Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ СЯЛЯ́НСКАЯ ПА́РТЫЯ (НСП; Niezależna Partia Chłopska, NPCh),

рэвалюцыйна-дэмакратычная сялянская партыя ў Польшчы ў 1924—27. Дзейнічала легальна. Склалася ў ліст. 1924 у выніку расколу партыі «Вызваленне», левае крыло якой на чале з дэпутатамі сейма С.Ваявудскім, А.Фідаркевічам, С.Баліным, Ф.Галавачом і інш. ўтварыла НСП. ЦК партыі ўзначальваў Фідаркевіч. Выступала за надзяленне сялян зямлёй без выкупу шляхам канфіскацыі яе ў памешчыкаў, нацыяналізацыю памешчыцкіх лясоў і водных багаццяў, бясплатнае навучанне дзяцей на роднай мове, паліт. свабоды, права на самавызначэнне нац. меншасцей і інш. У знешняй палітыцы выступала за добрасуседскія адносіны, у т.л. з СССР. Мэтай паліт. барацьбы лічыла стварэнне рабоча-сял. ўрада. 3 сак. 1925 арг-цыі НСП пачалі ўзнікаць у шэрагу паветаў Зах. Беларусі, а таксама — гурткі ў вёсцы. Праводзіла паліт. кампаніі разам з КПЗБ і БСРГ. Выдавала газеты «Walka wsi» («Барацьба вёскі»), «Walka ludu» («Барацьба народу»), «Walka pracy» («Барацьба працы»), «Niezależny chłop» («Незалежны селянін»), «Lemiesz» («Лямеш»), «Zagon» («Загон»), якія былі папулярнымі ў Зах. Беларусі. У 1925 НСП налічвала каля 1 тыс. членаў, у 1927 — больш за 20 тыс. У польскім сейме мела сваю фракцыю (7 чал.), якая супрацоўнічала з фракцыямі КПЗБ і БСРГ. У чэрв. 1925 гэтыя 3 фракцыі прапанавалі сейму праект зямельнай рэформы (не быў прыняты). Распушчана польскім урадам у сак. 1927. Дзеячы НСП ў 1928 стварылі Арганізацыю сялянскай лявіцы «Самапомач».

П.І.Зялінскі, І.П.Хаўратовіч.

т. 11, с. 270

НЕЗАЛЕ́ЖНЫ ПРАФСАЮ́З БЕЛАРУ́СІ, Беларускі незалежны прафсаюз гарнякоў,

хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і інш. работнікаў. Створаны 6.11.1991 на базе арг-цыі «Рабочы саюз» і стачкома г. Салігорска. Аб’ядноўвае больш за 10 тыс. чл. Складаецца з пярвічных і рэгіянальных арг-цый, кіруючы орган — Савет прадстаўнікоў. Арг-цыі Н.п.Б. існуюць ў Салігорску, Мінску, Наваполацку, Гродне, Мазыры, Слуцку і інш. Асн. мэты прафсаюза: павышэнне жыццёвага ўзроўню і сац. абароненасці чл. прафсаюза, абарона іх працоўных, сац.-эканам., грамадз., маёмасных і інш. правоў і законных інтарэсаў. Асн. задачы — прадстаўляць і адстойваць інтарэсы чл. прафсаюза ў органах дзярж. улады і кіравання, заключаць пагадненні і калект. дагаворы, ажыццяўляць нагляд і кантроль за выкананнем заканадаўства аб працы, дабівацца прывядзення законаў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасць з міжнар. нормамі права і інш. Выдае штотыднёвую газ. «Салідарнасць» (1991). З’яўляецца чл. Міжнар. федэрацыі прафсаюзаў работнікаў хім., горназдабыўной прам-сці, энергетыкі і рознарабочых (ІСЕМ), заснавальнікам Бел. кангрэса дэмакр. прафсаюзаў (БКДП).

М.В.Зімін.

т. 11, с. 271

НЕЗАМЕ́ННЫЯ АМІНАКІСЛО́ТЫ,

кіслоты, якія не сінтэзуюцца ў арганізме жывёл і чалавека або сінтэзуюцца ў недастатковай колькасці і павінны паступаць з ежай. Для чалавека неабходны 8 Н.а.: валін, ізалейцын, лейцын, лізін, метыянін, трыптафан, трэанін, фенілаланін. Астатнія амінакіслоты адносяць да заменных, але некат. ўмоўна. Напр., тыразін у арганізме ўтвараецца толькі з фенілаланіну, пры недахопе якога ў ежы можа стаць незаменным. Для розных жывёл набор Н.а. абумоўлены іх відам, узростам і інш. (напр., для белага пацука Н.а. — 10, для кураняці — 15). Адсутнасць або недахоп адной ці некалькіх Н.а. у ежы прыводзіць да адмоўнага балансу азоту ў арганізме, парушэння біясінтэзу бялкоў, развіцця, росту, паяўлення цяжкіх захворванняў, асабліва ў дзяцей (квашыаркор). У пэўныя перыяды (напр., лактацыя, цяжарнасць, некат. захворванні) патрэбнасць ў Н.а. павялічваецца.

