Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЭН (Maine),

штат на Пн Атлантычнага ўзбярэжжа ЗША, у Новай Англіі, каля мяжы з Канадай. Пл. 86 тыс. км2. Нас. 1242 тыс. чал., у т.л. гарадскога каля 80% (1997). Адм. цэнтр — г. Агаста; найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Портленд. Б. ч. тэрыторыі занята адгор’ямі Апалачаў (выш. да 1606 м). Клімат умераны вільготны. Сярэдняя т-ра студз. на ўзбярэжжы каля 5 °C, ліп. 15—18 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год. Больш за 50% тэр. ўкрыта хвойнымі лясамі. Шмат азёр і парожыстых рэк. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 1,3 млн. га. Найб. развіта жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. М. займае 1-е месца ў ЗША па зборах бульбы. Агародніцтва і садоўніцтва. Вытв-сць электраэнергіі 3,2 млрд. кВт·гадз (1997). Лесанарыхтоўкі (хвоя, елка, піхта), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Здабыча пяску, жвіру, буд. каменю, торфу, цэм. сыравіны. Развіты суднабудаванне, гарбарна-абутковая, тэкст., швейная прам-сць, вытв-сць тэкст. і абутковых машын. Рыбалоўства і рыбакансервавая прам-сць, аквакультура. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 58

МЭ́НДЛІК,

у беларусаў спосаб сушкі снапоў жыта і пшаніцы на полі. Звычайна М. ставілі з 10 снапоў: да вертыкальна пастаўленага снапа пад нахілам прыстаўлялі 4 снапы, потым — яшчэ 4 у прамежкі, апошнім — дзесятым — накрывалі М. Сцёблы з калоссем гэтага снапа заломвалі каля перавясла, каб атрымалася «веер-шапка». Яна засцерагала астатнія снапы ад дажджу і мацавала М. У добрае надвор’е «шапку» здымалі, каб зерне ў снапах хутчэй прасохла. У некат. рэгіёнах М. называлі бабкамі.

Л.І.Мінько.

т. 11, с. 58

Мэнсфілд Пітэр

т. 18, кн. 1, с. 431

МЭР (франц. maire, англ. mayor ад лац. major большы, старшы),

вышэйшая службовая асоба ў муніцыпалітэтах ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і шэрагу інш. дзяржаў. У Расіі пасады М. ўведзены з 1991 у Маскве, Санкт-Пецярбургу і інш. гарадах. Выбіраецца муніцыпалітэтам, непасрэдна насельніцтвам, у некаторых краінах назначаецца або зацвярджаецца цэнтр. урадам.

т. 11, с. 58

МЭ́РДАК ((Murdoch) Айрыс) (15.7.1919, Дублін — 8.2.1999),

англійская пісьменніца. Скончыла Оксфардскі (1942) і Кембрыджскі (1948) ун-ты. У 1952—67 выкладала філасофію ў Оксфардскім ун-це і Каралеўскім каледжы мастацтваў у Лондане. Як пісьменніца фарміравалася пад уплывам філасофіі экзістэнцыялізму (кн. «Сартр — рамантычны рацыяналіст», 1953). Вядомасць прынёс першы раман «Пад сеткай» (1954). У раманах «Звон» (1958), «Адсечаная галава» (1961), «Дзікая ружа» (1962), «Чорны прынц» (1972), «Мора, мора» (1978), «Вучань філосафа» (1983) і інш. філас. і маральна-этычныя праблемы: свабоды і наканаванасці, жыцця і смерці, чалавека і яго веры. Звярталася і да гісторыка-паліт. тэматыкі (раман «Чырвонае і зялёнае», 1965). Аўтар філас.-эстэт. прац «Пра ўзвышанае і прыгожае» (1959), «Экзістэнцыялісты і містыкі: Нататкі пра раман новай утылітарнай эпохі» (1970), п’ес, інсцэніровак. Яе творы насычаны літ. рэмінісцэнцыямі, спалучаюць псіхалагізм, экспрэсіўнасць, драматызм падзей і характараў з «гатычнымі» элементамі, умоўнасцю, прытчавасцю.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—3. М., 1991;

Отсеченная голова: Романы. Мн., 1995.

Е.А.Лявонава.

