Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МЭ́ТА,

актыўны, дзейнасны бок чалавечай свядомасці, прадугадванне ў ёй вынікаў, на дасягненне якіх накіраваны дзеянні. Як ідэальны ўнутрана-пабуджальны матыў М. накіроўвае і рэгулюе свядомую дзейнасць чалавека, надае ёй паслядоўнасць, сістэмнасць. М. можа стаць дзейнаснай, калі яна знаходзіцца ў адпаведнасці з аб’ектыўнымі законамі, рэальнымі магчымасцямі асяроддзя, самога суб’екта і сродкамі, неабходнымі для яе рэалізацыі. М., сродкі і вынікі яе рэалізацыі ўзаемазвязаны, іх адносіны з’яўляюцца асаблівай формай прычынных адносін, характэрных для сферы асэнсаванай мэтанакіраванай дзейнасці (гл. Мэтазгоднасць). Адрозніваюць канкрэтную, абстрактную і фармальную М., а таксама прыватную, блізкую, непасрэдную, канчатковую (напр., Арыстоцель тлумачыў М. як канчатковую прычыну быцця). Тлумачэнне з’яў прыроды з дапамогай М. і мэтазгоднасці наз. тэлеалогіяй.

А.І.Галаўнёў.

т. 11, с. 59

МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,

адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.

А.Л.Галаўнёў.

т. 11, с. 59