Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕ́ПЕР,

адзінка лагарыфмічнай адноснай велічыні, што служыць для вымярэння рознасці ўзроўняў аднайменных фіз. велічынь. Наз. ў гонар Дж.Непера. Абазначаецца Нп.

Для сілавых велічынь F (эл. напружанне, сіла току, ціск і інш.) 1 Нп = ln(F2/F1) пры F2/F1 = e, для энергет. велічынь P (магутнасць, энергія і інш.) 1 Нп ≈ 0,5ln(P2/P1) пры P2/P1 = e, дзе e — аснова натуральных лагарыфмаў (Непераў лік). Н. звязаны з белам суадносінамі: 1 Нп ≈ 0,8686 Б = 8,686 дБ (для сілавых велічынь) і 1 Нп ≈ 0,4343 Б = 4,343 дБ (для энергет. велічынь).

А.І.Болсун.

т. 11, с. 288

«НЕПЕРАМО́ЖНАЯ АРМА́ДА»

(ісп. «La Armada invencible»),

буйны ваен. флот, створаны Іспаніяй у 1586—88 для заваявання Англіі ў час англа-ісп. вайны 1587—1604. Складалася з высакабортных цяжкакіроўных караблёў, прызначаных пераважна для абардажнага бою (128 караблёў з 2,4 тыс. гармат, больш за 8 тыс. матросаў і 19 тыс. салдат). «Н.а.» пад камандаваннем герцага А.П.Медыны-Сідоніі 30.5.1588 выйшла з Лісабона, але з-за шторму затрымалася ў Ла-Каруньі да 22 ліпеня. Меншыя, але больш манеўраныя англ. караблі з моцнай артылерыяй (197 караблёў з 6,5 тыс. гармат, 12 тыс. матросаў і 4 тыс. салдат) пад камандаваннем Ч.Хоўарда і Ф.Дрэйка 31 ліп. — 8 жн. ў Ла-Маншы неаднаразова атакавалі «Н.а.» і нанеслі ёй значныя страты (патапілі каля 20 караблёў). Не дасягнуўшы мэты, ісп. флот рушыў вакол Брыт. а-воў назад у Іспанію, але каля Аркнейскіх а-воў і берагоў Ірландыі ў выніку шторму каля 40 караблёў патанулі, і ў вер. 1588 у Сантандэр вярнуліся толькі 65 караблёў з 9—10 тыс. чал. Гібель «Н.а.» падарвала марскую магутнасць Іспаніі.

Літ.:

Стенюи Р. Сокровища Непобедимой Армады: Пер. с фр. М., 1979.

т. 11, с. 288

НЕПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ у матэматыцы,

адно з важнейшых паняццяў, якое існуе ў 2 асн. канцэпцыях — Н. мноства (гл. Кантынуум) i Н. адлюстравання.

Н. адлюстравання — абагульненне паняцця сапраўднай неперарыўнай функцыі на адвольныя адлюстраванні: адназначнае адлюстраванне y = 𝑓(x) некаторага мноства X элементаў x на мноства Y элементаў y наз. неперарыўным. калі са збежнасці паслядоўнасці x1, x2, ..., xn, ... элементаў мноства X да x вынікае збежнасць іх вобразаў 𝑓(x1), 𝑓(x2), …, 𝑓(xn), ... да вобраза 𝑓(x) лімітавага элемента x. Такім чынам, Н. адлюстравання аднаго мноства на другое залежыць ад таго, як у зададзеных мноствах вызначаны лімітавыя суадносіны. Мноства элементаў з пэўнымі лімітавымі суадносінамі паміж імі наз. тапалагічнай прасторай.