С.С.Ермакова.

т. 11, с. 271

НЕЗАМЕ́ННЫЯ ПРЫРО́ДНЫЯ РЭСУ́РСЫ, незамяшчальныя прыродныя рэсурсы,

прыродныя рэсурсы, якія ніколі не могуць быць заменены іншымі. Да Н.п.р. адносяцца віды жывога, асяроддзеўтваральныя ўмовы існавання людзей (напр., кісларод паветра, чыстая прэсная вада) і інш. У адрозненне ад іх, заменныя прыродныя рэсурсы могуць быць заменены цяпер ці з навук.-тэхн. развіццём (напр., металы — пластмасай, мінер. паліва — гідраэнергіяй, ветравой, сонечнай, атамнай энергіяй).

т. 11, с. 271

НЕЗАМЕ́ННЫЯ ТЛУ́СТЫЯ КІСЛО́ТЫ,

ненасычаныя тлустыя к-ты, неабходныя для росту і развіцця млекакормячых. Да іх адносяцца лінолевая кіслата, ліналенавая кіслата, арахідонавая кіслата, а таксама некаторыя інш. ненасычаныя тлустыя к-ты агульнай ф-лы CH3(CH2)x(CH=CHCH2)y(CH2)zCOOH (дзе x = 1,4,5,7, y = 1-6, z = 0-7), што маюць ад 18 да 24 атамаў вугляроду ў малекуле і цыс-канфігурацыю. З’яўляюцца структурнымі кампанентамі гліцэрыдаў, а таксама фосфаліпідаў, якія ўваходзяць у састаў біял. мембран; удзельнічаюць у біясінтэзе простагландзінаў. Колькасць Н.т.к. канчаткова не вызначана.

Лінолевая і α-ліналенавая к-ты не сінтэзуюцца ў жывёльных арганізмах, трапляюць у арганізм з ежай (алей, жывёльны тлушч). Арахідонавая і інш. Н.т.к. з’яўляюцца метабалітамі лінолевай і α-ліналенавай кіслот (могуць сінтэзавацца ў арганізме). Недахоп Н.т.к. выклікае дэрматыт. Патрэбнасць чалавека ў Н.т.к. каля 10 г у суткі (у пераліку на лінолевую к-ту).

т. 11, с. 271

НЕ́ЗВАЛ ((Nezval) Віцезслаў) (26.5.1900, Біскаўпкі, Чэхія — 6.4.1958),

чэшскі пісьменнік. Нар. паэт Чэхаславакіі (1953). Вывучаў права і філасофію ў Брно і Празе (1919—22). Дэбютаваў кн. рамант.-сімвалісцкіх вершаў «Мост» (1922). У аналагічнай манеры напісаны вершы зб-каў «Пантаміма» (1924), «Маленькі сад руж» (1926), «Надпісы на магілах» (1927), паэмы «Дзівосны чараўнік» (1922), «Акрабат» (1927), «Эдысан» (1928). Супраць сац. і нац. прыгнёту скіраваны паэма «Сігнал часу» (1931), вершы зб-каў «Пяць пальцаў» (1932), «Зваротны білет» (1933), п’еса «Каханкі з кіёска» (1932). Сюррэаліст. ўплывы выявіліся ў кн. эсэ «Сучасныя паэтычныя кірункі» (1937), зб-ках сац. паэзіі «Прага з пальцамі дажджу» (1936), «Маці Надзея» (1938), «Пяць мінут за горадам» (1939). Антыфаш. пафас у сатыр. паэме «Прусакі» (1939), ліра-эпічнай хроніцы «Гістарычнае палатно» (1939). У зб-ках паэзіі «Вялікія куранты» (1949), «Спеў міру» (1950), «З роднага краю» (1951), «Крылы» (1952), «Васількі і гарады» (1955) гуманіст. матывы, высокая паэт. тэхніка спалучаюцца з рытарычнасцю і лозунгавасцю. Аўтар п’ес у вершах, кіна- і радыёсцэнарыяў і інш. Пераклаў асобныя творы А.Рэмбо, Г.Гейнэ, П.Элюара, А.Пушкіна і інш. На бел. мову зб. «Васількі і гарады» пераклаў Х.Жычка, паасобныя вершы — Л.Баршчэўскі, В.Вітка, А.Вялюгін, Жычка, П.Макаль, В.Матэвушаў, С.Панізнік, П.Прыходзька, С.Шушкевіч. Дзярж. прэміі Чэхаславакіі 1951, 1953.

Тв.:

Бел пер. — Васількі і гарады: Вершы і паэмы. Мн., 1986;

У кн.: Вокны ў сад. Мн., 1987;

Рус. пер. — Избранное. М., 1960;

Стихи. Поэмы. М., 1972.

Літ.:

Будагова Л.Н. Витезслав Незвал. М., 1967;

Шерлаимова С.А Витезслав Незвал. М., 1968.

Л.П.Баршчэўскі.

В.Незвал.

т. 11, с. 271

Незлін Міхаіл Веньямінавіч

т. 18, кн. 1, с. 434