. Пір-Панджал. У вярхоўях цячэ ў глыбокай даліне, потым прарываецца цераз хр. Дхааладхар і да вусця цячэ па Пенджабе. Паводкі ў час летніх мусонных дажджоў. Выкарыстоўваецца для арашэння. Ад Р. адыходзяць шматлікія ірыгацыйныя каналы, сцёк зарэгуляваны плацінамі. На Р. — г. Лахор (Пакістан).
т. 13, с. 192
РАВІ́НСКАЯ (Ніна Антонаўна) (н. 31.12.1925, Мінск),
бел. артыстка аперэты (сапрана). Засл. арт. Расіі (1958). Засл. арт. Беларусі (2001). Скончыла Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1970). З 1946 працавала ў т-рах муз. камедыі ў Расіі. У 1949—51 салістка Бел. дзярж. эстрады, з 1968 Магілёўскага абл. т-ра муз. камедыі. З 1970 у Бел. дзярж. муз. т-ры. Шырокі творчы дыяпазон Р. дазваляе ёй ствараць рознахарактарныя каларытныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Альжбета, Агата («Паўлінка» Ю.Семянякі), Мальвіна, Паліна («Несцерка», «Судны час» Р.Суруса), Васіліса («Дзяніс Давыдаў» А.Мдывані), Соф’я («Вяселле ў Малінаўцы» Б.Аляксандрава), Марфа («Бабскі бунт» Я.Пцічкіна), Атаманша («Трубадур і яго сябры» Г.Гладкова), Анжэла («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), міс Петынгтан («Мая жонка — ілгуння!» У.Ільіна, У.Лукашова), Беліса («Хітрамудрая закаханая» А.Рабава), графіня Ілона, Праскоўя («Цыганскае каханне», «Вясёлая ўдава» Ф.Легара), Ангільда, Адэта, княгіня Бажэна («Сільва», «Баядэра», «Марыца» І.Кальмана) і інш.
А.Я.Ракава.
т. 13, с. 192
РАВІ́НСКІ (Антон Фёдаравіч) (н. 13.3.1952, в. Краглі Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1997), праф. (1999). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1972). З 1977 у Брэсцкім ун-це (з 1991 заг. кафедры). Навук. працы па квантавай тэорыі фазавых ператварэнняў у сістэмах паўправаднік — метал і праваднік — звышправаднік. Распрацаваў методыку разліку на ЭВМ электронных энергетычных спектраў, параметраў электрон-фаноннага ўзаемадзеяння, тэрмадынамічных функцый паўправаднікоў і звышправаднікоў.
Тв.:
О корреляции между температурными зависимостями ширины запрещенной зоны и энтальпии полупроводниковых кристаллов // Физика и техника полупроводников. 1998. Т. 32, №9;
Квантовая теория динамики кристаллической решетки. Брест, 1998.
т. 13, с. 192
РАВІ́НСКІ (Вікенцій Паўлавіч) (1786, Духаўшчынскі р-н Смаленскай вобл. Расія — 1855),
паэт і драматург, найб. верагодны аўтар бел. паэмы «Энеіда навыварат». Удзельнік войнаў з французамі 1805—07, 1812, паходу рус. арміі ў Зах. Еўропу. З 1816 у адстаўцы, палкоўнік. З 1826 на цывільнай службе ў Арэнбургскай губ., у Пензе, Кастраме. З 1833 на радзіме. Сістэматычнай адукацыі не атрымаў, але сам набыў разнастайныя веды: валодаў франц. і ням. мовамі, цікавіўся гісторыяй і л-рай. Поглядамі блізкі да дзекабрыстаў. «Энеіда навыварат» (захаваўся толькі пачатак) магла быць напісана ім у 1816—25 у вёсцы ці ў 1827—28, калі ён стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. Аўтар вершаванай камедыі «Шлюб паняволі», сатыры на аракчэеўскія парадкі «Вялікі муж субардынацыі», вершаў, у якіх высмейваў самадурства паноў і апісваў камічныя эпізоды з жыцця памешчыкаў, нататкаў па гісторыі. Тэксты іх (распаўсюджваліся ў рукапісах) не выяўлены.
Літ.:
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971;
Яго ж. Разыскивается классик... Мн., 1989;
Яго ж. Слядамі «Энеіды»;
З даследчыцкага дзённіка // Полымя. 1996. №10.
Г.В.Кісялёў.
т. 13, с. 192
РАВІ́НСКІ (Віктар Вікенцьевіч) (н. 7.7.1943, г. Баранавічы Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне выліч. тэхнікі. Д-р тэхн. н. (1996). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у БДУ. З 1979 у НДІ прыкладных фіз. праблем БДУ (з 1980 заг. лабараторыі). Навук. працы па стварэнні высоканадзейных хуткадзейных спецыялізаваных, сістэм на базе нетрадыцыйных метадаў выканання арыфм. аперацый і сучасных канцэпцый пабудовы высокапрадукцыйных выліч. сродкаў. Дзярж. прэмія СССР 1991.
Тв.:
Системы технического зрения: (принципиальные основы, аппаратное и мат. обеспечение). Л., 1988 (у сааўт.);
Градиентнорелаксационная технология формирования поля направлений для дактилоскопических изображений (у сааўт.) // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. фіз.-мат. навук. 2000. №1.
т. 13, с. 192
РАВІ́НСКІ (Платон Фёдаравіч) (23.11.1892, в. Краглі Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 29.6.1933),
партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў Камуніст. ун-т у Маскве (1930). З 1909 у ЗША. З 1917 у Бабруйску. З 1918 сакратар Бабруйскага пав. к-та РКП(б), чл. Краявога к-та камуніст. арг-цый Беларусі і Літвы, з 1919 чл. Мінскага губ. ВРК, заг. аддзела рэўкома штаба 16-й арміі Зах. фронту. З 1920 старшыня Барысаўскага пав. рэўкома, сакратар Бабруйскага пав. к-та КП(б)Б, з 1921 нач. меліярацыйнага аддзела Наркамзема БССР, з 1925 заг. Бабруйскага акр. зямельнага ўпраўлення. З 1930 заг. аргаддзела ЦКК—НК РСІ БССР, з 1933 1-ы нам. наркома земляробства БССР, сакратар Магілёўскага райкома КП(б)Б, з 1936 нач. упраўлення Наркамата мясц. прам-сці. Чл. ЦКК КП(б)Б і яе Прэзідыума (1930—34), чл. ЦК КП(б)Б (1934—37) чл. ЦВК БССР (1920—21, 1931—37). 9.8.1937 арыштаваны, 29.6.1938 Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.
Я.С.Фалей.
т. 13, с. 192
РАВІ́НЫ,
вёска ў Драгічынскім с/с Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 8 км на ПнУ ад горада і 15 км ад чыг. ст. Драгічын, 110 км ад Брэста. 486 ж., 201 двор (2001). Млын. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.
т. 13, с. 193
«РА́ВІЧ»,
прыватнаўласніцкі герб, якім карысталася больш за 250 родаў Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы, у т. л. Ажароўскія, Нямцэвічы, Прушынскія, Ромеры, Саламярэцкія. У залатым полі чорны мядзведзь, на ім сядзіць жаночая постаць у чырв. сукенцы з распушчанымі валасамі ў залатой кароне. Клейнод — над прылбіцай з каронай паміж аленевымі рагамі палова чорнага мядзведзя з чырв. ружай у лапе. Вядомы з пач. 14 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.
В.С.Пазднякоў.
т. 13, с. 193