Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕМАТО́ДНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н, фітагельмінтозы,

інфекцыйныя хваробы вышэйшых раслін, што выклікаюцца фітагельмінтамі; група нематадозаў. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнікі пранікаюць у расліны праз карані, перадаюцца з часцінкамі глебы, адмерлымі ч. хворых раслін, заражаюць пасадачны і пасяўны матэрыял. Прыкметы: недаразвіццё і дэфармацыя органаў, завяданне раслін, некрозы, хларозы раслін, усыханне верхавін, утварэнне галаў і язваў на каранях, карэнішчах, клубнях, разрыхленне тканак клубняў, цыбулін і інш. Запавольваюць рост, развіццё раслін, выспяванне, садзейнічаюць развіццю інш. хвароб, могуць прыводзіць да гібелі раслін. На Беларусі найб. пашыраны глабадэроз бульбы (выклікаецца залацістай бульбяной нематодай, праяўляецца ачагамі; на каранях бачны жаўтаватыя самкі, якія пазней ператвараюцца ў карычневыя цысты з яйцамі; каранцінная хвароба), дытыленхоз бульбы (выклікаецца сцябловай нематодай бульбы; на клубнях утвараюцца свінцова-шэрыя некратычныя плямы, якія паступова цямнеюць і набываюць метал. бляск, тканкі клубняў парахнеюць; найб. шкодны ў час захоўвання), гетэрадэроз буракоў (гл. Бураковая нематода) і збожжавых злакаў (выклікаецца аўсянай нематодай; кончыкі лістоў чырванеюць, потым жаўцеюць), мелайдагіноз агароднінных культур (выклікаецца паўд. галавай нематодай, мае ачаговы характар, найб. небяспечны ў ахаваным грунце).

Літ.:

Кирьянова Е.С., Кралль Э.Л. Паразитические нематоды растений и меры борьбы с ними. Т. 1—2. Л., 1969—71;

Деккер Х. Нематоды растений и борьба с ними: Пер. с нем. М., 1972.

І.М.Ананьева.

Нематодныя хваробы раслін: 1 — глабадэроз бульбы (а — пашкоджаная расліна, б — корань з самкамі-цыстамі); 2 — мелайдагіноз памідора (карані з галамі); 3 — дытыленхоз бульбы; 4 — дытыленхоз цыбулі.

т. 11, с. 282

НЕМАТО́ДЫ,

гл. Круглыя чэрві.

т. 11, с. 282

НЕМАТЫЦЫ́ДЫ [ад нематоды + ...цыд(ы)],

хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для знішчэння круглых чарвей — паразітаў раслін; клас пестыцыдаў. Н. сістэмнага дзеяння (паглынаюцца раслінай і пашыраюцца па яе тканках) трапляюць у арганізм чарвей з кормам, Н. кантактнага дзеяння (выкарыстоўваюцца звычайна супраць сцябловых і лісцевых нематод пры апырскванні раслін) і Н.-фуміганты (супраць каранёвых нематод пры ўнясенні ў глебу, папярэдняй апрацоўцы пасяўнога ці каранёў пасадачнага матэрыялу — праз покрывы цела чарвяка. Некат. Н. (напр., гетэрафос, карбафуран) дзейнічаюць і як пестыцыды інш. класаў. На Беларусі дазволены для выкарыстання прэпараты Н. (1998): базаміт-гранулят (дазамет), відат (аксаміл), гетэрафос, каўнтэр (тэрбуфос), фурадан (карбафуран). Гл. таксама Антыгельмінтыкі.

т. 11, с. 282

НЕМЕ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

спаборніцтвы, якія адбываліся ў Стараж. Грэцыі ў Немейскай даліне (у Аргалідзе, Пелапанес) каля храма Зеўса. Паводле падання засн. Адрастам, які ўзначаліў паход семярых супраць г. Фівы, ці Гераклам. Вядомы з 573 да н.э. Праходзілі адзін раз у 2 гады ў маладзік чэрвеня. У праграму гульняў уваходзілі спарт. і муз. спаборніцтвы. Арганізатарамі Н.г. былі жыхары г. Клеон, з 460 да н.э.г. Аргас. Пераможцы ўзнагароджваліся вянкамі з аліўкавых галін, пазней — з сельдэрэю. Н.г. спыніліся ў 4 ст. н.э. пасля ўсталявання хрысціянства.