т. 11, с. 288

НЕПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ І ПЕРАРЫ́ЎНАСЦЬ,

філасофскія катэгорыі, якія характарызуюць стан і структуру прадмета ці з’явы, а таксама іх развіццё. Адлюстроўваюць супрацьлеглыя, але ўзаемазвязаныя ўласцівасці матэрыяльных аб’ектаў; утвараюць адзінае цэлае. Неперарыўнасць праяўляецца ў адноснай цэласнасці і стабільнасці розных сістэм, кожная з якіх складаецца з дыскрэтных (перарывістых) элементаў, у бясконцасці іх сувязей, паступовасці, павольным пераходзе з аднаго стану ў другі. Перарыўнасць азначае дыскрэтнасць пабудовы і стану аб’ектаў, іх існаванне ў часе і прасторы ў канкрэтных формах, відах і г.д.; яна падкрэслівае перарывы паступовасці, наяўнасць рэзкіх пераходаў з аднаго якаснага стану ў другі, скачкападобнасць змен. Адмаўленне неперарыўнасці прыводзіць да атаясамлівання змяненняў у прыродзе з бясконцай серыяй катастроф, а ў грамадскім развіцці — з рэвалюцыямі; ігнараванне перарыўнасці азначае, што прырода і грамадства знаходзяцца ў нейкім застойным стане, што не адпавядае рэчаіснасці. Дыялектычны падыход да разумення Н. і п. раскрывае сутнасць руху, яго супярэчлівасць; рух выступае ў якасці адзінства Н. і п., змяненняў стану і месцазнаходжання цела ў прасторы і часе. Супярэчнасці ў адносінах паміж Н. і п. разглядалі стараж.-грэч. філосафы Зянон Элейскі, Платон, Арыстоцель, якія ў форме апарый спрабавалі вырашыць пытанне аб супярэчлівасці руху. Навук. інтэрпрэтацыя Н. і п. адкрывае шлях да больш поўнага і адэкватнага адлюстравання спецыфічных уласцівасцей і адносін аб’ектаў навакольнага свету ў навук. гіпотэзах, канцэпцыях, тэорыях.

В.І.Боўш.

т. 11, с. 288

НЕПЕРАРЫ́ЎНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, якая набывае бясконца малыя прырашчэнні пры бясконца малых зменах аргумента. Маюць важныя ўласцівасці, выкарыстоўваюцца ў матэматыцы і яе дастасаваннях.

Дыферэнцавальная функцыя заўсёды неперарыўная (існуюць недыферэнцавальныя Н.ф.); інтэграл ад Н.ф. на адрэзку заўсёды існуе; для ўсякай функцыі, неперарыўнай на адрэзку, можна знайсці мнагасклад, значэнні якога адрозніваюцца на гэтым адрэзку ад значэнняў функцыі менш, чым на адвольна малы папярэдне зададзены лік (тэарэма Веерштраса). На такіх мнагаскладах грунтуецца набліжэнне функцый (гл. Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый). Сума, рознасць і здабытак Н.ф. даюць у выніку таксама Н.ф. Дзель дзвюх такіх функцый будзе таксама Н.ф., акрамя пунктаў, дзе назоўнік дробу роўны нулю. Паняццю Н.ф. проціпастаўляецца паняцце разрыўнай функцыі. Адна і тая ж функцыя можа быць неперарыўнай пры адных значэннях аргумента і разрыўнай пры другіх. Напр., дробавая частка ліку x разрыўная пры цэлых значэннях аргумента і неперарыўная пры астатніх.

т. 11, с. 288

НЕПЕРАРЫ́ЎНЫ ДРОБ, ланцуговы дроб,

адзін з асн. спосабаў прадстаўлення лікаў і функцый. Выкарыстоўваецца ў тэорыі лікаў, матэм. аналізе, механіцы, тэорыі імавернасцей.

Н.д., які адлюстроўвае лік a, можна атрымаць, калі запісаць гэты лік у выглядзе a = a0 + 1/a1, дзе a0 — цэлы лік і 0 < 1/a1< 1, потым у такім жа выглядзе запісаць a1 і г.д. Гэты працэс прыводзіць да канечнага дробу, калі a — рацыянальны лік, і да бясконцага ў выпадку ірацыянальнага ліку.

т. 11, с. 288

НЕПЕРАРЫ́ЎНЫ СПЕКТР,

тое, што суцэльны спектр.

т. 11, с. 289

НЕ́ПЕРАЎ ЛІК, лік e,

ліміт, да якога імкнецца выраз (1 + ​1/n)​n пры неабмежаваным узрастанні n; аснова натуральных лагарыфмаў. Н.л. e = lim(1 + ​1/n)​n = 2,718281828459045... з’яўляецца трансцэндэнтным лікам, што даказана франц. матэматыкам Ш.Эрмітам (1873). Сувязь назвы Н.л. з імем Дж.Непера малаабгрунтаваная.

т. 11, с. 289

НЕПЛАЦЕЖАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

страта фірмай або дзяржавай здольнасці своечасова і поўнасцю выконваць свае фін. абавязацельствы, абумоўленая іх валютна-фін. становішчам, адсутнасцю свабодных сродкаў, дэфіцытнасцю бюджэту і плацежнага балансу. Гл. таксама Банкруцтва.

т. 11, с. 289

НЕПРАДУКЦЫ́ЙНАЯ ПРА́ЦА,

грамадска карысная праца, пераважна ў невытворчай сферы, не звязаная з вытворчасцю матэрыяльных даброт.

т. 11, с. 289