т. 11, с. 58

МЭ́РЫЛЕНД (Maryland),

штат на Атлантычным узбярэжжы ЗША, па абодвух берагах Чэсапікскага заліва. Пл. 27,5 тыс. км2. Нас. 5094,3 тыс. чал., у т.л. больш за 85% гарадскога (1997). Адм. ц.г. Анапаліс, найб. горад, прамысл. цэнтр і порт — Балтымар. На У берагавая нізіна, у цэнтры плато Підмант (да 400 м), на З Апалачы (выш. да 1024 м). Клімат умераны, вільготны. Сярэдняя т-ра студз. 2—3 °C, ліп. 25—27 °C. Ападкаў больш за 1000 мм за год. На схілах Апалачаў захаваліся лісцевыя лясы. Найб. развіта прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (у т.л. аўтазборачнае і суднабудаванне), радыёэлектронная, эл.-тэхн., авіяракетная, хім., нафтахім., харч., паліграф., швейная; выраб металаканструкцый. Вытв-сць электраэнергіі 44,6 млрд. кВт·гадз (1997). Здабыча буд. каменю, цэм. сыравіны, пяску і жвіру. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, свіней. Птушкагадоўля. Агародніцтва. Цяплічныя гаспадаркі. Вырошчванне соі і кукурузы. Лесанарыхтоўкі. Рыбалоўства. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.

т. 11, с. 58

МЭ́РЫ БЭРД ЗЯМЛЯ́ (Marie Byrd Land),

частка тэр. Зах. Антарктыды, паміж шэльфавым ледавіком Роса на З і Зямлёй Элсуарта на У. Большая ч. тэрыторыі — паверхня ледавіковага плато, на якім пераважаюць вяршыні 1000—1500 м. Таўшчыня ледавіковага покрыва 1000—2000 м, у некаторых месцах дасягае 4000 м. Ложа ледавіка месцамі знаходзіцца ніжэй узр. м. на 500—1500 м. Трапляюцца месцы, дзе лёд запаўняе ўпадзіны, дно якіх знаходзіцца ніжэй узр. м. на 2000 м і больш. Каля ўзбярэжжа над ледавіковай паверхняй узвышаюцца нунатакі і горныя хрыбты (Эдсел-Форд, Хал-Флад, Эгзэк’ютыў-Каміты і інш.) выш. да 3000—4000 м. Найб. высокая вяршыня — г. Сідлі ў хр. Эгзек’ютыў-Каміты. Адкрыта амер. экспедыцыяй Р.Бэрда ў 1929. Названа ў імя жонкі нач. экспедыцыі. У 1957—72 дзейнічала навук. станцыя ЗША Бэрд.

т. 11, с. 58

МЭ́ТА,

актыўны, дзейнасны бок чалавечай свядомасці, прадугадванне ў ёй вынікаў, на дасягненне якіх накіраваны дзеянні. Як ідэальны ўнутрана-пабуджальны матыў М. накіроўвае і рэгулюе свядомую дзейнасць чалавека, надае ёй паслядоўнасць, сістэмнасць. М. можа стаць дзейнаснай, калі яна знаходзіцца ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі законамі, рэальнымі магчымасцямі асяроддзя, самога суб’екта і сродкамі, неабходнымі для яе рэалізацыі. М., сродкі і вынікі яе рэалізацыі ўзаемазвязаны, іх адносіны з’яўляюцца асаблівай формай прычынных адносін, характэрных для сферы асэнсаванай мэтанакіраванай дзейнасці (гл. Мэтазгоднасць). Адрозніваюць канкрэтную, абстрактную і фармальную М., а таксама прыватную, блізкую, непасрэдную, канчатковую (напр., Арыстоцель тлумачыў М. як канчатковую прычыну быцця). Тлумачэнне з’яў прыроды з дапамогай М. і мэтазгоднасці наз. тэлеалогіяй.

А.І.Галаўнёў.

т. 11, с. 59

МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,

адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.

А.Л.Галаўнёў.

т. 11, с. 59

МЭ́ХЭН ((Mahan) Альфрэд Таер) (27.9.1840, г. Уэст-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША — 1.12.1914),

амерыканскі ваен.марскі тэарэтык і гісторык. Контр-адмірал (1906). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ЗША (1859). Удзельнік грамадз. вайны 1861—65 на баку федэральных сіл (паўночнікаў). У 1886—89 і 1892—93 прэзідэнт ваен.-марскога каледжа ў г. Ньюпарт. З 1893 камандаваў крэйсерам, з 1896 у адстаўцы. У час ісп.-амер. вайны 1898 чл. Марскога к-та па стратэгіі. У 1899 член амер. дэлегацыі на 1-й Гаагскай канферэнцыі (гл. Гаагскія канвенцыі). У сваіх творах, у т.л. «Уплыў марской магутнасці на гісторыю, 1660—1783» (1890), «Марская моц у яе адносінах да вайны 1812» (т. 1—2, 1905), даказваў вырашальнае значэнне перавышаючай марской магутнасці ў сусв.-паліт. канфліктах новага часу, выказваўся за ўзмацненне марскіх узбраенняў ЗША і набыццё імі ваен.-марскіх баз. Тэорыя М. значна паўплывала на знешнюю палітыку і стратэгію ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Японіі.

т. 11, с. 59