т. 11, с. 282

Немен Чэслаў

т. 18, кн. 1, с. 434

НЕМЕРТЫ́НЫ (Nemertini),

тып беспазваночных жывёл. 1 клас, больш за 110 родаў, каля 1000 відаў. Пераважна марскія жывёлы, каля 30 відаў — прэснаводныя; жывуць на паверхні грунту, часам закопваюцца ў яго, некат. плаваюць. Каля 10 відаў жывуць на сушы (у глебе).

Даўж. ад 0,5 мм да 30 м, шыр. да 9 мм (у большасці даўж. да 20 см, шыр. 1—5 мм). Цела двухбакова-сіметрычнае, несегментаванае, зрэдку ніткападобнае; укрыта раснічным эпітэліем з мноствам слізістых залоз. Афарбоўка разнастайная, часам стракатая. На галаўным канцы хабаток з ротавай адтулінай — орган нападу і абароны. Поласць цела запоўнена асн. тканкай. Крывяносная сістэма замкнёная, стрававальная — у выглядзе прамой трубкі з вырастамі. 2—4 пары вачэй, ёсць органы дотыку, хім. пачуцця. Дыхаюць паверхняй цела. Пераважна драпежнікі; некат. віды — паразіты і сімбіёнты малюскаў, крабаў і марскіх зорак. Раздзельнаполыя, развіццё прамое або з метамарфозам (лічынка—пілідый). Здольныя да рэгенерацыі.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.

А.М.Петрыкаў.

Немертыны: 1 — нектанямертас; 2 — малакабдэла; 3 — эўнямертас; 4 — тубулянус.

т. 11, с. 282

НЕМЕСІ́ДА, Немезіда,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі багіня адплаты, якая назірае за справядлівым размеркаваннем матэрыяльных даброт паміж людзьмі, вызначае лёс людзей і карае іх за парушэнне юрыд. і маральных норм. Культ Н. быў пашыраны і ў Стараж. Рыме. Ант. скульптары і мастакі звычайна паказвалі Н. ў выглядзе жанчыны з атрыбутамі кантролю (шалі, аброць), пакарання (меч, бізун або жэзл жазло*) і хуткасці (крылы, калясніца, запрэжаная грыфонамі). Другое імя Н. — Адрастэя. У пераносным сэнсе Н. — лёс, непазбежная адплата.

т. 11, с. 282

НЕМЕТАЛІ́ЧНЫЯ КАРЫ́СНЫЯ ВЫ́КАПНІ, нярудныя карысныя выкапні,

група горных парод і мінералаў, якія пераважна не з’яўляюцца рудамі металаў і гаручымі карыснымі выкапнямі. Выкарыстоўваюцца непасрэдна як прыродны мінер. агрэгат (напр., буд. і сілікатныя пяскі) ці ў перапрацаваным выглядзе (паўгідраты, цэмент, кандыцыйны жвір і інш.), для здабычы мінералаў (алмазаў, глаўканіту, каалінігу і інш.) і хім. злучэнняў, што выдаляюць з пароды (калійныя і кухонная солі). Вядома больш за 90 горных парод і больш за 60 мінералаў. Мінер. састаў Н.к.в. — сілікаты, аксіды, галоіды, карбанаты, сульфаты, фасфаты, нітраты, бараты, фтарыды і самародныя элементы (вуглярод, сера), а таксама складаныя арган. рэчывы (напр., бурштын). Якасць сыравіны ацэньваецца паводле фіз.-хім. уласцівасцей, мінер. саставу, асаблівасцей перапрацоўкі і інш. Радовішчы Н.к.в. прымеркаваны пераважна да асадкавых парод, радзей да вывергнутых і метамарфічных. На Беларусі Н.к.в. трапляюцца ў пародах крышт. фундамента (буд. і абліцованы камень на выступах і каалін у корах выветрывання) і платформавага чахла. Багатыя Н.к.в. адклады верхнедэвонскія ў Прыпяцкім прагіне (калійныя і каменныя солі, гіпсы) і на ПнУ рэгіёна (даламіт), ніжнекарбонавыя ў Прыпяцкім прагіне (даўсаніт), верхнемелавыя (мел, мергель, фасфарыты) на З і У, палеагенавыя (глаўканіт, бурштын і інш.) на Пд і З, неагенавыя (монтмарыланітавыя гліны і кварцавыя пяскі) на Пд рэспублікі, антрапагенавыя Беларускай грады (пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі і інш.) і Беларускага Паазер’я (стужачныя гідраслюдзістыя гліны, жвір; пяскі), у т.л. галацэнавыя (балотныя руды, лугавыя мергелі, сапрапель). Здабыча Н.К.В. вядзецца пераважна ў механізаваных кар’ерах, радзей шахтавым спосабам (калійныя солі) і вышчалочваннем у свідравінах (кухонная соль).

Паводле горна-прамысл. класіфікацыі Н.К.В. адрозніваюць горна-хім. і горна-тэхн. сыравіну, буд. матэрыялы, новыя і малыя віды неметал. выкапняў. Горна-хімічная сыравіна: фасфарыты (радовішчы Лабковіцкае і Мсціслаўскае); калійныя солі (Старобінскае, Петрыкаўскае), кухонная соль (Мазырскае, Старобінскае, Давыдаўскае); даўсаніт — содавая сыравіна (праяўленні); даламіт (радовішча Руба і шэраг праяўленняў з запасамі больш за 6,7 млрд. т). Горна-тэхнічная сыравіна: каалін (радовішча Скрыпіцкае і інш. з запасамі больш за 30 млн. т); тугаплаўкія гліны (Гарадок, Гарадная, Глінка, Столінскія хутары і інш. з запасамі да 60 млн. т); бентаніт (радовішча Астражанскае з запасамі 12,3 млн. т у Лельчыцкім р-не Гомельскай вобл.); кварцавыя пяскі (Гарадная, Чэцверня і інш. з запасамі больш за 100 млн. т); трэпел (Стальное і інш. з запасамі больш за 180 млн. т); гіпс (праяўленні з вял. рэсурсамі); мергель і мел (Камунарскае, Калядзіцкае, Каменкаўскае, Пагараны, Туры, Сожскае, Хаціслаўскае і інш. з запасамі 1,4 млрд. т); лугавыя мергелі (больш за 300 дробных радовішчаў і праяўленняў з запасамі каля 200 млн. м³). Будаўнічыя матэрыялы: буд. камень — дыярыт, гранадыярыт, граніт (радовішчы Глушкавіцкае, Мікашэвіцкае, Сітніцкае з запасамі больш за 1 млрд. м³); абліцовачны камень (радовішча Кар’ер Надзеі); пясчана-жвіровыя сумесі (больш за 120 радовішчаў з запасамі больш за 1 млрд. м³); пяскі буд. і сілікатныя (больш за 100 радовішчаў з запасамі больш за 800 млн. м³); гліны для грубай керамікі, цэменту і лёгкіх запаўняльнікаў (больш за 240 радовішчаў, запасы да 700 млн. м³); прыродныя пігменты (фарбы мінер.): вохра і вохрыстыя гліны (радовішча Ляхава Гара з запасамі больш за 140 тыс. т у Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.), балотныя жалезныя руды (каля 150 праяўленняў), глаўканіт (праяўленні з вял. рэсурсамі). Новыя і малыя віды неметалічных выкапняў: цэалітаносныя (мінералы гейландыт, клінаптылаліт) гліны, палыгарскітавыя гліны, гранатавыя пяскі, крэмень, бурштын, ледавіковыя валуны, вівіяніт (праяўленні). Гл. таксама Карысныя выкапні, Мінеральныя будаўнічыя матэрыялы, Мінеральная сыравіна і арт. пра адпаведныя радовішчы.

Я.А.Ільін.

т. 11, с. 282

НЕМЕТА́ЛЫ,

простыя рэчывы, што не маюць характэрных для металаў уласцівасцей. Для Н. характэрна кавалентная сувязь, нізкія цепла- і электраправоднасць. Многія з іх у звычайных умовах газападобныя. Да Н. адносяцца: вадарод, бор, вуглярод, крэмній, азот, фосфар, мыш’як, кісларод, сера, селен, тэлур, галагены і інертныя газы.

т. 11, с. 283

НЕ́МЕЦ ((Nĕmec) Богуміл) (12.3.1873, Прасек, паблізу г. Нові-Біджаў, Чэхія — 7.4.1966),

чэшскі батанік, адзін з заснавальнікаў эксперым. цыталогіі раслін. Акад. Чэшскай АН (1918). Ганаровы член с.-г. АН у Стакгольме. Скончыў Пражскі ун-т (1895), працаваў у ім. У 1901—38 дырэктар Ін-та анатоміі і фізіялогіі раслін Пражскага ун-та. Навук. працы па ўплыве розных фактараў на дзяленне клетак, поліплаідыі, трапізмах, фізіялогіі росту і апладненні ў раслін, міка- і фітапаталогіі, гісторыі батанікі.

т. 11, с. 283